Назавіце дачку Людмілай

Летась у нашым раёне нарадзіліся 237 малышоў (122 хлопчыкі і 115 дзяўчынак), 124 з іх – гараджане. 2016-ты парадаваў двайнятамі: такое папаўненне ў трох сем’ях.
Самым папулярным у бацькоў нованароджаных дзяўчынак было імя Ксенія, у пераліку самых запатрабаваных таксама Аляксандра, Арына, Валерыя, Марыя, Сафія, Вікторыя, Паліна. Называлі нашых маленькіх зямлячак і рэдкімі імёнамі: Дамініка, Ванэса, Васіліса, Камелія, Сабіна, Эвеліна. А вось калісьці папулярныя імёны Святлана, Алена, Вольга, Людміла аказаліся забытымі.
Сярод хлапчуковых імён бясспрэчнае лідарства за Арцёмам – так назвалі 11 нованароджаных. На другім месцы Аляксандр і Уладзіслаў. Арсеніем, Ягорам, Іванам, Кірылам, Яраславам бацькі назвалі па 5 немаўлят. Здае пазіцыі імя Мікіта, якое доўгі час лідзіравала: яго атрымалі толькі 4 хлопчыкі, якія з’явіліся на свет летась. Ёсць сярод маленькіх ляхавічан Леў, Мірон, Савелій, Радамір.
У 82 сем’ях гэта радасная падзея – нараджэнне дзіцяці –  адбылася ўпершыню. А вось у 85 сем’яў бусел прыляцеў ужо другі раз, у 52 – трэці, у 15 – чацвёрты, у 3 – пяты.
Як расказала начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла Палтарак, сёлета ў студзені заключана 12 шлюбаў – усе ў горадзе. Для параўнання: летась у гэтым жа месяцы згулялі вяселле толькі 4 пары. Магчыма, паўплывала тое, што 2016-ты  быў высакосным. Але і 113 зарэгістраваных шлюбаў для года нямала. Самымі вясельнымі аказаліся люты (12 шлюбаў), ліпень, жнівень, верасень і лістапад – па 10.
Вузамі Гіменея звязваюць сябе людзі самага рознага ўзросту. У мінулым годзе 14 нявест і 16 жаніхоў былі ва ўзросце ад 31 да 35 гадоў, 16 нявестам споўнілася па 27 гадоў, а самай маладой –
усяго 15. Для двух жаніхоў і чатырох нявест марш Мендэльсона прагучаў пасля 60 гадоў.
Не толькі ўзрост, але і межы нішто для закаханых: 12 шлюбаў у мясцовым аддзеле загса беларусы заключылі  з грамадзянамі іншых краін.
Па-ранейшаму, большасць пар бяруць шлюб ва ўрачыстай абстаноўцы, з машынамі, музыкай, гасцямі, пышным застоллем, іншымі вясельнымі атрыбутамі. Хаця ёсць і выключэнні: прыйшлі ў загс, распісаліся, і наперад – у сумеснае жыццё.
Дарэчы, усе рэгістрацыі летась адбываліся менавіта ў будынку загса, за выключэннем адной: маладая пара «распісвалася» на выездзе – у адной з аграсядзіб раёна.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *