Вучыць і вучыцца

Раніца выхаднога дня, а настаўніца матэматыкі СШ № 1 Анастасія Барташэвіч спяшаецца па справах: разам са школьнікамі яна едзе на чарговую экскурсію.
– Падарожжы аб’ядноўваюць, згуртоўваюць, дораць шмат пазітыўных эмоцый. Вучымся разумець адзін аднаго, заўважаць  здольнасці і схільнасці. І мне не толькі як класнаму кіраўніку, але і як прадметніку гэта таксама карысна і пазнавальна, – дзеліцца Анастасія Барташэвіч.
Яна пераканана, каб лічбы, прыклады,  задачы  не былі нудным і незразумелым дадаткам да ўрока, неабходна іх ажыўляць, напаўняць. У арсенале педагога матэматычныя гульні, загадкі, займальныя заданні. Канешне, не з кожнага школьніка можна зрабіць матэматыка, але цярпліва растлумачыць, убачыць яго радасныя вочы ад перамогі над цяжкай задачай – па сілах. Анастасія Анатольеўна строгая і патрабавальная, у той жа час  добрая і клапатлівая, заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу. У яе саюзніках  інтэрактыўная дошка, камп’ютарныя праграмы і іншыя інфармацыйныя зручнасці.
У СШ № 1 Анастасія Барташэвіч працуе  другі год, але ўлілася ў калектыў, здружылася з калегамі. Кампетэнтная, творчая, эрудзіраваная, ініцыятыўная – так характарызуе настаўніцу  адміністрацыя школы.  Восенню на раённай навукова-практычнай канферэнцыі  “З навукай у будучыню”  даследчая работа, якую  старшакласніца выконвала  пад кіраўніцтвам  Анастасіі Барташэвіч,  заняла першае месца. Зараз распрацоўка яе ўрока прымае ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергія і асяроддзе  пражывання”. “Настаўнік года” для Анастасіі Барташэвіч – спосаб  праверыць свае сілы, спасцігнуць новае.  Яна ў пастаянным прафесійным пошуку, займаецца самаадукацыяй, вучыць рабят і вучыцца ў іх.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *