Пішу табе…

Дарагая школа! Вырашыла напісаць табе не таму, што даўно не бачыла – жыву за некалькі вуліц ад цябе і маю магчымасць сустрэцца ў любы момант, калі забярэдзіць душу рэха далёкіх шчаслівых дзесяці гадоў. І сказаць: прывітанне, мы даўнавата не сакрэтнічалі пра тое, што было, пра назаўсёды дарагое, давай паўспамінаем… Звяртаюся да цябе, родная, з нагоды традыцыйнай, але ўсякі раз хвалюючай – першай суботы лютага. Менавіта ў гэты дзень усе былыя вучні скіроўваюць шляхі ці хаця б думкі    да сваіх школ. Я – да СШ № 1 горада  Ляхавічы, якая сёлета ў асаблівым статусе – паўтарастагадовай (!) юбіляркі. Колькі мудрасці і любві назапасіла ты, і чым іх больш, тым больш прывабнай і маладой становішся. Такі вось парадокс. Ці не пра светлыя думкі, светлыя мэты, светлыя справы гэта данасць сведчыць? Сонечныя зайчыкі бесперашкодна пранікаюць праз шматлікія вокны ва ўсе без выключэння класы. У тваёй партытуры пералівістая мелодыя званка, дзіцячае шчабятанне, уважлівая цішыня. І гэта застаецца ў сэрцах вучняў назаўсёды. Проста  пакуль ты вучань, не здагадваешся, што на стужку памяці запісваецца да дробязяў, да самых нязначных эпізодаў школьны   ўрок.
Больш паўстагоддзя са сваіх ста пяцідзесяці ты жывеш ва ўтульным трохпавярховым будынку на скрыжаванні вуліц Дзесюкевіча і Купалы. І гэта,  дарагая мая школа, вельмі сімвалічна. Гаворым пра Сцяпана  Дзесюкевіча – пра ўвасоблены подзвіг патрыёта, які ў Вялікую Айчынную змагаўся з фашызмам і перамог, а ў мірны час будаваў падмурак і паверхі шчасця для сваіх землякоў, для будучыні. Янка Купала сілкуе душу народа сваім непаўторным словам   генія і шчодрым сэрцам паэта. Аўра   самая што ні ёсць выразная, чыстая, гарманічная.
У тваім двары, школа, утульна блакітным елкам з шыкоўнымі шышкамі на пушыстых лапах, а пад дахам трохпавярховага будынка – гарэзлівым і смяшлівым, цікаўным і сур’ёзным пачаткоўцам і старшакласнікам, а таксама мудрым, чулым, у добрым сэнсе неспакойным настаўнікам. Колькі іх, вучняў і педагогаў, мелі дачыненне да цябе за прайшоўшыя-праляцеўшыя месяцы, чвэрці, дзесяцігоддзі… Колькі іх сёння і колькі будзе яшчэ! Кожны набор у першы клас – радасць, кожны выпуск – радасць з сумам развітання. Так наканавана табе лёсам, таму што   ты – школа. Сёння многія з тваіх выхаванцаў прыйдуць па не забытай імі сцяжынцы, паднімуцца па прыступках і адчыняць дзверы, за   якімі (быццам не было развітання)  ты – любімая-любімая. Эмоцыі зашкальваюць. У табе ўсе мы, твае вучні, любім  сваё дзяцінства-юнацтва, сваё асабістае сталенне і тое даўняе прадчуванне нязведанага, дзеючымі асобамі якога мы рыхтаваліся стаць. Сталі.  Жывём. І гэта ёсць шчасце.
Дзень добры, школа, дакладней, добры вечар – вечар сустрэчы з табой. Мы ўсе цябе любім, памятаем,   ганарымся табой, удзячны табе.     З юбілеем!
…Мілая мая школа, а падзяліся, калі ласка, сакрэтам, як у твае пяць разоў па трыццаць ты застаешся не малажавай, а маладой, стыльнай, жыццярадаснай, спартыўнай, прывабнай? Гаворыш, справа ў спрыяльным клімаце і мікраклімаце, у шчырасці і неляноце, таленце бачыць і чуць, любіць і захапляцца, бясконца вучыць і вучыцца, памятаць і марыць, імкнуцца і, безумоўна, працаваць? Як усё гэта проста, зразумела і… складана. Дзякуй, што раскрыла свой сакрэт, свой правераны   сродак Макропуласа. Дзякуй, школа, што яшчэ адзін урок выкладзены лаканічна і даходліва.
З пашанай і шчырай прыязнасцю,
твая заўсёдная вучаніца Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *