Паспяховы той, хто стварае

Дырэктар ЛДАКа Алена Абарава

На каледжскай навукова-практычнай канферэнцыі “Паспяховы той, хто стварае” па-дзелавому ажыўлена, пазнавальна і цікава – ідзе прэзентацыя даследаванняў. І так кожны сакавік на працягу дзесяцігоддзя. Любая азначаная тут тэма – карпатлівая праца, шматлікія доследы, вымярэнні, выпрабаванні, якія затым становяцца стартам для новых праектаў, вырашэння прыкладных задач. Доследная і даследчая дзейнасць – адзін з важнейшых складнікаў вучобы ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Год навукі для калектыву – дадатковыя магчымасці пашырэння даследаванняў, працяг плённага супрацоўніцтва з навуковымі ўстановамі, павышэнне якасці навучання.

Прыкладное хобі
Кіраўнік ЛДАКа Алена Абарава – кандыдат сельскагаспадарчых  навук. Летам 2016-га  ёй было прысвоена  вучонае званне дацэнт. Алена Эдуардаўна  аўтар мноства артыкулаў, матэрыялаў, вучэбных праграм і дапаможнікаў. Адзін з іх  –  “Асновы арганічнага земляробства” нядаўна выдадзены  ў  суаўтарстве з рэктарам БарДУ Васіліем Качуркам і  выкладчыкам універсітэта Уладзімірам Зуевым.
Арганічнае земляробства для Алены Абаравай  – навуковае хобі, якое знаходзіць прымяненне ў выкладчыцкай дзейнасці. Напрыканцы мінулага года ў Горках праходзіла IV міжнародная канферэнцыя, прысвечаная развіццю арганічнай сельскай гаспадаркі. Сярод дакладчыкаў была і Алена Эдуардаўна.
–  У Беларусі актыўна ідзе развіццё гэтага сельгаснапрамку. У каледжы мы расцім кадры, якія ведаюць, што гэта такое, і, магчыма, у перспектыве будуць яго прымяняць у сваёй прафесійнай дзейнасці, у паўсядзённым жыцці. Дарэчы, адзін з выпускнікоў падзяліўся, што плануе  распрацаваць праект экалагічнай фермы, – адзначае дырэктар установы.
І тлумачыць, што арганічная сельская гаспадарка ўяўляе такую сістэму вытворчасці, што садзейнічае захаванню стану глебы, экасістэм і здароўя людзей. Яе прынцыпы заснаваны на экалагічных працэсах, біялагічнай разнастайнасці і цыклічнасці, якія адаптаваны пад мясцовыя ўмовы і не церпяць прымянення рэсурсаў з негатыўнымі складнікамі. Для  павышэння прадукцыйнасці вытворчасці і якасці прадукцыі максімальна выкарыстоўваюцца біялагічныя фактары паляпшэння прыроднай  урадлівасці грунту, аграэкалагічныя метады барацьбы са шкоднікамі і захворваннямі.
Алена Абарава 23 гады  працавала ў Віцебскім занальным інстытуце сельскай гаспадаркі, займалася і займаецца агранамічнай навукай у БарДУ. Пра прадукцыйнасць пасеваў яравога ячменю,   эфектыўнасць прымянення гербіцыдаў у пасевах аўса, уплыў  тэрмінаў сяўбы на ўраджайнасць соі яна расказвае захоплена.  Удзельнічае ў навуковай школе рэктара, яе запрашаюць на навуковыя міжнародныя канферэнцыі, семінары, уваходзіць у рэдакцыйную калегію “Весніка ”БарДУ”.
У дапамогу навучанню
Некаторыя выкладчыкі каледжа зай-маюцца распрацоўкай дапаможнікаў і рабочых сшыткаў, тэстаў, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Загадчыца агранамічнага аддзялення Яўгенія Рытвінская (дарэчы, скончыла аспірантуру па спецыяльнасці “фізіялогія і  біяхімія раслін”) больш за дзесяцігоддзе  праводзіць навуковыя даследаванні. Згодна дагавораў, заключаных каледжам з  інстытутам эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, ЛДАК  аказвае гэтым установам  садзеянне ў правядзенні навукова-доследных выпрабаванняў і доследаў, а Яўгенія Міхайлаўна курыруе гэту  дзейнасць у адпаведнасці з  дамоўленасцямі. Яна стала аўтарам вучэбнага дапаможніка “Насенневодства з асновамі селекцыі”, піша шмат артыкулаў  на тэмы раслінаводства і фізіялогіі раслін.
Можа пахваліцца леташнім выданнем рабочага сшытка для лабараторна-практычных работ і выкладчык Кацярына Юрчык. У яе калегі Таццяны Прыхач у дадатак да практыкуму па плодаагародніцтве выйшаў па гэтай дысцыпліне ў  суаўтарстве з рэктарам БарДУ Васіліем Качуркам і рабочы сшытак. На рахунку   выкладчыцы Валянціны  Кірмель  зборнік тэстаў  “Батаніка і фізіялогія раслін”, у Рыгора Войціка –  практычны  дапаможнік “Абарона раслін”.
Доследная калекцыя
Прыклад выкладчыкаў натхняе  да даследчай дзейнасці і навучэнцаў. Яны выступаюць на рэспубліканскай і міжнароднай навукова-практычных канферэнцыях.Тэмы работ  самыя розныя. Навучэнцы аналізуюць, напрыклад, уплыў рэгулятараў росту на ўраджайнасць кукурузы, тэрміны вывядзення інгібітараў і дэзынфіцыруючых сродкаў з малака, развіццё чытацкай культуры каляджан у сістэме ўзаемадзеяння ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці,  уплыў сацыяльных сетак на асобу падлетка і інш. Распрацоўкі вядуцца пад кіраўніцтвам выкладчыкаў і маюць вялікае прыкладное значэнне для паўсядзённага жыцця, для сельскай гаспадаркі ў цэлым (згодны падзяліцца вынікамі сваіх даследаванняў з гаспадаркамі) і для вучэбна-доследнай “Каменкі”.
Яна, дарэчы, сэрца ЛДАКа. Менавіта тут вядуцца даследаванні (кожнае можа працягвацца не адзін год), якія ў рэшце дазваляюць  павысіць якасць прадукцыі, палепшыць смакавыя ўласцівасці культур, іх ураджайнасць і г.д. На 400 гектарах размешчаны калекцыйна-доследнае поле, гадавальнік, пладовы сад,  вучэбна-вытворчая ферма і майстэрні, пчальнік і іншыя аб’екты.
У пладовым садзе і гадавальніку сабраны рэдкія віды раслін, кустоў, дрэў. Не для прыгажосці, а для практычнага навучання юнакоў і дзяўчат: тут яны вучацца даглядаць за пасадкамі і атрымліваць багаты ўраджай, адчуваюць задавальненне ад працы на зямлі. Плодаагароднікі знаёмяцца таксама з рознымі сартамі вінаграду, вучацца яго правільна садзіць, чаранкаваць, апрацоўваць, адкрываюць для сябе  многія  іншыя  сакрэты  культуры.
Лабарант БарДУ  ветэран педагагічнай працы  Іван Біза   вядзе  даследаванні сумесна з кафедрай аграрных дысцыплін інжынернага факультэта, а яго сын  Яўгеній  кіруе работай у вучэбным садзе, дзе каляджане вырошчваюць яблыкі.
На калекцыйна-доследным полі высеяны травы розных сартоў, збожжавыя і зернебабовыя, сідэраты  і іншыя з мэтай вывучэння.
Нядаўна ЛДАК набыў  прамысловы млын –  зернедрабілку. Тэорыя будзе падмацоўвацца практычнымі ўменнямі   прыгатавання  кармоў  для жывёлы.
Каляджан цікавіць, акрамя іншага,   фіталячэнне і фітапрафілактыка паразітозаў сельскагаспадарчай жывёлы, прычыны захворвання  кароў рознымі формамі мастытаў, вывучэнне дынамікі распаўсюджвання  мастытаў і г.д. Жывёлагадоўчыя доследы праводзяцца не толькі на ферме, але і ў каледжскай ветклініцы, дзе дэманструе майстар-клас ветурач Уладзімір Павядайла.
У 2015 годзе навучэнцы даследавалі выкарыстанне мнагакорпусных вулляў пры ўтрыманні пчол у вучэбнай гаспадарцы. Асновы пчаляраства выкладае пчаляр у трэцім пакаленні, фанат сваёй справы Сяргей Мінец.
Іміджавы патэнцыял
Каледжскі навуковы патэнцыял даволі высокі. Тут ведаюць, у якім напрамку крочыць, каб дасягнуць пастаўленай мэты. Педагогі  шукаюць, вынаходзяць і ажыццяўляюць распрацоўкі, рыхтуюць запатрабаваных і кампетэнтных спецыялістаў-аграрыяў.
Адметна, што каманда ЛДАКа ў рэспубліканскім конкурсе  прафмайстэрства 2 гады запар атрымлівае дыплом першай ступені  па  спецыяльнасці “агранамія” сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Летась навучэнцы заатэхнічнага аддзялення прывезлі дыплом трэцяй  ступені.  Поспех пачынаецца адсюль – з ЛДАКА.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
У Год навукі ўстанова будзе ўзмоцнена працаваць над павышэннем якасці падрыхтоўкі спецыялістаў-аграрыяў, далейшым укараненнем сучасных педтэхналогій у навучальны працэс. Удасканаленне тэхналогіі  вырошчвання льну, інавацыі ў пчалярстве і вывучэнне метадаў прафілактыкі і лячэння захворванняў сельскагаспадарчай жывёлы – на парадку ЛДАКаўскага дня.

One thought on “Паспяховы той, хто стварае

  • 31/01/2017 в 12:32
    Permalink

    Нашим хозяйствам не мешало бы использовать колледжские наработки для пользы дела

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *