Снежнае сэлфі, ці Давайце пазнаёмімся/фота/

Што можа быць лепш за свята на свежым паветры з гульнямі, конкурсамі і морам сонечных усмешак?!   Такое 21 студзеня праходзіла ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным  каледжы – градус гасціннасці, эмоцый і азарту зашкальваў. Чарговы дзень адкрытых дзвярэй у навучальнай установе сумясцілі з зімовым спартыўным святам. На запрашэнне адгукнуліся больш за дзве сотні  рабят з Баранавічаў і Баранавіцкага раёна, Сіняўкі Клецкага і  Хатынічаў Ганцавіцкага раёнаў і, безумоўна, школьнікі Ляхавіччыны. Прыехала сям’я з Пінска і пасля ўсяго пачутага-ўбачанага цвёрда вырашыла, што пасля 9-га класа сын будзе паступаць толькі ў ЛДАК. Завітаў і былы навучэнец ветаддзялення з дачкой і сынам – у перспектыве і яны будучыя абітурыенты.

Было здорава! Спачатку гасцям падчас канцэртнай праграмы “Фестываль прафесій” прэзентавалі спецыяльнасці, якія атрымліваюць юнакі і дзяўчаты ў каледжы, расказалі пра асаблівасці арганізацыі  навучальнага працэсу і вольнага часу, правялі экскурсію па аўдыторыях, раскрылі захапленні і здольнасці навучэнцаў  праз выставу “Грані творчасці”,  пазнаёмілі з матэрыяльнай базай, зацікавілі перспектывамі, якія адкрываюцца пасля атрымання дыплома гэтай установы.  Дарэчы, за 6 дзесяцігоддзяў  яна падрыхтавала  больш за 13 тысяч спецыялістаў для сельскагаспадарчай вытворчасці, сёння ў яе педагагічным калектыве 44 чалавекі –  былыя выпускнікі.
Гасцей вітала дырэктар каледжа Алена Абарава, якая  шчыра  запрасіла паступаць менавіта ў іх установу. Тут   створаны вельмі добрыя   ўмовы для вучобы  і адпачынку навучэнцаў, ёсць інтэрнат і сталовая. А яшчэ – выдатная перспектыва стаць  сапраўднымі прафесіяналамі аграпрамысловага комплексу.
Выкладчык, спецыяліст па прафарыентацыйнай рабоце Таццяна Прыхач расказала ўсё пра ўмовы паступлення.
Да свята вакол каледжа “выраслі” 22 снежныя фігуры, над якімі шчыравалі  навучэнцы: снег ляпіўся дрэнна, але яны не здаваліся, палівалі яго  вадою, размалёўвалі гуашавымі фарбамі. Лепшай  у гэтым конкурсе прызнана “скульптура” 22 “вет” групы, другое месца ў 41 “П”, замкнула тройку лідараў 21 “П” група.
…Гучна зазывалі на спартыўны фэст скамарохі і цыганкі, а сапраўдным сюрпрызам для ўсіх стала эфектнае з’яўленне каледжскага Дзеда Мароза ў санях.
Эстафета, хадзьба на хадулях, перакаты колаў – ветэрынарнае, заатэхнічнае і агранамічнае аддзяленні  паказвалі клас і запрашалі да ўдзелу сяброў.
Прагулка “Там, на нязведаных сцяжынках”  аб’яднала аматараў лыжаў. Каманды навучэнцаў і гасцей спаборнічалі ў спрытнасці і хуткасці.  А школьнікі з Сіняўкі нават прыбылі са сваімі лыжамі, на якіх спрабавалі стаць першымі на дыстанцыі. Усе спартсмены атрымалі  прыемныя прызы.
Паганялі-пабегалі – прыйшоў час падсілкавацца. Каледжскія повары частавалі так званай  “салдацкай кашай” – не з сякеры, а з ячных круп ды з тушонкай. Смаката! Елі і запівалі гарачай  гарбатай.
Якое свята  без папулярнага  ў нашай краіне біятлону? “Снежны снайпер” – наступная станцыя спаборніцтва. Стралялі па мішэнях з вінтоўкі і … снежкамі.
У  той дзень скакалі ў мяшках, перацягвалі канат, весела з’язджалі з высокай горкі на санках і іншых прыстасаваннях. Сярод заданняў былі і вельмі смачныя. Так, на конкурс “Блінаманія” гаспадыні з каледжа напяклі  34 (!) віды бліноў: ажурных, пышных, з рознымі начынкамі. Па выніках дэгустацыі самыя смачныя бліны спякла  выкладчыца рускай мовы і літаратуры Таісія Шпак, удаліся яны ў  выкладчыцы хіміі Марыны  Галубчанка, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Ірыны Прыступа-Юнік. За лепшую блінную начынку адзначылі кіраўніка практыкі Галіну Пянткоўскую, за афармленне – метадыста Святлану Тарасевіч.
А яшчэ быў конкурс “Узяцце каледжскай фартэцыі”, вадзілі карагоды, танцавалі, рабілі сэлфі  са снежнымі скульптурамі, каталіся на санях і развітваліся з каледжскім Дзедам Марозам. Было відовішчна, захапляльна і  радасна.
Такія сяброўска-спартыўныя  формы прафарыентацыйнай работы  не стамляюцца прыдумваць каляджане. Значыць, пра ЛДАК будуць ведаць і будуць яго выбіраць. А ў кнізе водгукаў застаюцца прыемныя словы гасцей: “Дзякуй за такое свята. Было пазнавальна, цікава, весела і вельмі смачна!”, “Мы атрымалі мноства станоўчых эмоцый і пазітыва. Няхай вашы навучэнцы радуюць  вас поспехамі. А мы падрыхтуем для вас  абітурыентаў”.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
У ЛДАКу рыхтуюць спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу па 4 спецыяльнасцях: агранамія, ветэрынарная медыцына, заатэхнія, плодаагародніцтва. У дадатак навучэнцы атрымліваюць прафесіі вадзіцеля, кладаўшчыка, трактарыста, аператара па штучным асемяненні жывёл і птушак, аператара машыннага даення, агародніка, садавода.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *