Зямля не зменіць і не здрадзіць

У раёне 41571 гектар ворыва, 20786 гектараў лугавых угоддзяў (тут і сенакосы, і паша). І кожны год гэтыя плошчы прырастаюць, напрыклад, летась у севазварот уключана яшчэ 10,4 гектара. Адкуль угоддзі?
Вясной кідаюцца ў вочы прыгожыя заараныя палеткі – роўныя, без агрэхаў. Справа не толькі ў тым, што на службу да аграрыяў прыйшла магутная высокапрадукцыйная і мабільная тэхніка, якая дазваляе гэта зрабіць. Адносіны людзей да зямлі становяцца ўсё больш рацыянальнымі, гаспадарскімі: навошта прападаць дарма тым папарам, што год ад году залежваюцца некранутымі? Пры сённяшніх магчымасцях у севазварот можна ўцягнуць максімум зямельных угоддзяў.
У раёне 41571 гектар ворыва, 20786 гектараў лугавых угоддзяў (тут і сенакосы, і паша). І кожны год гэтыя плошчы прырастаюць, напрыклад, летась у севазварот уключана яшчэ 10,4 гектара. Адкуль угоддзі?
У большасці сельгаспрадпрыемстваў разворваюцца і засяваюцца прыфермскія тэрыторыі, палявыя дарогі, рэкультывуюцца няўдобіцы. Займаюцца ўшчыльную гэтым пытаннем сельвыканкамы сумесна з землеўпарадкавальнай службай райвыканкама. Летась праводзілася абследаванне земляў у населеных пунктах раёна, выяўлялі ўчасткі, якія можна і патрэбна ўвесці ў севазварот. Актыўна ішла работа ў Ганчароўскім сельсавеце, дзе былі выяўлены пустуючыя ўчасткі ад 40 да 80 сотак, у Мінічах – 2 гектары невыкарыстоўваемых зямель. Выканана рэкультывацыя і перадача ўгоддзяў у карыстанне: частка ўключана ў севазварот СВК “Ляхавіцкі”, яшчэ  9 гектараў аддадзены грамадзянам у арэнду для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі ў вёсцы Стараселле. Акрамя таго, незапатрабаваныя землі (ворыва, лугавыя – усяго 69 гектараў) у вёсцы Куршынавічы перададзены ў пастаяннае карыстанне фермерскай гаспадарцы “ЛагуЦін”.
У вёсках Туркі, Федзюкі, Сакуны Конькаўскага сельсавета невыкарыстоўваемыя ўгоддзі летась ператварыліся ў сенакосы, а яшчэ паўгектара зямлі, ад якой адмовіліся былыя гаспадары, уключана ў севазварот ААТ “Шлях новы”. У Начаўскім сельсавеце заараны і засеяны гектарны ўчастак, які некалі займала рачканская школа, павялічыліся на гектар-другі і ўладанні Мыслабажскай брыгады СВК “Ляхавіцкі”. Да слова, ёсць над чым працаваць: у вёсках Жарскія, Пашкоўцы яшчэ не праведзена рэкультывацыя пасля таго, як знеслі пустуючыя старыя дамы, засталіся рэшткі падмуркаў, дрэвы і кусты.
Летась знайшліся не ўключаныя ў  гаспадарчы абарот участкі зямель у некаторых вёсках Жарабковіцкага, Крывошынскага, Навасёл-каўскага, Альхоўскага, Востраўскага сельсаветаў. Аднак у апошнім летась праведзены значныя работы па землеўпарадкаванні: 7 гектараў падрыхтаваны пад заворванне, перанесены і пераразмеркаваны некаторыя ўчасткі для асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, значная частка зямельных угоддзяў перададзена ў карыстанне ЗТАА “БелДан”.
Начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Святлана Махнач сцвярджае, што, колькасць вызваленых земляў, напрыклад, з-пад былых сядзібаў, магла б быць большай, але праблема ў тым, што яны знаходзяцца ў цэнтры вёскі, не прымыкаюць да палёў севазвароту і ўчасткі недаступныя для тэхнікі. Аднак, яны падтрымліваюцца ў належным санітарным і супрацьпажарным стане: падкошваюцца трава і пустазелле. Іншы раз гэтыя ўчасткі прапаноўваюцца вяскоўцам для апрацоўкі ці для сенакосаў.
І ўсё ж пустуючых сядзібаў, а побач з імі запушчаных садоў і агародаў у вёсках раёна нямала: стаяць хаты са шчыльна занавешанымі вокнамі, наглуха прышчэпленымі веснічкамі. Праўда, некаторыя сядзібы ажываюць вясной і летам: прыязджаюць дзеці гаспадароў, апрацоўваюць соткі – трымаюць вотчыну за дачу. Не дзіва, што навокал усё прыбрана, нават упрыгожана, падкошана, падрамантавана, падфарбавана. Але ж побач – зарослыя пустазеллем суседнія нічыйныя тэрыторыі. Работнікі сельвыканкамаў вядуць пошукі патэнцыяльных спадчыннікаў. Зараз вырашаецца лёс 540 пустуючых дамоў. Пакуль атрымана 372 уведамленні ад уласнікаў, якія намераны карыстацца сваімі сядзібамі і абяцаюць падтрымліваць іх у парадку. Яшчэ 59 уласнікаў даслалі пісьмы-адмовы ад спадчыны. Пустуючых сядзібаў, на жаль, з кожным годам прыбаўляецца.
– І ўсё ж ёсць падстава для аптымізму, – пераканана галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Алена Князева. – Апошнім часам многія пераязджаюць з горада ў вёску на пастаяннае месца жыхарства. Напрыклад, у Конькаўскім і Навасёлкаўскім сельсаветах амаль не зной-дзеш пустуючых сядзібаў – купляюць гараджане, селяцца, заводзяць падсобную гаспадарку, вырошчваюць экалагічна чыстую агародніну, якой забяспечваюць дзяцей і ўнукаў.
Як не ўспомніць “Новую зямлю” Якуба Коласа:” Зямля не зменіць і не здрадзіць…”.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *