Салодкая пара

З пачатку верасня доўжыцца ў гаспадарках раёна сезон уборкі цукровых буракоў. За гэты час зроблены сур’ёзны крок у фінішным накірунку. Напрыклад, да ўчарашняга дня крыху больш як пятая частка агульнараённых “салодкіх” плошчаў была выбрана. На “пяцёрку” – у літаральным і, думаецца, вытворчым сэнсе – выглядае ўраджайнасць сярэдняга гектара – 555 цэнтнераў. Паралельна ідзе і продаж прадукцыі палёў: у адрас заводаў-перапрацоўшчыкаў Ляхавіччына ад-грузіла амаль 16 з паловай тысяч тон буракоў. Сказанае азначае, што свае ў гэтым пытанні абавязкі раённыя буракаводы на 22 працэнты выканалі. Інакш кажучы, аб’ёмы продажу некалькі апераджаюць тэмпы ўборкі, што дае падставу гаварыць і пра станоўчы расклад ў цэлым па сезоне.

У СВК “Шлях новы” трэцяя частка 450-гектарных намінальных плошчаў убрана. Пры ўраджайнасці, блізкай да сярэднераённай, з палеткаў сабрана больш за 8 тысяч тон караня-плодаў. Выручае механізацыя: у дапамогу буракаўборачнаму камбайну, за стальнымі плячамі якога  ўжо не адзін палявы сезон, летась прадпрыемства набыло падбуртоўшчык-пагрузчык. Працэс паскорыўся, з’явілася магчымасць максімальна эфектыўнага выкарыстання асноўнага камбайна. “Дапамагае і надвор’е”, – зазначае старшыня СВК Аляксандр Вашчук. Прыемнае цяпло і адсутнасць дажджоў ствараюць не толькі працоўны камфорт. Такія ўмовы для ўборкі заметна зніжаюць працэнт забруджанасці буракоў. У “Шляху новым”, дарэчы, ён раўняецца прыкладна 6, што з’яўляецца важнай вытворчай характарыстыкай.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *