З новай лёгкай парай

Працэдура на аматара. Для адных наведванне лазні з’яўляецца даўняй і трывалай традыцыяй. Неабходнасцю, калі быць дакладным, штотыднёвай патрэбай, якая па факце пераўтвараецца ў рытуал. Такія не бачаць і не хочуць шукаць лепшага спосабу ўмацаваць цела, заспакоіць душу, “абнуліцца” пасля напружанага працоўнага тыдня. З другога боку, знойдуцца і тыя, хто з задавальненнем паіранізуе над аматарамі лупцаваць сябе бярозавым (дубовым і г.д.) венікам. Дык вось, першыя (а суполка наведвальнікаў ляхавіцкай лазні характарызуецца пастаянствам і складаецца не толькі з жыхароў горада і раёна) не маглі не заўважыць змены, што адбываюцца апошнім часам з камунальным гігіенічна-памывачным аб’ектам.

Пачалося ўсё месяца паўтара назад з, увогуле, функцыянальна малазначных дробязяў. Чыстая антуражнасць аднаго з першых крокаў па змене ўнутранага, у прамым і пераносным сэнсе, іміджу лазні відавочная. Але і ў не меншай ступені прыемная: вырабленыя пад заказ шыльды з надпісамі-абазначэннямі памяшканняў маюць больш выгадную эстэтычную энергетыку, чым такія ж, аднак саматужнай вытворчасці.

Праз тыдзень – новы, свежы штрых. Тыя ж шафы для пераадзявання: за гады эксплуатацыі ды яшчэ і ва ўмовах пераўвільготненасці істотна страцілі сваю лакіраванасць. Асобным з іх патрабаваўся рамонт. Яны яго атрымалі, а ўся гардэробная была пафарбавана наноў – у свежых колерах. Здаецца, апошні крок дабавіў памяшканню раздзявальні светласці.

Усё гэта добра, але не прынцыпова для аматара сапраўднай пары. У кожнага свая ступень яе сапраўднасці. Некаторыя, напрыклад, любяць пагарачэй. Іншыя з’яўляюцца менш цеплалюбівымі, але, напрыклад, могуць дазволіць сабе больш працяглае знаходжанне ў памяшканні парыльні. Аднак і першыя, і другія-трэція пагодзяцца, што карыснае задавальненне, сапраўднае аздараўленне парай можа даць толькі сапраўдная парыльня. Каб і тэмпература, і вільготнасць, і зручнасць, і эстэтыка.

У парыльню рамонтнікі заглянулі яшчэ ў старым годзе. Спачатку звярнулі ўвагу на “сэрца” лазні – печку. Генератар пары практычна поўнасцю быў перабраны, перакладзены наноў і па некалькі іншай схеме. Новы цагляны контур атрымаў абноўленую каменную загрузку. Пара стала адрознівацца, у тым ліку, большай мяккасцю.

Далей – больш. Двума этапамі ў парыльні было заменена ўсё драўлянае начынне. Спачатку перабудавалі палок – на кожным яго ўзроўні, праз тыдзень – абшыўку сцен. На змену начной закуранасці прыйшоў вельмі светлы дзень.

Паралельна з цяслярнымі работамі ў памяшканні парыльні сталяры камунгаса працавалі над вырабам новай мэблі, прызначанай для абсталявання лазні. Проста, без прэтэнзіі на вытанчанасць. Але, у параўнанні з доўгімі, старымі, месцамі крываногімі лавамі, цяпераш-нія, як мінімум, выглядаюць больш эстэтычна.

Усе гэтыя змены бачныя. А пра іншае, зробленае для пакупнікоў ляхавіцкай пары, але не відавочнае для іх, расказаў начальнік участка ”Жылфонд” камунгаса Дзмітрый Матчэня. Пра тое, у прыватнасці, што лазню перападключылі да сістэмы цэнтралізаванага забеспячэння гарачай вадой. Да гэтага мела месца аўтаномнасць: ваду назапашвалі ў асобнай ёмістасці і грэлі на месцы, на спецыяльна прыстасаваным абсталяванні. Апошняе, дарэчы, пасля перападключэння гарачага водапатоку ва ўтыль не спісана. Рамантуецца з мэтай пастаноўкі на запасны шлях, у якасці вымушанай альтэрнатывы.

Ці будзе працяг? Кожную нядзелю, калі купляю за 3,9 рубля квіток на наведванне гігіенічнай установы, узнікаюць падобныя думкі. Як запэўніў Дзмітрый Матчэня, ёсць планы на правядзенне вонкавых рамонтна-аднаўленчых работ будынка лазні. У прыватнасці, камунальнікаў не задавальняе стан адмосткі перыметра збудавання, плануецца тынкоўка фасада і, магчыма, нешта яшчэ.

Важныя штрыхі. Увесь гэты час аб’ект працаваў у штатным рэжыме, работы выконваліся ў “халодныя” дні – з панядзелка па пятніцу – сіламі камунгаса і на камунгасаўскія сродкі. Расходы, дарэчы, зусім не малыя. Хоць, па словах спецыяліста, імкнуліся да максімальнай рацыянальнасці ў расходаванні грошай. Так, замест простага, але дарагога шляху – пакупкі гатовай шалёўкі – пайшлі “ў абход”. Сырую дошку высушылі, сфарміравалі профіль. Атрымалася не горш.

А магло б і не атрымацца ці атрымацца пазней. Калі б на неабходнасць “перазагрузкі” аб’екта не звярнуў увагу старшыня райвыканкама. Працэс пайшоў і выйшаў на свежы ўзровень.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *