Прадметная размова на англійскую тэму

Педагог не толькі па прафесіі, але і па прызванні – так можна ахарактарызаваць жыццярадасную і актыўную Вольгу Ланкуць. Другі год яна выкладае замежную мову ў  СШ № 2. Умее запаліць  агеньчык  цікавасці ў вучняў і падтрымліваць яго ўвесь час.  На настаўніцкім стале артыкулы з англамоўных газет, часопісаў, мастацкая  літаратура на замежнай мове.  Усё гэта для яе 5-9-класнікаў.
– У падручніках выкладаецца так званая літаратурная  англійская мова, размоўная ж – больш  жывая, непасрэдная. Таму і разбаўляю ўрокі  разнастайнымі жыццёвымі гісторыямі, творамі  вядомых аўтараў, з дапамогай  якіх вывучаем граматыку.  І тады нават самыя складаныя правілы становяцца зразумелымі і выдатна запамінаюцца. Хачу, каб рабяты свабодна валодалі замежнай мовай, не адчувалі цяжкасцяў у зносінах, – расказвае Вольга Аляксееўна і дадае, што ёй пашанцавала  з  калегамі: падказваюць і накіроўваюць, дапамагаюць і вераць у яе.
Улічваючы інтарэс сучасных дзяцей да камп’ютарных тэхналогій, настаўніца падтрымлівае цікавасць да свайго прадмета і праз сацыяльныя сеткі,  у інтэрнэце змяшчае заданні для школьнікаў, выходзіць на ўроку  на анлайн сувязь з носьбітамі мовы, выкарыстоўвае інтэрактыўную дошку.  Вольга Ланкуць лічыць, што настаўнік павінен знаходзіцца на адной хвалі з вучнямі, быць для іх  сябрам.
Малады педагог  толькі ў пачатку працоўнага шляху, але ўжо мае падставы для гонару. У мінулым навучальным годзе заняла ў вобласці другое месца ў конкурсе “Мультымедыйны ўрок у адукацыйным працэсе”, у раёне – першае, нядаўна атрымала кваліфікацыйную катэгорыю.
… Хлопчыкі і дзяўчынкі  са сцэны натхнёна дэкламуюць твор – ідзе рэпетыцыя гуртка “Я – акцёр”, якім кіруе Вольга Аляксееўна.  Тэатральнае дзейства разгортваецца на англійскай мове, касцюмы падрыхтавалі самі. Так, прымяраючы ролі,  адшукваючы цікавыя факты, аналізуючы і чытаючы кнігі,  рабяты вучаць  мову  Уільяма Шэкспіра і Джэка Лондана.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *