Класны раман

Настаўніцы пачатковых класаў СШ № 2 Таццяне Бохан  цяжка акрэсліць мяжу паміж работай і асабістым жыццём. Школа за чвэрць стагоддзя стала для  яе  другім домам, ладам жыцця. На справе раман Таццяны Энвераўны са сваёй школай доўжыцца намнога больш: з таго моманту, як калісьці ўручыла кветкі першай настаўніцы.
Звініць званок з урока, і яе пачаткоўцы збіраюць у партфель сшыткі і падручнікі. А педагог ужо будуе план  заўтрашніх заняткаў: праверыць сшыткі, скласці новую фізкультмінутку і шмат чаго яшчэ, каб яе хлопчыкам і дзяўчынкам было і  пазнавальна, і цікава.
– Ключык да сэрцаў рабят  можна падабраць толькі шчырымі адносінамі.  Для любога педагога вельмі высокая ацэнка, калі дзіця  можа без усякіх умоўнасцяў падзяліцца праблемамі і радасцямі, спытаць параду ці папрасіць аб дапамозе, – пераканана Таццяна Бохан.
Яна ўпэўнена, што адна з галоўных задач настаўніка – стварыць для вучня сітуацыю поспеху, падтрымаць яго веру ва ўласныя сілы, сфармуляваць заданне так, каб яно настройвала на даследаванне.
У аснове яе дзейнасці – тэхналогіі  праблемнага навучання: не даваць гатовыя адказы, а падштурхоўваць дзяцей да іх пошуку.
Два гады назад даследчая работа  вучня  Таццяны Энвераўны на раённай канферэнцыі заняла першае месца, на  абласным этапе – другое (на рэспубліканскім узроўні пачаткоўцы не прэзентуюць свае веды).
Выразны штрых сямейнай захопленасці педагогікай: дочкі Таццяны Бохан  Ганна і Марыя  вучацца на трэцім курсе педуніверсітэта імя Максіма Танка. Перад іх вачамі заўсёды быў штодзённы прыклад: мама, якая самааддана любіць прафесію, школу, дзяцей.
Энергічны і надзвычай таленавіты чалавек, Таццяна Энвераўна паспявае многае: з задавальненнем спявае ў хоры настаўнікаў, піша вершы, сцэнарыі, рыхтуе з калегамі школьную каманду КВЗ. А ўдзел у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства     “Настаўнік года” лічыць своеасаблівым выпрабаваннем, экзаменам на прафпрыгоднасць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота СЯргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Класны раман

  • 23/01/2017 в 18:41
    Permalink

    Очень рада успехам своей сестрички — человека творческого, неравнодушного к своей работе! Не сомневаюсь в её победе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *