Снег! Смех! Старт! У Ляхавічах адзначылі Сусветны дзень снегу /фота/

Аляксандр, Наталля і Сонечка Татарыновічы

сталі трэцімі ў спаборніцтве сямейных каманд

Колькі радасці, смеху, бадзёрасці  шчодра насыпала і малым, і сталым сярэдзіна зімы, якая вырашыла на гэты раз не капрызнічаць і 14 студзеня, акурат у Сусветны дзень снегу, стварыла максімальны камфорт для аматараў лыжаў-канькоў-санак. Сапраўднае свята здароўя на ляхавіцкім стадыёне «Колас» стала красамоўным і выразным сведчаннем, як такой выдатнай магчымасцю скарысталіся землякі.

Па-першае, раённы фізкультурна-спартыўны клуб дарэчы прымеркаваў да гэтай даты правядзенне першага этапу спартакіяды працоўных калектываў. У ім узялі ўдзел 8 каманд: ААТ «Жарабковічы», ЛДАКа, лясгаса, райбальніцы, жылкамунгаса, райвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму, райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Па-другое, на старт выйшлі і 14 школьных каманд. Да таго ж заявілі пра сваё сяброўства са спортам многія ляхавічане, якія на «Колас» рушылі сем’ямі. Хто са сваімі лыжамі-канькамі, хто браў патрэбную амуніцыю напракат. Узроставых абмежаванняў не існавала: і пенсіянеры з салідным спартыўным стажам, і пачынаючыя  свае жыццёвыя і фізкультурныя дыстанцыі дашкаляты аднолькава радаваліся снегу! Уголас смяяліся! Дружна стартавалі!

Самы віртуозны візажыст – лёгкі марозік  і ў дапамогу яму азарт з ветрыкам зрабілі візітоўкай гэтага дня зайздросны румянец на тварах. Іміджавая прыкмета карысці свежага паветра.

Масавы лыжны старт, эстафета, спаборніцтвы  па біятлоне, сямейная эстафета сабралі шмат удзельнікаў і самых заўзятых балельшчыкаў. У біятлоне і лыжнай эстафеце перамогу святкавала каманда райаддзела па надзвычайных сітуацыях. У масавым старце сярод мужчын першае месца ў Андрэя Лопуха з жарабковіцкай каманды, сярод жанчын – у Аксаны Вой-туль з Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, якая да фінішу сапернічала са сваёй мамай Вольгай Войтуль – яна бегла за жарабковіцкую каманду (дачка стала першай, мама на другім месцы).
У сваёй намінацыі лепшы вынік у сям’і Віктара Гатоўчыца (РАНС), на другім месцы –  сям’я Вячаслава Бойкі (ААТ «Жарабковічы»), на трэцім – Наталлі Татарыновіч, якая прадстаўляла райбальніцу.
Агульнакамандныя месцы размеркаваліся наступным чынам: ААТ «Жарабковічы», РАНС, Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж.  А ў памяшканні спартыўнай школы спаборнічалі шашысты, сярод якіх  самая выніковая ўдача ўсміхнулася ляхавічанам Генадзію Сокалу і Алене Тарлюк.

Такі вось цудоўны дзень, напоўнены пазітывам эмоцый, снежнасці, спаборніцтваў. Загартоўка? Безумоўна! Праверка сваіх фізічных магчымасцяў? У пэўнай меры! А ўсё разам гэта называецца  здаровым ладам жыцця. Мода на здароўе – класіка жанру (прабачце за таўталогію)   па-за модай. На старт выклікаюцца ўсе – у любую вольную хвіліну, і само надвор’е робіць запрашэнне!

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На фота Сяргея Варановіча – фрагменты  суботняга снежнага свята.


Снег! Смех! Старт! У Ляхавічах адзначылі Сусветны дзень снегу /фота/: 2 комментария

  • 19/01/2017 в 10:27
    Permalink

    Здравствуйте может есть еще фото со мной это лукашевич я в зеленом кастюме

  • 19/01/2017 в 14:52
    Permalink

    Посмотрим. Если есть-отправим

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *