Рэзервы патрабуюць рэалізацыі. У Ляхавіцкім раёне падведзены вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за мінулы год

Прааналізаваць, зрабіць высновы,  выявіць рэзервы і шляхі вырашэння праблемных пытанняў – такія агульныя задачы перад  кіраўнікамі  і спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў , райсельгасхарчу  паставіў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч на нарадзе па падвядзенні  вынікаў работы жывёлагадоўчай галіны раёна за 2016 год.
Раслінаводства і жывёлагадоўля  непарыўна звязаны паміж сабой. Леташні недабор  збожжа, рапсу, ільновалакна, бульбы адмоўна паўплываў на тэмпы росту аб’ёмаў усёй валавай сельгаспрадукцыі (заданне ў раёне выканалі толькі  КСУП“Ліпнянка” і “Востраў-Агра”).
Нягледзячы на тое, што кармы дабываліся з  цяжкасцю, паліва дарагое, у некаторых гаспадарках  не надта  клапоцяцца пра захаванасць назапашанага. Траншэі не ўкрываюцца належным чынам, сілас ляжыць уперамешку са снегам, кармушкі своечасова не вычышчаюцца. У гэтым плане з лепшага боку адзначаны  “Востраў-Агра”: яшчэ  летам тут паклапаціліся пра зімоўку жывёлы,  выдатна падрыхтавалі траншэі для захоўвання кармоў.  Адпаведна ўзраслі і паказчыкі па надоях.
Намеснік начальніка  райсельгасхарчу Ірына Страмавус  падкрэсліла, што асноўная частка выручкі (больш за 60 працэнтаў) паступае ў гаспадаркі  ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі, таму першачарговая роля павінна надавацца развіццю менавіта гэтай галіны. На парадку дня па-ранейшаму  павелічэнне  пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Аднак, у раёне за мінулы год па гэтым паказчыку мінус, яго дапусцілі  ААТ “Жарабковічы”, “Шлях новы”, “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, СТАА “Біфкам”.
Нягледзячы на пэўныя зрухі, актуальным застаецца і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці малака.  Хаця ў цэлым сітуацыя з надоямі  стабільная – 108,1 працэнта ў параўнанні з 2015 годам (зніжэнне дапушчана толькі ў райаграсэрвісе).
У якасці станоўчага  прыкладу работы ў малочнай галіне   старшыня райвыканкама назваў  ЗАТ “Белпрампрыбор”. Сельгаспрадпрыемства не мае ў арсенале сучасных фермаў з даільнымі заламі, але гэта не перашкодзіла летась валавы надой малака давесці да  123 працэнтаў  да ўзроўню 2015 года. Кожная рагуля дала   7704 кілаграмы — на 1370  больш,чым  пазалетась. Больш за 96 працэнтаў з надоенай 3651 тоны рэалізавана  гатункам экстра. У гаспадарцы створаны  двухгадовы запас кармоў.  Бясспрэчна, ёсць над чым  працаваць, у першую чаргу,  над  аднаўленнем статка і ўтрыманнем маладняку.
Салідна выглядаюць гадавыя прыбаўкі ў “Ліпнянцы” – плюс 743 кілаграмы ад кожнай рагулі  і “Тальмінавічах” (плюс 692).
Узмацненне тэхналагічнай дысцыпліны і адказнасці кожнага за свой участак работы,  падбор кадраў, строгі кантроль, па словах Вячаслава Сельмановіча, паспрыялі  паляпшэнню сітуацыі ў “Ліпнянцы”. І, напрыклад, у “Востраве-Агра”, дзе надой  за год на адну карову вырас  на 474  кілаграмы – да 3514.  Для параўнання: у  райаграсэрвісе  ён знізіўся на 848 кілаграмаў і складае 2972. Асноўная прычына такога зніжэння – незбалансаваны рацыён кармлення.
Раённая  група ў  складзе спецыялістаў  райсельгасхарчу, ветэрынарнай службы, малочнага завода  кантралюе захаванне тэхналагічных рэгламентаў вытворчасці і рэалізацыі малака.   Пэўныя станоўчыя вынікі ўжо ёсць.  Летась  на малочны завод прададзена  на 454 тоны малака больш, чым годам раней, у тым ліку гатункам экстра і вышэйшым 81 працэнт. З даведзеным заданнем па рэалізацыі малака  гэтых гатункаў справіліся  СВК ”Ляхавіцкі”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, аграрны каледж, ДП “Нача” і КСУП “Востраў-Агра”. Першым гатункам сельгаспрадпрыемствы  раёна  рэалізавалі 18,9 працэнта малака: найбольш  “Ліпнянка”, “Біфкам”, “Тальмінавічы”.   Па словах Ірыны Страмавус, такая сітуацыя тлумачыцца недастатковым набыццём ветэрынарных прэпаратаў.  Як следства – саматычныя клеткі  ў малацэ ад хворых кароў.
Далейшае дынамічнае развіццё малочнай жывёлагадоўлі і павышэнне прадукцыйнасці дойнага статка  ў многім залежыць   ад таго, як  захоўваюцца тэхналогіі кармлення і ўтрымання кароў і цялушак.
Летась у гаспадарках раёна атрымана 11083 цяляці,  на 91  больш, чым  у 2015 годзе. У “Белпрампрыборы” ад 100 кароў атрымана 98 цялят (на 10 больш, чым пазалетась), “Востраў-Агра” – 76 (плюс 12),   “Ляхавіцкім” – 91 (плюс 2). У той жа час  у “Біфкаме” колькасць цялят на 100 кароў – 40, “Шляху   новым” – 66.  Найбольшае зніжэнне дапушчана  ў “Тальмінавічах” (мінус 111 галоў).
Дарэчы,  лічбы  можна разглядаць пад розным ракурсам.  Напрыклад, сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы летась у “Ліпнянцы” склалі  421 грам. З аднаго боку – самыя нізкія ў раёне (для параўнання, у  “Ляхавіцкім” – 770 грамаў), з другога – на 80 грамаў больш, чым у 2015годзе, а гэты   плюс – самы важкі ў раёне.
– Там недаатрымана, там недадоена, нізкія тлустасць, таварнасць, якасць малака, перарасход кармоў і ў выніку губляюцца грошы. Некаторыя ўмудраюцца страціць выручку там, дзе патрабуецца мінімальнае фінансаванне. Іншы раз дастаткова было проста  навесці элементарны парадак, – зазначыў Вячаслаў Сельмановіч.
З-за невыканання даведзенага задання па таварнасці малака гаспадаркі раёна недаатрымалі  29,9 тысячы  рублёў выручкі,  ад рэалізацыі малака нізкай якасці – 4,84 тысячы,  ад зніжэння прадукцыйнасці – 448,9 тысячы,  нізкай тлустасці – 9,4 тысячы. Калі б уся  недаатрыманая сума  аказалася на рахунку сельгаспрадпрыемстваў, гэта  дазволіла б павялічыць мясцовым аграрыям зарплату.
Кіраўнікам і спецыялістам гаспадарак  указана на праблемы, якія неабходна вырашаць, прычым неадкладна. Час абяцанак, як зазначыў кіраўнік раёна, прайшоў: пара рэальна выпраўляць памылкі і   несці адказнасць за іх дапушчэнне.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *