“Варшава” плюс “Масква” раўняецца Зубелевічы

З чаго пачынаецца Радзіма? Адказ на гэтае пытанне ў кожнага чалавека свой. У той жа час ва ўсіх калі не абсалютна аднолькавы, то вельмі і вельмі блізкі: з роднага парога, бацькоўскага падворка, з ранняга маленства знаёмых і ў любым узросце шчымліва блізкіх мясцін, з землякоў. І не прынцыпова, вялікі гэта ў агнях горад ці звычайная вёска – сваёй малой радзіме мы заўсёды гатовы спяваць песню. Што і пацвердзілі жыхары Зубелевіч, якія сумесна з мясцовай і раённай уладамі арганізавалі ў апошнюю вераснёўскую нядзелю яскравае свята роднай вёскі.

Звычайныя ўвогуле, аднак жа, і асаблівыя ў сваёй непаўторнасці Зубелевічы, як адзначыў на пачатку мерапрыемства старшыня Падлескага сельвыканкама Анатолій Ксёнжык, з’яўляюцца домам для 427 чалавек. Распаўсюджанае меркаванне, што ў вёсцы зараз пражываюць у асноўным людзі сталага веку,  – не пра Зубелевічы. Толькі прыкладна кожны чацвёрты мясцовы жыхар дасягнуў пен-сійнага ўзросту. Усе  астатнія – людзі эканамічна актыўнага ўзросту, а таксама дзеці і моладзь.

У вёсцы ёсць базавая школа, дзіцячы садок, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, прадпрыемствы гандлю, працуе сельскі Дом культуры. І, калі меркаваць па ўбачаным і пачутым на свяце вёскі, – працуе актыўна, знаходліва і таленавіта. Не навіна,         што галоўная заслуга ў яго арганізацыі і правядзенні належала менавіта работнікам СДК і яго кіраўніку Алене Прадчанка, якая, апроч таго, цудоўна выглядала ў ролі вядучай.

Населены пункт “пачынаўся” ў 1561 го-дзе, а пахо-джанне яго назвы тлумачыцца наступнай – адной з многіх – легенд. Прыгожай, у мно-гім павучальнай і дастаткова праўдападобнай.

У мясцовага пана служыў парабак, прозвішча меў Зубель. Пан быў настолькі ім задаволены, што палічыў магчымым адрэзаць ад сваіх угоддзяў і падарыць працавітаму Зубелю кавалак зямлі. Апошні пабудаваў дом, пачаў жыць-пажываць і, калі верыць легендзе, увекавечыў сябе ў назве вёскі.

Зараз у Зубелевічах налічваецца 182 двары. Сваім размяшчэннем яны ўмоўна ўтвараюць два, так бы мовіць, канцы вёскі. Частку ад пачатку вёскі да, прыкладна, будынка школы, калі ехаць з боку райцэнтра, некалі даўно насялялі людзі пераважна каталіцкай веры, далей жылі праваслаўныя хрысціяне, якія займаліся сялянскай працай. З усяго гэтага на сённяшні дзень засталіся хіба толькі назвы, ды і то з адценнем яўнай жартоўнасці: “Варшава” і “Масква”.

Не будзе ні кроплі перабольшвання, калі сказаць, што жыхары вёскі праявілі  да свята вялікую цікавасць, актыўна ўдзельнічалі ў розных конкурсах, розыгрышах, якія былі прапанаваны арганізатарамі мерапрыемства. Прыемны факт: не толькі пастаянныя жыхары Зубелевіч прыйшлі на свята, было нямала і тых, хто пражывае ў іншых вёсках і гарадах, аднак жа, пэўным чынам звязаны з гэтымі мясцінамі, не губляе сувязь і, па магчымасці, не ўпускае выпадку сюды наведацца.

Што непасрэдна да сцэнарыя, існуюць калі не традыцыі, то пэўныя напрацоўкі, сюжэтныя лініі. Вось і падчас правядзення свята вёскі Зубелевічы былі агучаны вынікі конкурсу “Дом высокай санітарнай культуры”, шмат цёплых слоў прагучала ў адрас самага малога і самага пажылога яе жыхароў. Дарэчы, чалавекам найбольш сталага веку вёскі Зубелевічы з’яўляецца Ксенія Шклянік, 1902 года нараджэння. Узрост ды і, мабыць, стан здароўя не дазволілі Ксеніі Пятроўне асабіста прысутнічаць на свяце, аднак, яго арганізатары паабяцалі “прыхапіць” з сабой найлепшыя пажаданні і наведацца да паважанай зямлячкі ў госці. Увагу землякоў адчулі на сабе сямейныя пары, якія адзначылі рубінавае, сярэбранае і паркалёвае вяселлі, а таксама маці семярых дзетак Таццяна Сокал (свае шматлікія мацярынскія клопаты жанчына – дзе толькі бярэ час і сілы – сумяшчае з прадукцыйнай сумленнай працай даяркі ў СВК “Ордэна “Знак Пашаны” “Кастрычнік”) і некаторыя іншыя заслужаныя ці проста ў нечым адметныя жыхары Зубелевіч.

Удзельнікаў і гасцей свята частавалі дамашнімі прысмакамі: варэннямі-саленнямі, блінамі, вітаміннымі напіт-камі і іншым смакоццем. “Усю ноч рыхтаваліся”, – заўважыла Алена Прадчанка. На агляд былі выстаўлены творы майстрых-вышывальшчыц. Вакальна-забаўляльны “фармат” свята быў прадстаўлены ансамблем песні “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК, спевакамі Жамчужнінскага СДК Баранавіцкага раёна і некаторымі іншымі выканаўцамі. Не забыліся і пра самых малых – для задавальнення іх інтарэсу працаваў атракцыён.

Такое ж і ў той жа дзень свята адбылося і на другім канцы раёна – у вёсцы Кулікі Востраўскага сельсавета.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *