Галоўны урач ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў удакладніў «медыцынскую карту» раёна

У справаздачных выступленнях галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў, кіраўнікі асобных служб і структурных падраздзяленняў установы канстатавалі, што ў справаздачным годзе сістэма аховы здароўя раёна ўвогуле забяспечыла выкананне мерапрыемстваў па паляпшэнні даступнасці і якасці аказання першаснай медыцынскай дапамогі насельніцтву Ляхавіччыны. У прыватнасці, працягвала і працягвае развівацца сетка ўрачэбных амбулаторый. Так, у самым пачатку года пад урачэбна-амбулаторныя стандарты быў рэарганізаваны Дараўскі ФАП. Ужо сёлета падобная якасная трансфармацыя адбылася з Ганчароўскім фельчарска-акушэрскім пунктам. Такім чынам, зараз сельская “медыцынская карта” раёна складаецца з 18 ФАПаў, Крывошынскай участковай бальніцы і 8 урачэбных амбулаторый, роўна палова з якіх – амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Плюс цэнтральная паліклінічна-бальнічная медсетка. Усё гэта пастаўлена на варту здароўя 30480 чалавек. Іменна столькі нас, жыхароў горада і раёна, згодна з папярэднімі вынікамі кастрычніцкага перапісу.
Як і некалькі апошніх гадоў, у рамках дзяржпраграмы адраджэння і развіцця вёскі летась пры будаўніцтве аграгарадкоў быў выкананы бягучы рамонт Падлескай УА і Тальмінавіцкага ФАПа. Акрамя таго, завершаны рамонтныя работы фасада ўжо згаданай Дараўскай амбулаторыі і, што найбольш значна, выкананы капрамонт рэнтгеналагічнага кабінета райпаліклінікі, праведзена поўная замена яго абсталявання. Засталося, як было адзначана падчас сходу, атрымаць дазвол на яго эксплуатацыю органаў нагляду, і кабінет пачне працу ў новай якасці. Дарэчным тут будзе ўзгадаць, што ёсць абласное рашэнне аб набыцці для раёна мабільнай флюараграфічнай лабараторыі. Апошняе асабліва значна ў сувязі з тым, што туберкулёз па-ранейшаму пагражае жыццю: ад актыўнай яго формы ў раёне летась памерлі 5 чалавек — сумнае абласное лідэрства…
Перманентна, у тым ліку і ў справаздачны перыяд, ажыццяўлялася абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы УАЗ “Ляхавіцкая ЦРБ”. Магчымасці (фінансавыя, у першую чаргу), абмежаваныя. Так, за год для медустаноў раёна на сродкі розных бюджэтаў было набыта медабсталявання на суму 416,7 мільёна рублёў. А каля 70 працэнтаў абсталявання састарэла і маральна, і фізічна. Ці аўтатранспарт: леташні набытак раўняўся адной яго адзінцы для Начаўскай УА. Гэта хоць і дазволіла выканаць планавыя заданні па рэалізацыі дзяржпраграм у галіне аховы здароўя, але не радуе на фоне таго, што 15 з 24 увогуле адзінак аўтатранспарту ЦРБ выпрацавалі свае амартызацыйныя тэрміны. Дэфіцыт фінансавых сродкаў не дазваляе адрамантаваць некаторыя аб’екты медыцынскай сістэмы раёна, якія маюць у гэтым патрэбу.
Усе паказчыкі сацыяльных стандартаў у галіне аховы здароўя насельніцтва раёна, за адзінкавым выключэннем, выкананы. Адзінкавым выключэннем стаў так званы нарматыў забяспечанасці ўрачамі. У адрозненне ад сярэдняга медперсаналу, дзе кадравае пытанне “закрыта”, урачоў у раёне не хапае. Тэма не аднаго году, мае гісторыю не толькі ў раёне. Па інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Крука, які таксама ўдзельнічаў у мерапрыемстве, недакамплект урачоў у медустановах Брэстчыны складае каля 700 чалавек. У мінулым годзе пры заяўцы на 12 чалавек, па накіраванні ў раён прыехалі толькі 2 маладыя спецыялісты. З 16 заяўленых, як прагучала на сходзе, сёлета ЦРБ папоўніцца 3 маладымі ўрачамі. Пры тым, што 27 працэнтаў урачоў, якія працуюць у раёне, пенсіённага ці перадпенсіённага ўзросту. З мэтай “змякчэння” сітуацыі, як адзначалася, мяркуецца рэканструяваць пад жыллё для медработнікаў будынак колішняга інтэрната ЛДАКа, што па вуліцы Леніна ў райцэнтры. Ці адбудзецца, а калі так, то ці стане гэта “бонусам” для маладых спецыялістаў?
Сход вызначыўся і з пераможцамі штогадовага прафесійнага агляду-конкурсу. Лаўрэатамі-2009 у сваіх намінацыях сталі педыятрычнае аддзяленне стацыянара, аддзяленне дзённага знаходжання паліклінікі, афтальмалагічны кабінет паліклінікі, Тухавіцкая АУАП, Рачканскі ФАП. Нашы віншаванні.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *