Заўсёды твой вучань. СШ №1 г. Ляхавічы адзначыла 150-годдзе /фота/

Госці свята

На чаканую і прыемную сустрэчу запрасіла СШ №1 у першую суботу лютага  выпускнікоў, традыцыйную і надзвычай адметную – каб адсвяткаваць сваё 150-годдзе.  Расчыніла дзверы ўрачыста, гасцінна, прыгожа.  “Мы любім цябе, школа! … Выраслі, але толькі ў школе мы ўсё тыя ж  дзеці… Сумуем па настаўніках… Вярнуцца б   хоць на імгненне …” , – шчыра прызнаваліся ў сваіх пачуццях госці. Моцныя абдымкі і  поціскі рук даўніх сяброў, слёзы радасці і яркія ўсмешкі і, канешне,  успаміны-ўспаміны…  Менавіта ў такія моманты разумееш непарушнасць  школьнага брацтва, значнасць настаўніцкай прафесіі.   Загучалі фанфары і закружылася-палілося  свята ў карагодзе прызнання і ўдзячнасці, шчырых сардэчных слоў.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў  Яўгеній Юрлевіч  павіншаваў педагогаў,  вучняў, настаўнікаў-пенсіянераў, выпускнікоў з такой значнай падзеяй, уручыў школе  ад раённай улады падарунак, граматы  райвыканкама і падзячныя пісьмы  райсавета членам калектыву.
Свае пажаданні  калегам  адрасавала начальнік аддзела адукацыі Святлана Якубоўская,  якая падкрэсліла: тут умеюць ставіць мэты і дасягаць поспеху.
Ва ўсе часы школа славілася ініцыятыўнымі, творчымі, адданымі справе  настаўнікамі, якім шанцавала працаваць пад кіраўніцтвам   граматных і нераўнадушных людзей.  Уключаючы сённяшняга дырэктара Наталлю Кулак,  іх роўна дзесяць.
На святочную сцэну запрасілі Лідзію  Архангельскую  і Ганну  Крук. Менавіта Лідзіі Іванаўне (дарэчы, яе дырэктарскі стаж без малога чвэрць стагоддзя) давялося займацца, як зараз сказалі б, “апгрэйдам” установы. Дзякуючы дабудове, плошча школы павялічылася ўдвая. Пра гэта і пра многае іншае гаварылі сёння ўжо ветэраны педагогікі –  шчыра, з хваляваннем, як і належыць гаварыць пра яркія старонкі жыцця.
Усім  ветэранам-педагогам, якія завіталі  на юбілей, хапіла ўвагі і цеплыні. Кветкі, дружныя апладысменты – Соф’і Хмарук, Веры і Івану  Купрыкам, Марыі Махнавец, Уладзіміру Сокалу, Галіне Багушэвіч, Валянціне Бародзіч, Ніне Буцько, Святлане Жаўрыд, Ірыне Лебядзінскай, Анатолію Малевічу, Але Дубіне, Ірыне Патапчык, Святлане Шахмуць і многім  іншым, хто на працягу дзесяцігоддзяў выкладаў  школьнікам не толькі школьныя, але і жыццёвыя ўніверсітэты.
Сярод сённяшніх настаўнікаў ёсць тыя, хто і на пенсіі працягвае вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак, перадае вопыт маладой змене: Зоя Несцяровіч, Ірына Анікей, Алена Гатоўчыц, Ганна Крук, Аляксандра Аўдзей, Ганна Лук’янчык, Ніна Валуй. Яны і  настаўнікі-выпускнікі роднай школы, а таксама педагогі, што сёння пішуць яе гісторыю,   адкрылі па сцэнарыі адзін з пяці раздзелаў “школьнага альбома”– вернасць любімай справе (былі яшчэ гісторыя, мудрасць, гонар, дзяцінства). Іх талент і крэатыўнасць праявіліся і падчас падрыхтоўкі да юбілейнага свята школы.
Разам з вучнямі  на сцэне спявалі, танцавалі, дарылі музычныя нумары і сонечны настрой былыя выпускнікі СШ.
Пераклічка юбілейных выпускаў  аб’ядноўвае, злучае, робіць віток у гісторыю. На сцэне – сем залатых юбіляраў. Паўстагоддзя назад у іх быў  баль, атэстат, былі абяцанні сустракацца. У кнізе водгукаў  яны запісалі: “…Няхай вучні  заўсёды знаходзяць сваё месца ў жыцці, становяцца дастойнымі людзьмі і праслаўляюць школу”. Свае аўтографы пакінулі многія дарагія для школы людзі. А старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, выпуск-нік  СШ № 1 Леанід Цупрык  даслаў юбілярцы прывітальны адрас са словамі віншавання,  удзячнасці,  найлепшымі пажаданнямі педагогам і вучням.
…Дырэктар Наталля Кулак  дзякуе ўсім, хто прыйшоў на вечар сустрэчы.  Гучыць гімн школы, які спяваюць усе разам (яго   аўтары  настаўнік-выпускнік СШ Аляксандр Сокал і намеснік дырэктара Алена Якубец). А потым, як і належыць, быў імянінны торт з феерверкам пажаданняў і пачуццяў. З юбілеем!
СШ № 1 – не адзіны адрас, дзе ў мінулую суботу сустракалі гасцей. Ва ўсіх школах раёна было святочна, радасна і светла ад добрых эмоцый – вечары сустрэчы былых выпускнікоў прайшлі, як заўсёды, непаўторна і душэўна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Марыя Махнавец і Соф’я Хмарук.

Марыя Махнавец і Соф’я Хмарук.

Лідзія Архангельская і Ганна Крук.

Праз 50 гадоў пасля выпуску з настаўнікам матэматыкі Уладзімірам Сокалам.

Іван і Вера Купрыкі

Класныя кіраўнікі Алена Камко і Святлана Жаўрыд са сваімі вучнямі праз 10 гадоў пасля выпускнога.

Сустрэча праз 3 дзесяцігоддзі


3 thoughts on “Заўсёды твой вучань. СШ №1 г. Ляхавічы адзначыла 150-годдзе /фота/

  • 08/02/2017 в 13:18
    Permalink

    Здравствуйте, огромное Спасибо за душевный репортаж!
    Вот, толко очень жаль, что коллективные фотографии очень маленькие, на них плохо различимы лица.
    Разместиье пожалуйста фотографии побольше размером.
    Благодарю.
    С Уважением, Александр.

  • 08/02/2017 в 14:05
    Permalink

    С удовольствием выполним просьбу.

  • 09/02/2017 в 16:54
    Permalink

    На вечера встречи хожу каждые 5 лет. После долго ностальгируем с одноклассниками, перезваниваемся. Школа возвращает в юность, дарит праздник и возможность встретиться-наговориться с друзьями.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *