Сямейны капітал у пытаннях і адказах

Якія  пытанні хвалююць тых, хто ўжо стаў атрымальнікам сямейнага капіталу, ці прэтэндуе на яго,  расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама
Леанід Калбаса.
– Як атрымаць гэты від дзяржаўнай дапамогі?
– Не пазней чым праз паўгода пасля з’яўлення дзіцяці (трэцяга, чацвёртага ці наступнага) маці, грамадзянцы Беларусі, трэба звярнуцца з пісьмовай заявай  у райвыканкам. Неабходна мець пакет дакументаў, у тым ліку пашпарты  мужа і жонкі, пасведчанні аб нараджэнні ўсіх дзяцей у сям’і, даведкі аб саставе сям’і і месцы жыхарства.
– Калі падыдзе тэрмін атрымання сямейнага капіталу, якія працэдуры неабходна прайсці?
– Пасля таго, як дзіця, з нараджэннем якога з’явілася права на прызначэнне гэтага віду дапамогі, дасягне паўналецця, бацькі павінны звярнуцца ў банк, дзе адкрыты спецрахунак. Калі гэта не зрабіць на працягу трох гадоў, грошы вернуцца назад у бюджэт.  Напрыклад, 22-гадовы малады чалавек ужо не зможа скарыстацца такой дапамогай, калі бацькі па нейкай прычыне забыліся пра прызначаны капітал. Грошы згубяць і  тыя, хто не знойдзе ім прымянення на працягу пяці гадоў.
Нагадаю, дзяржава паклапацілася не толькі пра прызначэнне  такой падтрымкі,  сямей-ны капітал надзейна абаронены ад інфляцыі. Сродкі, якія  выдзяляюцца ў доларах ЗША, не абкладаюцца падаткам, захоўваюцца на дэпазіце ў Беларусбанку.
– Бацькі скасавалі шлюб. Пры гэтым з маці засталіся двое дзяцей. Ці дасць права на сямейны капітал трэцяе дзіця гэтай жанчыны, якое нарадзілася ў новым шлюбе?
– Такую дзяржпадтрымку атрымліваюць сем’і, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей. Біялагічная роднасць значэння не мае. У згаданай сітуацыі капітал  будзе назначацца новай сям’і мнагадзетнай маці.
– Калі жанчына атрымлівае сямейны капітал пасля нараджэння трэцяга дзіцяці, ці можа яна прэтэндаваць на гэту дапамогу пасля нараджэння чацвёртага, пятага дзіцяці?
– Не, гэта аднаразовая  дапамога. Нават калі жанчына паспее да 2019-га нарадзіць яшчэ дзяцей, сямейны капітал больш назначацца не будзе.
– Калі бацькі пасля 18-годдзя дзіцяці задумаюць патраціць грошы на паляпшэнне жыллёвых умоў, а сам “віноўнік” – на навучанне ва ўніверсітэце, як падзеліцца сямейны капітал?
– У канцэпцыі гэтага віду дзяржпадтрымкі – долевае размеркаванне: траты павінны быць узгоднены з усімі членамі сям’і. Калі ў меркаваннях разыходжанні, то сума дзеліцца  паміж усімі. Напрыклад, у сям’і 5 чалавек: маці, бацька, трое дзяцей. Кожны з іх атрымае па 2 тысячы долараў з працэнтамі. Патраціць грошы яны змогуць толькі па безнаяўным пералічэнні.  А на што – навучанне, жыллё ці сацыяльныя паслугі – кожны будзе вырашаць самастойна.
– У якіх выпадках можна страціць права на сямейны капітал?
– Напрыклад, калі маці або бацька пазбаўлены бацькоўскіх правоў.  Пры гэтым дапамогу не атрымаюць толькі нядбайныя бацькі, дзеці змогуць  скарыстацца капіталам.  Пры размеркаванні не будуць улічвацца маці ці бацька, якія не жывуць у сям’і па прычыне скасавання шлюбу. Грамадзяне, якія ўчынілі цяжкія злачынствы, таксама не маюць права на такі від дзяржпадтрымкі.
– Чаму працэдурай афармлення  сямейнага капіталу павінна займацца іменна маці?
– Сапраўды, сямейны капітал прызначаецца маці.  Аднак, могуць быць і выключэнні. Маці не мае права на прызначэнне дзяржпадтрымкі, напрыклад, калі не з’яўляецца грамадзянкай Беларусі. Тады гэта права пераходзіць бацьку. Галоўнае, каб хтосьці з дарослых  быў грамадзянінам Беларусі.
У жыцці здараюцца розныя сітуацыі. Жанчына можа трапіць у бальніцу з малым, ці ў яе не хапае часу займацца паперамі. Тады сямейны капітал можна аформіць праз свайго прадстаўніка, у якасці якога можна выбраць каго заўгодна – ад мужа да сяброўкі.  Абавязковая ў такім выпадку – завераная натарыяльна даверанасць.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *