Веды, ініцыятыўнасць, рызыка як стартавы капітал

Гэтыя словы з зусім іншай і нават не оперы – эпохі, але ў нейкай ступені і іншай інтэрпрэтацыі іх можна адаптаваць і ў тэму прадпрымальніцтва: стаць бізнесменам можна толькі ўзбагаціўшы сваю памяць веданнем усіх тых багаццяў, якія выпрацавала чалавецтва. Ці сапраўды, каб распачаць і паспяхова развіць сваю справу, патрэбны “стартавы капітал” у выглядзе ледзь не энцыклапедычных ведаў?  Размова на бізнес-тэму з намеснікам старшыні райвыканкама Таццянай Кацуба пачалася іменна з такога пытання.

– Веды трэба разглядаць у якасці першаасновы. Яны служаць базісам любога пачынання, кожнай справы. Тым больш – сваёй справы, адно толькі запусціць якую вельмі і вельмі няпроста. Яшчэ складаней выйсці на прыбытковасць работы, утрымацца і стаць сваім на гэтым узроўні. Без валодання багажом фундаментальных пазнанняў, без глыбокага “пагружэння” ў прадмет сваёй дзейнасці тут ніяк. Але ў канструкцыі пытання слова “энцыклапедычнасць” я замяніла б на “спецыфічнасць”. Асновы эканомікі і бухгалтэрыі, менеджменту і маркетынгу, веданне рынку і законаў яго функцыянавання і ёсць той мінімальны джэнтльменскі набор бізнесмена. Часам неабходна быць псіхолагам, дыпламатам, умець гаварыць “не”, адстойваць свае інтарэсы, быць ініцыятыўным і рызыкоўным. Апошняе, у меншай ступені веды, хутчэй – адметнасці характару, якім не вучацца. З імі нараджаюцца. Выкажу салідарнасць з тымі, хто лічыць, што прадпрымальнікам трэба нарадзіцца. Пры гэтым не спыняцца і не стамляцца вучыцца. Важна, каб і ўдача стала вашым добрым спадарожнікам.

– Вытворчы партрэт ляхавіцкага прадпрымальніка – які ён?

– Калі гаварыць пра таварную вытворчасць, то гэты накірунак дзейнасці ў асяродку нашых прадпрымальнікаў уяўляецца няхай і не прыярытэтам, але ў выглядзе даволі тлустага штрыха. З зарэгістраваных на сённяшні дзень у раёне 135 прыватных структур 60 займаюцца іменна вытворчасцю. “Трансэлектракамплект”, “Інтэрлак”, “Завод “Металапластмас”, “Ляхавічыдрэў”, “Фермент”, “Ібіра” з’яўляюцца найбольш буйнымі і асабліва паспяховымі сярод прамыслоўцаў.

Амаль 60 прадпрыемстваў маюць сельскую прапіску. Прычым, класічным фермерствам займаюцца толькі 15 з іх. Жывёлагадоўчы накірунак дзейнасці абралі для сябе 6 нашых сялянскіх гаспадарак. Астатнія працуюць з зямлёй і на зямлі ў самым першародным значэнні гэтага слова. Вырошчваюць, як правіла, зерневыя, садавіну-агародніну. Хоць ёсць і аграрыі-арыгіналы, у лепшым значэнні гэтага выразу. Як вам, напрыклад, вырошчванне буякоў?

Але ж не толькі фермеры прапісаліся на сельскай тэрыторыі раёна. Тры прыватныя вытворчыя структуры знайшлі сваю эканамічную нішу ў галіне дрэваапрацоўкі, столькі ж асвоілі выраб акон, дзве спецыялізаваны на выпуску жалезабетонных вырабаў. Ёсць такія, хто прысвяціў свой патэнцыял вытворчасці таварнага бетону, мэблі, неметалічных вырабаў і некаторых іншых запатрабаваных рынкам рэчаў.

– Таццяна Міхайлаўна, мы больш пра мікра-, малыя і сярэднія прадпрыемствы з прыватным капіталам. Тэму ж індывідуальнага прадпрымальніцтва пакуль не закраналі.

У цэлым суполку ІП раёна складаюць 420 чалавек. Абсалютная большасць з іх практыкуе рознічны гандаль. Але ёсць тыя, хто займаецца рамонтам адзення, аказвае рамонтна-будаўнічыя, транспартныя паслугі, ёсць індывідуалы-цырульнікі і іншыя. Па нетрывіяльным прадпрымальніцкім шляху пайшоў ІП Валерый Пронька. Камерцыйны інтарэс гэтага чалавека грунтуецца на закупе ў насельніцтва шкляной тары. Што адметна, інтарэсы індывідуальнага прадпрымальніка і раёна ў гэтым выпадку супадаюць. Было б выдатна, каб знайшоўся індывідуал, прадметам эканамічнай цікаўнасці якога сталі макулатура, пластык, іншыя віды другаснай сыравіны.

ІП Галіцкі наладзіў вытворчасць цеплагукаізаляцыйных матэрыялаў, якія пастаўляе ў тым ліку і на МАЗ.

– Сярод дзяржаўных эканамічных прыярытэтаў года экспарт, інвестыцыі (лепш – замежныя на чыстай аснове) і стварэнне новых рабочых месцаў. Наколькі ведаю, па выніках работы ў мінулым годзе з усіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна экспартам паслуг могуць пахваліцца толькі прыватныя структуры.

– Не абсалютна, але практычна – за выключэннем некалькіх тысяч долараў ЗША, заробленых на абслугоўванні замежных грама-дзян жылкамунгасаўскай гасцініцай “Эдэльвейс” і цэнтральнай раённай бальніцай. Усё астатняе – а сумы тут праходзяць дастаткова значныя і больш высокія, чым у 2015 годзе – заслуга малога бізнесу.

І гэта ў дадатак да таварнага гандлю з замежнымі партнёрамі. Асноўныя нашы экспартныя брэнды ўжо гучалі, калі гаворка ішла пра вытворчы партрэт ляхавіцкага бізнесу. Кожнае з пералічаных у тым спісе прадпрыемстваў паспяховае, у тым ліку і на знешніх рынках. Асноўная частка іх прадукцыі “гандлюецца” у Расійскай Федэрацыі, краінах Еўрасаюза, азіяцкім рэгіёне.

–Таццяна Міхайлаўна, як у плане развіцця бізнесу Ляхавіччына выглядае на рэспубліканскім полі ці фоне?

– Бізнес у сталіцы і абласных цэнтрах – адна справа, у пераважна сельскагаспадарчых рэгіёнах – іншая. З году ў год яго ўплыў на эканамічнае развіццё раёна павялічваецца. Так, удзельная вага аб’ёму прамысловай прадукцыі суб’ектаў прадпрымальніцтва ў агульным аб’ёме прамвытворчасці раёна склала ў 2016 годзе амаль 45 працэнтаў. Удзельная вага падатковых бізнес-паступленняў у агульных бюджэтных паступленнях перавысіла 33 працэнты. Для параўнання: пяцігодку назад прадпрымальнікі фарміравалі бюджэт на 25,7 працэнта.

– Трэба адзначыць, што такая сітуацыя стала магчымай дзякуючы створаным умовам для развіцця бізнесу.Тым, хто мае намер (жаданне, імкненне, здольнасці, ідэю) арганізаваць (развіць) сваю справу, кіраўніцтва раёна гатова працягнуць руку дапамогі. У выглядзе, напрыклад, прадастаўлення пад нейкі канкрэтны камерцыйны аб’ект канкрэтнага зямельнага ўчастка. Аказваецца кансультатыўная дапамога, у асобных выпадках – фінансавая.

– У мінулым годзе новых гаспадароў знайшлі 8 аб’ектаў нерухомасці, якія знаходзіліся ў раённай камунальнай уласнасці і апошнім часам не выкарыстоўваліся. Згодна з умовамі продажу, большасць з іх павінны атрымаць камерцыйнае выкарыстанне, як мінімум, на працягу першых трох гадоў. Гэта штрых у дачыненні нерухомасці. На 2017 год запланаваны аўкцыёны па продажы чарговай партыі аб’ектаў нерухомасці. Што да ідэй, то ёсць шэраг цікавых раёну і патэнцыяльна перспектыўных у якасці бізнесу. Чаму б, напрыклад, не адрадзіць у новым, сучасным і камерцыйна выгадным фармаце былы сядзібна-паркавы комплекс у Начы? У Флер’янове на месцы старога саду прапануем закласці цяплічную гаспадарку – 12 гектараў урадлівай зямлі і бонусам побач размешчаныя пабудовы. Перапрацоўка авечай шэрсці – чым не арыгінальная бізнес-ідэя, з улікам таго факта, што сыравіна на адлегласці выцягнутай рукі. Ёсць патрэба, ёсць памяшканні, якія не складана адаптаваць пад аб’екты прыдарожнага сэрвісу. А такога роду сэрвіс у раёне практычна адсутнічае. Яшчэ больш перспектыўным бачыцца вырошчванне на свяціцкіх тэрыторыях лекавых раслін. Перспектыўнасць праекта ў тым, у прыватнасці, што ёсць ужо папярэдняя дамоўленасць з пакупнікамі яшчэ не вырашчанага прадукту. Таксама гатовы супрацоўнічаць з ініцыятыўнымі, актыўнымі і дзелавымі ў справе дапрацоўкі кароткага льновалакна вытворчасці нашага льнозавода. Больш таго, цэлыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы могуць стаць аб’ектам для інвестыцый з наступным пераходам у прыватную ўласнасць.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *