Атрымайце пашпарт! І не толькі

Інспектар АГіМ Юрый Дзямід працуе ў службе больш за 6 гадоў.

Пашпарт – галоўны  дакумент, які пацвярджае грамадзянства, засведчвае асобу і дазваляе выязджаць у іншыя краіны. Калі ў яго закрадзецца хоць невялікая памылка і выявяць яе, напрыклад, пры перасячэнні мяжы, планы падарожніка могуць рэзка памяняцца. Таму ад супрацоўнікаў аддзялення  па грамадзянстве і міграцыі патрабуюцца  надзвычайная ўважлівасць,  адказнасць і нават скрупулёзнасць пры афармленні дакументаў. Такімі якасцямі і неабходнымі юрыдычнымі ведамі валодаюць супрацоўнікі  АГіМ Ляхавіцкага РАУС  інспектар Юрый Дзямід, вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва Таццяна Капцэвіч і старшы пашпартыст Алена Іанакідзі.  У  межах сваёй кампетэнцыі яны заўсёды гатовы  расказаць,  растлумачыць заканадаўчыя тонкасці. Дарэчы, гэта  адна з нямногіх службаў міліцыі, куды звяртаюцца і нашы суайчыннікі, і замежныя грамадзяне. Сярод яе функцый  не толькі так званая пашпартная работа, але і  кантроль за знаходжаннем, часовым і пастаянным пражываннем замежных грамадзян і асоб без грамадзянства  ў нашым раёне, выкананнем заканадаўства аб знешняй працоўнай міграцыі.

За мінулы год у АГіМ  звярнулася больш за 1600 чалавек за атрыманнем пашпарта, зарэгістравана 207 замежных грамадзян, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна, выдадзена 117 пасведчанняў на права жыхарства іншаземцам (сярод іх большасць расіян, украінцаў і казахаў).
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *