Мы з табой адной крыві

У мінулы чацвер многія нашы землякі  прыйшлі  ў райбальніцу не за меддапамогай, а для бязвыплатнай здачы крыві.  Работнікі  сістэмы адукацыі і аховы здароўя, жыллёва-камунальнай службы, выратавальнікі далучыліся  да акцыі ”Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне”. Наогул, з пачатку снежня  ў ёй прынялі ўдзел 36 жыхароў раёна.

Настаўнік  фізічнай культуры і здароўя з СШ №2 Андрэй  Сокал здаваў кроў упершыню. Расказвае, што крыху хваляваўся, але не сумняваўся: “І зараз эмоцыі  зашкальваюць ад  адчування таго, што камусьці  магу падарыць шчаслівыя імгненні жыцця”.
Спецыялісты Баранавіцкай міжраённай станцыі пералівання крыві працуюць зладжана і  прафесійна. Спачатку звяраюць пашпартныя даныя, затым урач праводзіць апытанне на  пералік захворванняў (важна, каб чалавек не ўтойваў фактаў хвароб)  і агляд скураных покрываў. Патэнцыяльнаму донару вымяраюць ціск і пульс, бяруць на аналіз кроў з пальца. Пасля вынясення рашэння “годны”  прапануюць салодкі  пачастунак. І толькі пасля ідзе  забор крыві.
На стане здароўя гэта працэдура адмоўна не адбіваецца. Як доказ – бадзёры настрой нашых землякоў. Яны жартавалі, з гатоўнасцю адказвалі на пытанні карэспандэнта “ЛВ”.
Акцыя па бязвыплатнай здачы крыві працягваецца. Кожны можа далучыцца да высакароднай справы – дапамагчы іншаму, а можа нават выратаваць жыццё.

Па інфармацыі Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, падчас акцыі агульная колькасць добраахвотных данацый склала 1276, а за ўвесь 2016 год – 3865 ці 13,6 працэнта ад агульнай колькасці кроваздач (для параўнання: у 2015 годзе толькі 7,5 працэнта). Сэканомленыя бюджэтныя грошы дазволяць, напрыклад,  закупіць сучаснае медыцынскае абсталяванне, вырашыць  іншыя медпатрэбы.

Для атрымання нагруднага  знака  Міністэрства аховы здароўя “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”  неабходна здаць кроў не менш за 40  разоў, не менш за 80 разоў –лейкацытаў, трамбацытаў, на бязвыплатнай аснове гэта норма змяншаецца ўдвая. Званне дае дадатковыя льготы да пенсіі, у тым ліку і матэрыяльныя.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.


One thought on “Мы з табой адной крыві

  • 20/01/2017 в 11:17
    Permalink

    Надо, чтобы и Ляховичский район активнее поучаствовал в полезном деле. Если с каждого коллектива примет участие даже по несколько человек – уже будет цифра

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *