Шчыра. Значыць сардэчна

Гігакалорыі душэўнай цеплыні вельмі ўплываюць на мікраклімат, у якім усе мы жывём. Цёпла і душэўна звярнулася да Леаніда Лейчанкі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу  Ірына Чура. Пашана за працу, за ўменне чуць, падтрымаць і адказаць на слова справай – гэта пра Леаніда Паўлавіча.

Шчаслівы тым, што працаваў поруч з аднадумцамі ў выдатным калектыве, зазначыў Леанід Лейчанка ў мінулую сераду – завяршальны яго службовую кар’еру дзень.  Вядомы землякам у першую чаргу як дырэктар Ляхавіцкага кансервавага завода, Леанід Паўлавіч узначальваў прадпрыемства без малога чатыры дзесяцігоддзі: дасканала вывучыў вытворчасць, умела кіраваў ёю, шукаў і знаходзіў аптымальныя рашэнні ў складаных сітуацыях. Зрабіў і для свайго калектыва, і для раёна нямала добрага і стваральнага. Пра гэта і пра іншыя ўласцівыя дырэктару кансервавага завода рысы гаварыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч, які ўручыў Леаніду Лейчанку Падзячнае пісьмо райвыканкама.
І гэта была не адзіная адзнака і не адзінае праяўленне пашаны да паважанага чалавека, якога віталі ў вялікай зале райвыканкама. А ён як заўсёды шчыра і захоплена гаварыў пра людзей, пра вытворчасць, пра тое, што здолеў зрабіць дзеля таго, каб кансервавы быў. Ягоны вопыт, безумоўна, яшчэ спатрэбіцца, ва ўсякім разе ён  заўсёды гатовы параіць, падказаць. Вельмі ўжо нераўнадушны чалавек – Леанід Паўлавіч Лейчанка, сказаць па шчырасці – неардынарная асоба. А месца асобы ў гісторыі прымяншаць не варта, і даны прыклад гэта пацвярджае!
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *