Задача з трыма вядомымі. І гэтыя вядомыя – улік, кантроль, дысцыпліна

На парадку дня першага ў гэтым годзе пасяджэння раённага выканаўчага камітэта значыліся два пытанні. Адно з іх датычыла вынікаў работы Ляхавіцкага раённага звяна     Брэсцкай  тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у 2016 годзе і задач на 2017 год. Другое пытанне – высокай вытворча-эканамічнай важнасці, для сельскай гаспадаркі, у першую чаргу, а з улікам аграрнага статуса Ляхавіччыны – і эканомікі раёна ў   цэлым.
Пра ход выканання мерапрыемстваў па павышэнні эфектыўнасці племянной работы і ўзнаўлення статка буйной рагатай жывёлы ў   сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ў мінулым годзе і задачах на гэты рабіла справаздачу дырэктар племстанцыі Кацярына Фірусь.

Задачай племянной работы з’яўляецца ўдасканаленне статкаў жывёлы з мэтай атрымання максімальных аб’ёмаў прадукцыі і высокай якасці пры найменшых працоўных і матэрыяльных затратах.

Сярэдняя прадукцыйнасць статкаў у пяці гаспадарках раёна летась перавысіла 5 тысяч кілаграмаў малака: СВК “Ляхавіцкі”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, дзяржаўны аграрны каледж, ДП “Нача”, ААТ “Жарабковічы”. Першыя тры дасягнулі больш як сямітысячнай удойнасці. Ёсць і свайго роду рэкардсменкі: 116 кароў за 305 дзён лактацыі паказалі ўдойнасць, роўную 9 тысячам і больш кілаграмаў малака.

Па атрыманні прыплоду статка раённыя жывёлаводы спрацавалі ў цэлым з плюсам, які ў адносным выражэнні склаў працэнт ад узроўню базавага 2015 года. У той жа час некаторыя сельгаспрадпрыемствы паказалі ў гэтым пытанні адваротную дынаміку. Сярод такіх КСУП “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, ААТ “Шлях новы”.

Адным з важнейшых момантаў племянной работы, лічбавай характарыстыкай яе якасці з’яўляюцца прывагі рамонтных цялушак. Сярэднясутачны паказчык, ніжэйшы за 700 грамаў на галаву, не лічыцца якасным. Тым больш, калі, як у выпадку з шасцю сельгаспрадпрыемствамі раёна, ён не дацягвае і да 600 грам. Такую работу ў азначаным накірунку райвыканкам прызнаў недастатковай. У спіс з чатырох ужо названых гаспадарак трапілі таксама райаграсэрвіс і ”Белпрампрыбор”.

Факт спісачнага суседства названых адкрытага і закрытага акцыянерных таварыстваў мае месца, аднак, не здаецца ў поўнай ступені карэктным. Галоўнае – вынік, а прадукцыйнасць дойнага статка “Белпрампрыбора” больш чым удвая пераўзыходзіць аналагічную райаграсэрвісаўскую лічбу. Першыя раўняюцца на 2 дзясяткі кілаграмаў экстра-якасці малака ад каровы ў дзень, у другіх няма і дзясятка. Пры тым, што, рост вытворчай прадукцыйнасці галаўнінскага малочнага статка не суправаджаўся асаблівымі інавацыямі і фінансавымі ўліваннямі. Усё ў рамках звычайнага. Ці знойдзецца той, хто занясе тэхналагічную, вытворчую, працоўную дысцыпліну ў лік незвычайных катэгорый? Плюс татальны ўлік і такі ж кант-роль, адказнасць кожнага за свой участак работы, шчырае імкненне выканаць яе найлепшым чынам.

Формула “ўлік-кантроль-дысцыпліна”, па меркаванні старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, з’яўляецца ісцінай любога вытворчага здабытку.

Яе дзейснасць, вытворчую пазітыўнасць у выпадку прымянення пацвярджае прыклад “Вострава-Агра”. Яго цяперашні дзясятак ці некалькі больш кілаграмаў малака ў дзень на карову не з’яўляецца нават сярэднераённым. Але ж, напрыклад, год назад было ўсяго 7, а то і менш. Пры тым, што нічога кардынальна новага не вынайшлі – упарадкавалі работу.

У працяг востраўскай тэмы адзначым, што на базе гаспадаркі ў пачатку лютага збяруцца зааветэрынарныя спецыялісты, кіраўніцтва галіны і раёна, каб падвесці рысу пад работай жывёлагадоўчай галіны ў першым месяцы бягучага года. І, верагодна, з мэтай “перасадзіць” нешта з востраўскага вопыту на “поле” сваёй жывёлагадоўлі.

Райвыканкам прыняў адпаведныя рашэнні па пытаннях парадку дня. І што тычыцца далейшага павышэння эфектыўнасці племянной работы ў сельгасарганізацыях раёна, і работы раённага звяна Брэсцкай тэрытарыяльнай падсістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Абазначаны дакладныя арыенціры, пастаўлены канкрэтныя задачы на год бягучы.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *