Ад нашага стала – вашаму. Прапанова ад Ляхавіцкага кансервавага запатрабавана не толькі ў раёне /фота/

Сярод адзінаццаці чалавек, якія працуюць у цэху па вытворчсці садавіннаагародніннай прадукцыі, і варшчыца Надзея Папова

Прадукцыя ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” добра вядома спажыўцам: закатаныя ў слоікі стравы з агародніны, садавіны, зяленіва славяцца  якасцю, натуральнасцю і дамашнім  смакам. Нямала  яе прыхільнікаў  і за межамі нашага раёна, вобласці, краіны.

Некалькі дзесяцігоддзяў назад  ляхавіцкія кансервы пастаўляліся  ў розныя рэспублікі былога СССР у вельмі значных аб’ёмах, пазней у суверэнныя краіны.
– Далёкі Усход, Казахстан, Туркменія, многія  вобласці Расіі… Ляхавіцкія салаты, першыя стравы, павідла, варэнне, сокі ішлі ў паўсотні рэгіёнаў. На экспарт адпраўлялі да 70 працэнтаў нашай прадукцыі, – з гонарам і ў той жа час  ноткай суму прыгадвае  Леанід Лейчанка, які ўзначальвае завод ужо 37 гадоў.  Сёння геаграфія экспартных паставак больш сціплая, і гэтаму ёсць тлумачэнне: ва ўсіх краінах-суседках актыўна развіваецца ўласная кансервавая вытворчасць. Але ўнутраны рынак без прадукцыі  ляхавіцкай вытворчасці ўявіць немагчыма.
Менавіта завадчан – тых, хто працуе  ў цэхах, на  падсобнай гаспадарцы, у адміністрацыі завода – іншымі словамі, калектыў называе Леанід Паўлавіч галоўным здабыткам прадпрыемства, дзякуючы якому Ляхавіцкі кансервавы ёсць. Справа ў тым, што з 13 кансервавых прадпрыемстваў Брэстчыны цяпер засталося  3, сярод якіх і наша. У той час, калі іншыя закрываліся, не вытрымаўшы новых умоў гаспадарання, на мясцовым заводзе пралічвалі і прадумвалі кожны наступны крок. Напрыклад, куплялі абсталяванне з прадпрыемстваў, якія ліквідаваліся. Адрамантаванае  і абноўленае, яно  ўстанаўлівалася ў цэхах і яшчэ доўгі час  выконвала сваю задачу.
Захаваны  і калектыў, не дапушчана скарачэння кадраў,  своечасова выплачваецца заработная плата (летась на прадпрыемстве  яна ў сярэднім  склала 694 рублі). Завод плаціць падаткі, гасіць крэдыты, разлічваецца за энерганосьбіты і г.д.  І, бадай, галоўны аргумент  на карысць паспяховасці – адкрытае акцыянернае таварыства “Ляхавіцкі кансервавы завод” было і застаецца прыбытковым.  А  прадукцыя, якая сыходзіць з  канвеера, па-ранейшаму папулярная, запатрабаваная. Сярод  галоўных спажыўцоў – вайсковыя часці, установы адукацыі  і аховы здароўя,  іншыя структуры.
У сярэднім за год  выпускаецца і рэалізуецца больш за 20 мільёнаў умоўных слоікаў разнастайных кансерваў.  Вінегрэт, салаты “Навінка”,  “Брэсцкі”, “Нёманскі”, марынаваныя агуркі “Купалаўскія”, “Сталічныя”, нектары, сокі звычайныя і купажыраваныя, супы, гарніры… – у асартыменце – каля сотні найменняў прадукцыі.
Начальнік  лабараторыі Соф’я Болтуць раскрывае сакрэт папулярнасці ляхавіцкіх кансерваў:
– Якасць, смак, цана. Прымальны апошні паказчык стаў магчымы ў тым ліку дзякуючы таму, што пераважная большасць агародніны і зяленіва для вытворчасці  вырошчваецца ў сваёй падсобнай гаспадарцы, што, канешне, станоўча адбіваецца на сабекошце  прадукцыі. Агародніна і зяленіва з падсобнай гаспадаркі  паступаюць прама ў цэх ці складзіруюцца, каб  зімой  і ранняй вясной вытворчасць была забяспечана сыравінай. Мы беражліва захоўваем  найбольш папулярныя рэцэпты  і распрацоўваем  новыя, у  якіх максімальна захоўваюцца вітаміны.  Усё гэта  дазваляе выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю.
Нават немагчыма цяпер уявіць вуліцу Дзесюкевіча без кансервавага завода. А ў сярэдзіне сямідзясятых гадоў ХХ стагоддзя  планавалася перанесці прадпрыемства за рысу горада, бо надта ж дымела чорнымі клубамі. Дзякуючы мадэрнізацыі,  удалося захаваць старэйшае прадпрыемства раёна на першапачатковым  месцы. Леанід Лейчанка, які ўзначаліў  кансервавы ў 1979 годзе, паставіў перад сабой задачу ўдыхнуць у завод  другое жыццё. І гэта пры падтрымцы  калектыву атрымалася.
За без малога  сямідзесяцігадовую  біяграфію  Ляхавіцкі кансервавы і яго працаўнікі   атрымалі  не адзін дзясятак узнагарод,  за кожнай з іх  добрасумленная, адказная праца кожнага на сваім  месцы.
– Амаль 32 гады я на кансервавым заводзе,  26 з іх  – на пасадзе галоўнага бухгалтара.  Многае змянілася за  мінулыя дзесяцігоддзі: выраслі аб’ёмы вытворчасці, заработная плата, удасканалілася тэхналогія. На змену ручной працы прыйшла механізацыя амаль на ўсіх участках. Напрыканцы 2009 года запусцілі новы
цэх па выпуску садавінна- агароднінных кансерваў, а праз год – адрэкан-струяваны цэх  па вытвор-часці сокаў. Калі бачу на паліцах  магазінаў нашу прадукцыю,  адчуваю радасць і задаволенасць, –
расказвае галоўны бухгалтар прадпрыемства Ала Жагунь.
Пасля заканчэння тэхналагічнага інстытута ў Святланы Зязюлі былі  два адрасы для размеркавання: Растоў-на-Доне і Ляхавічы.  Выбрала наш райцэнтр.  Спачатку працавала падлікоўцам шклотары – іншых вакантных пасад  не было.  З абавязкамі спраўлялася добра, і кар’ера паступова пайшла ўверх: хімік, майстар, працяглы час  была галоўным інжынерам. Цяпер Святлана Адамаўна – намеснік дырэктара прадпрыемства па камерцыйных пытаннях:
– Наш галоўны козыр – натуральнасць, адсутнасць хімічных дабавак і  даволі прымальны кошт прадукцыі.
У цэхах, на падсобнай гаспадарцы, у кабінетах, за рулём аўтамабіляў працавалі і працуюць ветэраны завода: падрыхтоўшчыкі сыравіны Наталля Буйкевіч,  Данута Лапіч, Іна Панцялеева, укладчыкі-ўпакоўшчыкі  Валянціна Кузьміцкая,  Віктар Жабік,  апаратчык стэрылізацыі Антаніна Мельнікава,  варшчыца Марыя Кулак, майстар  цэха Зоя Скіндзер,  начальнік аўтатранспартнага ўчастка Мікалай Богдан, бухгалтар па зарплаце Галіна Янкоўская.   Упоравень з імі шчыруе моладзь.
– Удзячны лёсу, што атрымаў  магчымасць працаваць на такім прадпрыемстве і з такімі людзьмі. Сёння ў калектыве 136 чалавек. Наша вытворчасць – высокатэхналагічны працэс, патрабуюцца веданне і навыкі працы на новым абсталяванні, высокая кваліфікацыя і строгая дысцыпліна. Паўтару: галоўная ўмова поспеху – людзі. А яны на кансервавым з добрай працоўнай загартоўкай, – гаворыць Леанід Лейчанка.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дырэктар Леанід Лейчанка.

Калектыў бухгалтэрыі на чале з галоўным бухгалтарам Алай Жагунь (у цэнтры)

Рабочы Аляксандр Болтуць на лініі па ўпакоўцы прадукцыі.

Апаратчык Антаніна Мельнікава.

Токар Іван Трыбухоўскі і вядучы механік Уладзімір Вяруцін.

Механізатар Сяргей Буйкевіч і рабочы Іван Станіславовіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *