Машынны двор – вітрына гаспадаркі

У адносінах машынных двароў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў прыдумана нямала трапных і ў рознай ступені дакладных вобразаў. Існуе, напрыклад, параўнанне з вітрынай, адзін толькі позірк на якую можа сфарміраваць беспамылковае ўяўленне пра гаспадарку ў цэлым. І, на жаль, вітрына многіх сельгаспрадпрыемстваў раёна мае зусім не бліскучы выгляд.

Агульным для ўсіх іх недахопам з’яўляецца несвоечасовая пастаноўка на захоўванне тэхнікі, што ўжо не ўдзельнічае ў палявых работах. Да гэтага часу не ўбраны з часовых стаянак на пляцоўкі захоўвання кукурузныя і для буракоў сеялкі, саджалкі, касілкі, граблі, ільно- і зернеўборачныя камбайны. У прыватнасці, гэта характэрна для СВК  “Дарава”, “Канюхі”, “Востраў-Агра”, “Ліпнянка”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”.

Па тэрыторыі складоў гаруча-змазачных матэрыялаў варта “прайсціся” дадаткова. Для акумуляцыі ГЗМ сельгасарганізацыі выкарыстоўваюць 3–4 ёмістасці. У той час, як іх агульная на складах колькасць гэтыя лічбы значна перавышае. Ёмістасці, што доўгі час стаяць без выкарыстання, паступова ржавеюць, набываюць выгляд усё большай закінутасці. Цыстэрны трэба альбо пачысціць і, пакуль дазваляе надвор’е, пафарбаваць, калі ж не – дэмантаваць і знайсці лепшае для іх выкарыстанне. Падобнай з’яўляецца і сітуацыя ў дачыненні палівазаправачных калонак: намінальна іх многа на складах ГЗМ, рэальную ж нагрузку нясуць дзве, як правіла. Астатнія часта разукамплектаваны, і неабходнасць іх дэмантажу з’яўляецца відавочнай. Як, дарэчы, і тое, што работу гэту лагічна было б узяць на сябе ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, а атрыманыя ў выніку камплектуючыя дэталі і агрэгаты ў далейшым выкарыстоўваць пры рамонце і абслугоўванні дзеючых палівараздатачных калонак.

У 2009–2010 гадах былыя ў карыстанні на АЗС вядомага нафтахімічнага канцэрна калонкі пасля замены былі бязвыплатна перададзены СВК “Ліпнянка”, “Востраў-Агра” і “Тальмінавічы”. Здаецца, было дастаткова часу для іх устаноўкі і пуску ў эксплуатацыю. Гэтага, аднак, пакуль не здарылася.

Разам з тым, у пытаннях эксплуатацыі і функцыянавання складоў ГЗМ са станоўчага боку неабходна адзначыць СВК “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы” і, у пэўным сэнсе, ЗАТ “Белпрампрыбор”. Названыя гаспадаркі набылі і ўстанавілі новыя палівараздатачныя калонкі, выканалі рамонт ці замену трубаправодных сістэм, прывялі ў парадак тэрыторыю.

Як і ў мінулыя гады, у кожнай з сельгасарганізацый раёна сёлета распрацаваны і з рознай актыўнасцю выконваюцца мерапрыемствы па далейшым добраўпарадкаванні, рэканструкцыі і тэхнічным пераўзбраенні вытворчых аб’ектаў машынных двароў.

З пачатку года на мэты добра-ўпарадкавання імі зрасходавана 499 мільёнаў рублёў уласных сродкаў. Прадугледжаны і субвенцыі. Інакш кажучы, выключна пад рашэнне канкрэтных задач бюджэтнае фінансаванне. У 2011 годзе на асфальтаванне і добраўпарадкаванне машынных двароў выдаткавана 650 мільёнаў рублёў. З іх 150 мільёнаў – СВК “Шлях новы”,  110 – СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, 40 – СВК “Востраў-Агра”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, СВК “Дарава” і “Канюхі” – па 100 мільёнаў кожнаму і 50 мільёнаў рублёў – СВК “Тальмінавічы”. За выключэннем дзвюх апошніх, у астатніх сельгасарганізацыях нічога не зроблена. Аб’ём выкананых за 8 месяцаў работ ацэньваецца ў суму 47,5 мільёна рублёў: на 34,4 мільёна ў “Канюхах” і 13,1 – у “Тальмінавічах”. У прыватнасці, названая апошняй гаспадарка выканала асфальтаванне пад’езду і добраўпарадкаванне тэрыторыі АЗС. Ды і ў цэлым на машынным двары сельгаскааператыва падтрымліваецца неабходны парадак, аднак, і не без выключэнняў. Так, пляцоўка захоўвання прычапных сельгасмашын прыходзіць у запусценне: патрабуюць рамонту навесы, існуе неабходнасць аднаўлення функцыянальнасці санітарна-бытавых памяшканняў. Металічны лом, адпрацаваныя шыны не ва ўсіх выпадках знаходзяцца на сваіх месцах.

У “Канюхах” праведзены рамонт, афарбоўка вонкавай агароджы машдвара, варот гаражоў, прахадной. Выканана пабелка ўнутры памяшканняў РММ, наведзены парадак на пляцоўках захоўвання прычапной сельгастэхнікі і  стаянкі машын, якія не эксплуатуюцца. Завершаны рамонт памяшкання для душа, працягваецца – у бытавым памяшканні і пакоі для прыёму ежы. Не завершаны рамонт варот РММ, боксаў захоўвання складанай тэхнікі, некаторае іншае.

Усе сельгаспрадпрыемствы раёна так ці інакш займаюцца добраўпарадкаваннем сваіх машынных двароў. Праведзена падсыпка іх тэрыторый, прафіліроўка, шэраг іншых у кожным канкрэтным выпадку работ.

У “Ліпнянцы” адрамантаваны боксы для захоўвання самаходных сельгасмашын, назапашваюцца піламатэрыялы для рамонту даху раммайстэрні, наведзены парадак у аўтагаражах. Гэтага, аднак, нельга сказаць пра пляцоўкі захоўвання тэхнікі, металалому,   адпрацаваных шын. У гаспадарцы доўгі час адсутнічае пост вонкавай мыйкі тэхнікі.

У СВК “Востраў-Агра” апошнім часам аформлены клас па ахове працы і тэхніцы бяспекі, абсталяваны бытавы і пакой для прыёму ежы, наладжваецца сістэма ацяплення РММ, будуецца лазня з душам. Але ў цэлым добраўпарадкаванне на тэрыторыі машдвара вядзецца марудна. Не вывезены лом металаў, не ўсюды абкошана, не абсталяваны пункт тэхабслугоўвання, не актыўна вядзецца будаўніцтва пляцоўкі для мыйкі машын.

Працягваецца добраўпарадкаванне машдвара ДП “Нача”. Абсталяваны пакой для прыёму ежы і санітарна-бытавыя памяшканні, адрамантаваны боксы для стаянкі трактароў, наве-дзены парадак у месцах стаянкі складанай тэхнікі. Але не  завершана будаўніцтва агароджы машыннага двара, пляцовак складавання металалому і зношаных шын.

На стаянках тэхнікі, пляцоўках захоўвання шын, пад навесамі для зернеўборачнай і іншай самаходнай тэхнікі, тэрыторыі мыйкі СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” — парадак. Аднак, тэрыторыю ля ўезду на машдвор трэба падкасіць, аварыйныя дрэвы каля складу запчастак – убраць, а памяшканні і ўчасткі раммайстэрні – пабяліць.

У ”Шляху новым” ажыццяўляецца рамонт памяшкання ПТА, добраўпарадкаванне пляцовак для мыйкі машын і захоўвання металалому і адпрацаваных шын. На працягу верасня плануецца асфальтаванне і іншае добраўпарадкаванне тэрыторыі двара і АЗС, у прыватнасці. Іменна за кошт 150 мільёнаў рублёў абласных субвенцый.

СВК “Жарабковічы” практычна завяршыў рамонт другога павер-        ха цэнтральнай рамонтнай майстэрні. Але  вельмі марудна рухаецца справа ў пытаннях стварэння належных санітарна-бытавых умоў для работнікаў. Прыпынена будаўніцтва навесаў над стаянкамі трактароў і прычэпаў. Машдвары аддзяленняў “Падлессе” і “Сваятычы”, на жаль, маюць найбольш непрыглядны выгляд.

Нядаўні прызёр рэспубліканскага агляду-конкурсу машдвор СВК “Дарава” апошнім часам заметна страціў статуснасць. Памяшканні РММ, ПТА, ТАП  вызначаюцца непрыгляднасцю, несвоечасова праводзяцца ўборка і адкачка сцёкавых вод з пляцоўкі вонкавай  мыйкі машын.

З улікам цэнтральнай базы ў распараджэнні ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” знаходзіцца 3 машынныя двары. І ні адзін з іх неабходным патрабаванням поўнасцю не адпавядае. Адсутнічаюць пляцоўкі вонкавай мыйкі машын, непрывабны выгляд маюць навесы, боксы, гаражы і інш.

Бадай на працягу ўсяго года на машынным двары ЗАТ “Белпрампрыбор” парадку не назіралася. І ў плане размяшчэння тэхнікі на тэрыторыі, і што тычыцца добраўпарадкаванасці апошняй. Не праводзіцца абкошванне, “просяць” рамонту навесы для тэхнікі і іншае. Між тым, мала што застаецца да халадоў, і ў крайнім выпадку да 15 кастрычніка майстэрні гаспадарак павінны быць падрыхтаваны да работы ў зімовых умовах.

У снежні будуць падведзены вынікі раённага  агляду-конкурсу машдвароў сельгаспрадпрыемстваў. Лепшыя з іх атрымаюць права прадстаўляць Ляхавіччыну на абласным і, магчыма, рэспубліканскім конкурсах.

Анатолій КАСЦЮКОЎ,
намеснік начальніка райсельгасхарчу па механізацыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *