Узаемны інтарэс

Прэс-канферэнцыі старшыні абласнога выканаўчага камітэта Канстанціна Сумара прадстаўнікам рэгіянальных СМІ ўжо даўно сталі традыцыйнымі. Журналісты чакаюць іх і каб атрымаць адказы на шматлікія пытанні, якіх у работнікаў пяра заўсёды хапае; і каб больш дакладна і ёміста даведацца пра працоўны рытм  Брэстчыны, яе расклад, галоўныя аб’екты ўвагі, напрамкі развіцця, канкрэтныя адрасы здабыткаў і праблем; і, зрэшты, каб паўдзельнічаць у шчырым   дыялогу кіраўніка вобласці з прадстаўнікамі прэсы. Абагульненая тэма размовы – жыццё рэгіёна, яго перспектывы — ад выканання прагнозных паказчыкаў да пытанняў духоўнасці, ад укаранення новых тэхналогій у вытворчасць да вясковых і гарадскіх наваселляў, ад цэн і выпуску канкурэнтаздольнай мясцовай прадукцыі да суб’ектыўнага фактару і многае  іншае.

На пачатку прэс-канферэнцыі Канстанцін Сумар расказаў журналістам аб выніках работы вобласці за 8 месяцаў года, адзначыў станоўчыя вынікі  выканання прагнозных паказчыкаў, у тым ліку па тэмпах росту прадукцыі, рознічнага тавараабароту. Па выніках года ў аграпрамысловым комплексе вобласці чакаецца станоўчае сальда – больш як 400 мільёнаў долараў. Значна – на 50 працэнтаў — зніжана знешняя дэбіторская запазычанасць. Па  сутнасці, ужо выканана 70 працэнтаў гадавога назначэння бюджэту.

Падрабязна Канстанцін Андрэевіч спыніўся на тых задачах, якія сёння вырашаюць работнікі палёў і ферм. Адзначыў, што Брэстчына вырасціла і паспяхова ўбрала варты ўраджай зерневых, што выдатна працавалі на жніве механізатары і іншыя яго ўдзельнікі, што мы  павінны былі пабудаваць і пабудавалі 30 зернесушыльных комплексаў.

Кіраўнік вобласці засяродзіў увагу  на ходзе ўборкі бульбы, кукурузы, закрануў стан спраў у льнаводстве, а таксама ў жывёлагадоўлі. У прагнозе — стваральнае развіццё.

Гэта пацвердзілі і адказы Канстанціна Сумара на пытанні журналістаў.

Канстанцін Андрэевіч расказаў пра льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля для мнагадзетных, маладых сем’яў і  некаторых іншых катэгорый грамадзян, а таксама пра жыллёвыя субсідыі; пра добраўпарадкаванне населеных пунктаў; пра маючае хутка адбыцца адкрыццё аб’язной дарогі вакол Белавежскай пушчы і неабходнасці “суправаджэння” яе сэрвіснай інфраструктурай; пра развіццё воднага турызму на Брэстчыне і паэтапную рэстаўрацыю чыгуначнага вакзала ў абласным цэнтры.

Узгадвалася пра будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнай сферы; колькі зроблена  пры падрыхтоўцы  Ганцавіч  як сталіцы рэспубліканскага Дня пісьменства-2011; пра развіццё прадпрымальніцтва, у якім у вобласці працуе больш за 130 тысяч чалавек;  пра сацыяльныя гарантыі для працаўнікоў тых прадпрыемстваў, куды прыходзяць інвестары.

Цікавіла журналістаў і надзённае пытанне, звязанае з ураджаем бульбы: пра збыт і пра цэны на «другі хлеб». Канстанцін Сумар пакрытыкаваў стэрэатыпы ў падыходах некаторых  старшынь сельгаспрадпрыемстваў, якія садзяць бульбу і не думаюць, куды яе прадаваць. А трэба было б  паклапаціцца  пра адрасы  збыту, у тым ліку пра экспарт. Сур’ёзна працаваць у гэтым напрамку павінны і нарыхтоўчыя канторы. Дарэчы, многія гаспадаркі даўно ўжо наладзілі сувязі,  асабліва з расійскімі партнёрамі, і гэта станоўчая з’ява.

Другое надзвычай актуальнае пытанне —  захаваць ураджай бульбы. Не ў буртах, а ў сучасных сховішчах. Сёлета  ў вобласці будуецца 40 такіх аб’ектаў. Гэта дасць магчымасць змясціць на захоўванне 90 тысяч тон клубняў, а ў 26 існуючых сховішчах – яшчэ 52 тысячы тон. Зімой і вясной якасную прадукцыю можна будзе прадаваць па больш высокіх цэнах. Што датычыць той бульбы, якая ідзе ў стабілізацыйны фонд, то цэны на яе будуць пад кантролем. Гандлёвая надбаўка тут фіксаваная. Задача, якую трэба дасягнуць, — каб наша прадукцыя была пад’ёмнай па цэнах для насельніцтва і, канешне, якаснай.

Пытанне “ЛВ” да старшыні аблвыканкама датычыла дэфіцыту ўрачэбных кадраў у цэнтральнай раённай бальніцы.  На Ляхавіччыне яно стаіць больш востра, чым у іншых раёнах. Канстанцін Сумар зазначыў, што  праблема існуе, і што не аднойчы паднімаў пытанне  ўкамплектавання медустаноў вобласці кадрамі. Самае галоўнае, што не дазваляе ў поўнай меры і аператыўна вырашыць праблему забеспячэння кадрамі ўрачоў усе ўстановы аховы здароўя, – недахоп выпускнікоў, якія заканчваюць медыцынскія ВНУ. Міністр аховы здароўя Беларусі паабяцаў, што на працягу двух гадоў пытанне будзе вырашана за кошт павелічэння колькасці выпускнікоў, накіраваных на работу ў вобласць. Хаця, як адзначыў старшыня аблвыканкама, асабіста ён нават прапаноўваў рыхтаваць урачоў агульнай практыкі для ўрачэбных амбулаторый, ФАПаў у сябе на Брэстчыне.

З другога боку, трэба на месцы стварыць належныя ўмовы для маладых медыцынскіх кадраў. Канстанцін Андрэевіч сказаў, што ў Ляхавічах будзе адрамантаваны будынак інтэрната пад дом для медыцынскіх работнікаў. Магчыма нават  разглядзець пытанне аб будаўніцтве службовага жылля для найбольш запатрабаваных спецыялістаў-медыкаў.

У вёсцы  жыллёвую праблему можна вырашыць (і яна часта вырашаецца) за кошт прадастаўлення ўрачам катэджаў, пабудаваных па дзяржаўнай праграме адраджэння вёскі. Да таго ж маладым спецыялістам, якія здымаюць жыллё, кампенсуюцца гэтыя затраты.

У заключэнне  старшыня аблвыканкама звярнуўся да журналістаў і  запрошаных на прэс-канферэнцыю студэнтаў Брэсцкага ўніверсітэта, якія навучаюцца па спецыяльнасці “журналістыка”, з пажаданнем успрымаць жыццё і пісаць пра яго аб’ектыўна. Адным словам — пазітыўна ставіцца да жыцця.

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *