Сродак ад старасці – нераўнадушнасць

Многія з іх даўно на заслужаным адпачынку, некаторыя не працуюць  толькі год-другі, але ўсе  118 былых работнікаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа  ахоплены клопатам і ўвагай. Пра іх не забываюць, запрашаюць на сустрэчы, па магчымасці дапамагаюць.  Навучэнцы і работнікі  каледжа, прафсаюзныя арганізацыі,  бээрэсэмаўцы, валанцёры аб’ядналі намаганні ў  такой важнай і неабходнай справе як клопат і падтрымка. Разам  мы імкнёмся зрабіць  так, каб жыццё  на пенсіі было цікавым, змястоўным, а кожны з нашых паважаных ветэранаў адчуваў сябе патрэбным.
Традыцыйна ветэраны выстаўляюць сваю каманду на спартыўным свяце ”Снежны снайпер”. Там мы атрымліваем магчымасць памерацца сіламі, назапасіць бадзёрасці, добрага настрою, натхнення. Ды і паспрачацца з маладымі ў спрытнасці азартна і вельмі цікава.
А з наступленнем вясны стартуюць  дабрачынныя працоўныя акцыі  валанцёрскага атрада “Міласэрнасць”.  Падчас “Вясновага тыдня дабрыні” робіцца  шмат патрэбнага. Навучэнцы і выкладчыкі спяшаюцца  да пажылых, каб дапамагчы па гаспадарцы і душэўна пагаварыць.  З такіх сустрэч  юнакі і дзяўчаты  заўжды вяртаюцца натхнёнымі – хоць і розныя  пакаленні, але ўмеюць чуць і разумець  адзін аднаго.  А яшчэ гэта  выхоўвае  любоў да абранай прафесіі, дае новыя веды.
А нам, ветэранам, сапраўды, да ўсяго ёсць справа.  Галасы нашых былых работнікаў гучаць  ў народным хоры клуба  “Сівізна”, клубе “Залаты ўзрост”. Пенсія не  прыгавор, не мяжа ў жыцці, за якой засталося ўсё самае лепшае, а новы паварот – за ім новыя радасці.
Аляксандра МАТЧЭНЯ,
старшыня ветэранскай   арганізацыі ЛДАКа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *