Рэцэпт ад медсавета

Пра тое, якім  стаў  мінулы год для ўстаноў аховы здароўя,  якія асноўныя задачы неабходна вырашыць у 2017-м, абмеркавалі медыкі раёна. У іх сходзе прыняў удзел старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.

Галоўны ўрач Георгій Хлябовіч  спыніўся на асноўных складніках медыцынскай работы. У першую чаргу – кадравы. Калі сітуацыя з медыцынскім папаўненнем будзе не горш, чым летась і пазалетась, то праз год-другі можна рэальна сцвярджаць:  кадравая перазагрузка ў  падраздзяленнях  райбальніцы адбылася.  Пакуль жа, хаця ў жніўні 2016 года да нас  па размеркаванні прыйшлі 13 урачоў (вырашана  праблема  ўкамплектаванасці ўрачэбных амбулаторый і часткова стаматалагічнай, тэрапеўтычнай і хірургічнай  службаў паліклінікі), па-ранейшаму не хапае дэрматавенеролага, акушэр-гінеколага, рэнтгенолага, рэабілітолага, фізіятэрапеўта, неўролага, псіхатэрапеўта.
Замацаванасці выпускнікоў медыцынскіх ВНУ на Ляхавіччыне  спрыяе станоўчае вырашэнне аднаго з галоўных пытанняў для маладых – жыллёвага.  Гэта – пры падтрымцы раённай улады.   Дарэчы, сёлета на Ляхавіччыну па размеркаванні прыедуць 14 маладых урачоў.
Якасць меддапамогі вельмі залежыць ад матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя. У тым ліку і за кошт раённага бюджэту, набываецца  новае абсталяванне. Да месца і спонсарская дапамога. Немалыя сродкі ўкладваюцца і ў рамонт. Завяршаецца рэканструкцыя памяшкання пад флюараграфічны кабінет. Шмат планаў і на год бягучы: у прыватнасці,  капрамонт з мадэрнізацыяй харчаблока,  набыццё новага аўтамабіля для  хуткай дапамогі і інш.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч гаварыў пра  дзяржаўны клопат аб  развіцці медыцыны. Ідзе фінансаванне ў тым ліку і раённых устаноў аховы здароўя. Самыя сучасныя метады дыягностыкі і лячэння сёння даступныя і сталічнаму жыхару, і вяскоўцу. Ляхавічане могуць не толькі атрымаць кансультацыю ў медыкаў ва ўстановах аховы здароўя Баранавічаў ці Брэста, але і пры неабходнасці пралячыцца там жа  ў  стацыянары.
Па-ранейшаму важны накірунак работы медыкаў – прафілактыка хвароб, прапаганда здаровага ладу жыцця, фарміраванне санітарнай культуры насельніцтва. Актуальнае пытанне дыспансерызацыі. Падчас прафілактычных мерапрыемстваў выяўляюцца скрытыя захворванні. У раё-не летась 98,8 працэнта насельніцтва прайшлі мед-агляд.  Напрыклад,  выяўлена  12 чалавек  з актыўнай формай туберкулёзу, 11 з іх –  менавіта ў час планавага агляду.
Сярод самых распаўсюджаных паталогій – захворванні сістэмы кровазвароту, органаў стрававання,  дыхання, эндакрыннай сістэмы. Сярод праблемных пытанняў раённай медыцыны – высокі паказчык смяротнасці, у тым ліку людзей  працаздольнага ўзросту, алкагольных атручванняў,   суіцыдаў. Пераважная большасць тых, хто развітаўся з жыццём па ўласным жаданні, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. І гэта пры тым, што цвярозы лад жыцця актыўна прапагандуецца ў навучальных установах,  у працоўных калектывах. Нельга не згадзіцца з довадамі  медыкаў, псіхолагаў, што важна  не пакідаць чалавека сам-насам з праблемай, быць уважлівым да тых, хто побач – жыве, працуе.  Гэта не толькі медыцынская праблема, але і сацыяльная, і вырашаць яе трэба ўсім  разам.
Шмат інавацый у арганізацыі медыцынскага абслугоўвання. Папулярным становіцца ў насельніцтва раёна запіс на прыём да ўрача праз інтэрнэт. Сёлета прадоўжыцца ўкараненне навінак у медабслугоўванні, у прыватнасці, запланавана ўвядзенне электронных рэцэптаў.
Загадчыца райпаліклінікі Наталля Гарбачова спынілася на праблемных пытаннях, у тым ліку адзначыла, што асноўнай прычынай  інваліднасці з’яўляюцца анкалагічныя захворванні. Нагадала калегам  пра больш ашчадны і ўважлівы агляд усіх, хто звяртаецца ва ўстановы аховы здароўя  як за медыцынскай дапамогай, так і пры дыспансерызацыі.
На сходзе ішла размова не толькі выключна  пра вынікі работы медыкаў у мінулым годзе. Напрыклад, адзначалася роля прафсаюзнай арганізацыі райбальніцы ў жыцці калектыва: яна не толькі адна з самых шматлікіх, але і даволі актыўная і ўплывовая. Тут не на словах, а на справе клапоцяцца пра інтарэсы працаўнікоў. А пра ўзрастаючы прэстыж грамадскай арганізацыі гаворыць тое, што 99,6 працэнта супрацоўнікаў устаноў аховы здароўя раёна – члены прафсаюза. Старшыня прафкама  Васілій  Гарбачоў спыніўся на асноўных падзеях грамадскага жыцця, расказаў пра тое, як працуе калектыўны дагавор, падзяліўся планамі.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *