Шчырая Шчара мая

Гэты нарыс быў напісаны яшчэ мінулай зімой. Прачытаўшы яго, Віталь Уладзіміравіч, са сваёй характэрнай лагоднай усмешкай заўважыў: “Ведаеш, пакуль няма нагоды друкаваць матэрыял. Вось выйдзе другая кніга “Купала і Колас, вы нас гадавалі” — тады іншая справа. Су-стрэнемся, пагамонім. І давай назавём яго “Шчырая Шчара мая”. У Міколы Купрэева ёсць цудоўныя радкі:

Жураўлі  журлівыя мае —
праплывае новае растанне.
Зноў над Шчарай шчыры
крык растане, —
ў гэтым свеце вечна не стае…

Нагода з’явілася — змрочная і горкая. Кніга ўбачыла свет ужо без аднаго са сваіх таленавітых аўтараў. І гэтыя заметкі як успамін пра яго.

Пісаць пра Віталя Скалабана мне адначасова было лёгка і складана. Лёгка таму, што ведаў яго даўно. Упершыню ўбачыў у Ляхавіцкай раённай школе піянерскага актыву (была такая). Памятаю, як цікава ён распавядаў нам, вяскоўцам, пра добрыя справы сваіх аднакласнікаў, а пасля разам з імі ліха скакаў “Лявоніху” і  польку. Складанасць жа ў яго шматграннай натуры — няпроста расказаць пра выдатнага гісторыка, архівіста, літаратуразнаўца, края-знаўца, бібліёграфа, выдаўца, дацэнта ў адной асобе.

Па-добраму зайздросціў яго шырокай эрудыцыі. Нават выпадкова сутыкнуўшыся ў горадзе, перш чым павітацца, ён “агарошваў” патокам інфармацыі. Факты, імёны, даты сыпаліся з яго вуснаў, як з рогу дастатку. Не паспеўшы расказаць пра адну падзею ці асобу, спяшаўся падзяліцца апошнімі архіўнымі адкрыццямі. І ў вачах яго столькі бляску, радасці, надзеі!

Неяк сустрэліся каля сталічнага Дома прэсы.

— Ты ведаў Герасіма Праневіча? — запытаўся.

— Нават чарку разам бралі, — адказваю і называю прозвішчы іншых удзельнікаў знакамітага Падлескага народнага хору, які славіўся не толькі на Берасцейшчыне, але і ва ўсёй рэспубліцы.

— Я адшукаў цікавыя дакументы аб іх паездцы перад вайной у Маскву, на Дэкаду беларускага мастацтва.

— Дык пра гэта пісалі газеты.

— Э-э, далёка не ўсё. А ў мяне ёсць і рэпертуар, і сведчанні аб рэакцыі Сталіна на канцэрт у Вялікім тэатры СССР, і нават пералік страў, якімі кармілі артыстаў… Сістэматызую матэрыялы і паспрабую іх надрукаваць. Дарэчы, ці даўно ты быў у Ляхавічах? Хор спявае?

— Спявае на святах, праўда, не так часта,  як раней, калі ім кіраваў Міхась Жук, які шчыра любіў і шанаваў народную песню.

— Гэта ўнікальны, самабытны калектыў, дзецішча самога Цітовіча, яго трэба берагчы, — заўважыў суразмоўца, і развітваючыся, добразычліва, як заўсёды, дадаў: “Ну, бывай здаровенькі”.

Віталь нарадзіўся на Слонімшчыне, але Ляхавіцкі раён лічыў родным. Сюды ў 1951 годзе, у райсельгасупраўленне, перавялі маці — Вольгу Іванаўну. Бацька — Уладзімір Рыгоравіч — доўгі час працаваў дырэктарам беларускай няпоўнай сярэдняй школы. Неяк яго выклікалі ў райкам партыі: чаму не ўкамплектаваны беларускамоўныя класы? Скалабан прывёў шэраг аб’ектыўных прычын. А дзе твой сын вучыцца, у рускай школе? Неадкладна забірай да сябе!

— Дык там ён — звычайны вучань, як і ўсе, а нашы настаўнікі будуць рабіць яму розныя скідкі, больш удзяляць увагі, што можа сапсаваць хлопца, — даказваў дырэктар, але і гэты важкі аргумент не пераканаў партфункцыянера. Праўда, калі так званай тады «другой» школе надалі статус рускамоўнай, Віталь вярнуўся ў “першую”,            якую выдатна закончыў.

Пытанне, куды паступаць пасля вучобы, не стаяла перад Віталем Скалабанам — толькі на гістфак і толькі ў Ленінград. Чаму менавіта туды? Бацька — настаўнік-франтавік, апантаны краязнавец, стварыў у сваёй школе на той час даволі прыстойны музей гісторыі Ляхавіцкага раёна. Ён збіраў дакументы пра Майсея Кухарчыка — камандзіра партызанскага атрада, які летам 1919 года дзейнічаў у тутэйшых мясцінах. Уладзімір Рыгоравіч з-за цяжкай хваробы не паспеў закончыць справу. Гэтым і заняўся сын. Менавіта ў горадзе на Няве, у Цэнтральным архіве ваенна-марскога флоту, у якім захоўвалася нямала звестак пра тыя падзеі. Забягаючы наперад, зазначу, што сабраныя дакументы склалі пазней аснову для раздзела кнігі “Памяць. Гісторыка-дакументальная хро-ніка Ляхавіцкага раёна”, якую Віталь Скалабан рыхтаваў ужо як рэдактар  Бела-       рускай Савецкай Энцыклапедыі  (БелСЭ).

Час вучобы ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце, як адно імгненне. Змястоўныя лекцыі, цікавыя, масцітыя выкладчыкі, гарачыя дыскусіі, вечары, праведзеныя ў багатых архівах, бібліятэках, музеях, — усё гэта давала імпульс для творчага пошуку, натхнення. У студэнцкія гады ён пачаў спрабаваць свае сілы ў журналістыцы. Яго першы невялікі артыкул “Ленін распытвае пра Беларусь” — пра бежанцаў Першай сусветнай вайны, якія былі на прыёме ў старшыні Саўнаркама — у чэрвені 1968 года апублікаваў “ЛіМ”.

Сюды, у Пецярбург-Петраград, вялі шляхі-дарогі Адама Міцкевіча, Янку Купалу, Усевалада Ігнатоўскага, Вацлава Іваноўскага, братоў Каліноўскіх, іншых слынных беларусаў. Іх складаныя лёсы зацікавілі маладога гісторыка. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці на пачатку ХХ стагоддзя — тэма не толькі яго дыпломнай, але і многіх іншых навуковых прац. “Беларускі нацыянальны камісарыят. Студзень 1918-сакавік             1919 г.” — так называлася кандыдацкая дысертацыя, абароненая пазней у Інстытуце гісторыі АН БССР.

Пасля ўніверсітэта Віталя прызвалі служыць у войска, што дыслацыравалася ў былой ГДР. Два гады здаліся вечнасцю. І якое было шчасце зноў пачуць родную мову, гаварыць на ёй, заняцца любімай справай. Ён працаваў на розных адказных пасадах у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя”, Навукова-даследчым інстытуце дакумента-знаўства і архіўнай справы, Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Ф.  Ска-рыны. З 2002 года загадваў аддзелам публікацый Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Дзякуючы яго намаганням у айчынны гістарычны кантэкст вер-нуты імёны С.  Скандракова, Ф. Кудрыпскага, У. Фальскага, М. Мялешкі, А. Гзоўскага, многіх іншых знакамітых беларусаў, не кажучы ўжо пра асобы У. Ігнатоўскага, М. Доўнар-Запольскага,            М. Улашчыка. Мала хто ведае, што ўсесаюзную вядомасць Віталю Уладзіміравічу прынесла адкрыццё імя першага ленінскага біёграфа — загадчыка выдавецкага пададдзела Петраградскага аддзялення Белнацкама Івана Баранкевіча.

Аб важкім укладзе Скалабана ў айчынную гістарычную навуку напісана нямала, у тым ліку і ў энцыклапедычных даведніках. Заўважу, ён свой чалавек, як сярод навукоўцаў, так і сярод літаратараў, кінематаграфіс-таў, тэатральных дзеячаў. Для пацвярджэння прывяду кароткі спіс яго “пасад”: рэдактар і ўкладальнік асобных тамоў поўнага збору твораў Янкі Купалы, суаўтар сцэнарыяў дакументальна-мастацкіх фільмаў пра Цішку Гартнага, Янку Купалу, Усевалада Ігнатоўскага, драмаў “У жніўні 36-га”, “Людвіка і Фабіян” — пра каханне Фабіяна Шантыра і Зоські Верас. У суаўтарстве з пісьменніцай Людмілай Рублеўскай створана кніга “Время і бремя архивов и имён”, якая летась убачыла свет і выклікала шырокі грамадскі рэзананс, павышаную цікавасць у чытацкім асяроддзі. І гэта не першая іх сумесная фундаментальная работа. Здаралася, што дзякуючы публікацыям адклікаліся нашчадкі іх герояў, сустракаліся сваякі, якія нават не ведалі пра існаванне адзін другога.

Ён супрацоўнічаў з многімі выданнямі, але асабліва плённа з “Советской Белорус-сией”. У сваіх змястоўных і цікавых нарысах распавядаў пра невядомыя факты з жыцця і творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Астапенкі, Янкі Нёманскага, Мітрафана Доўнар-Запольскага, Яфіма Карскага, Івана Замоціна, Максіма Танка… Па яго ініцыятыве ўзнікла сумесная акцыя Нацархіва і рэдакцыі газеты “Народны архіў”, які працягвае папаўняцца.

Ёсць упэўненасць, што спецыялісты больш падрабязна і прафесійна раскажуць пра В. Скалабана як архівіста, гісторыка, літаратара.

Вышэй я ўзгадваў пра хроніку “Памяць”. Дык вось, кніга пра Ляхавіцкі раён, падрыхтаваная Скалабанам, па ацэнках вядомых гісторыкаў, стала ўзорам, эталонам згаданых выданняў. Добра памятаю, як яна стваралася. Віталь падняў на ногі ледзь не ўсіх землякоў, што жылі ў Мінску: успомніце, падкажыце, напішыце. Мы павінны пакінуць нашчадкам не менш, чым атрымалі самі. Зразумейце, калі відавочцы маўчаць, нараджаюцца легенды. Сённяшні дзень — у яго закончанай характарыстыцы — зразумелы толькі тады, калі ён становіцца звяном складанага гістарычнага працэсу.

Часам здавалася, што мяне ён зусім “заездзіў”: скараці тэкст, выкінь лірыку, зрабі спасылкі на першакрыніцы, пераправер даты і прозвішчы…

Такі вердыкт ён выносіў кожнаму матэрыялу. І не толькі майму. Цяжка ўявіць, якую тады ношку Віталь узваліў на свае плечы. Але не скінуў, данёс праз перашкоды і вы-прабаванні. На прэзентацыі Віталь хваляваўся, бадай, больш чым перад абаронай дысертацыі. І не дзіўна. Ён здаваў экзамен землякам. Экзамен на сталасць, прафесіяналізм, грамадзянскасць.

На сцэне РДК у адной руцэ трымаў важкі том “Хронікі”, у другой — невялічкую кніжачку, памерам з агульны сшытак.

— Гэтую гісторыю нашага раёна напісаў мой бацька, — сказаў ён, а гэтую — мы з вамі.

Зала ўзарвалася апладысментамі.

Прызнаюся, часта перад Віталем я адчуваў сябе дужа няёмка. Пра Ляхавіччыну, яе гістарычныя мясціны ён ведаў значна больш за мяне, хоць апошнія дваццаць гадоў бываў тут толькі наездамі. А я ж нямала працаваў у “раёнцы”, ды і пасля, будучы  карэспандэнтам абласной “Зари” часта калясіў знаёмымі пуцявінамі. У вёску Флер’янова заязджаў разоў сто. І не ведаў цікавую гісторыю пра цёплыя адносіны былога гаспадара фальварка Тадэвуша Бохвіца з сусветна вядомай пісьменніцай-раманісткай Элізай Ажэшкай. Тут расце магутны дуб, які яна пасадзіла. Каля яго ўстаноўлена памятная дошка. І гэты факт таксама можна за-пісаць у актыў Віталя Скалабана. Руплівым і ўважлівым ён заставаўся ў дачыненні да гістарычнай памяці дарагіх сэрцу мясцін да апошніх дзён жыцця.

Успаміны, успаміны… Маці Віталя, Вольга Іванаўна, — жанчына ціхая, спакойная, заўсёды сур’ёзная. Яна працавала ў райсельгасхарчы радавым эканамістам-статыстыкам. У маім даўнім разуменні, людзі гэтай прафесіі — “сухія” і нецікавыя, зацыкленыя на лічбах, рахунках, каштарысах. Неяк па рэдакцыйных справах зазірнуў да яе ў кабінет. Якраз заканчваўся абедзенны перапынак. На стале, засланым прыгожай сурвэткай, стаяў кубак з недапітай гарбатай. Вольга Іванаўна гартала часопіс, пасля павярнулася да мяне і раптам спытала: “Валодзя, як вы адносіцеся да драматургіі?” Я ледзь не анямеў і моўчкі паціснуў плячыма. “Цудоўная рэч надрукавана. Вазьміце, пачытайце”, — і працягнула мне “Нёман”. Так я пазнаёміўся з п’есай Мікалая Матукоўскага “Амністыя” і пасля стараўся не “прапусціць” кожны новы твор пісьменніка.

Да пераезду ў Ляхавічы Вольга Іванаўна працавала ў знакамітых Жыровічах, што на Гродзеншчыне. Аднойчы зімовым надвячоркам яна вымушана была вяртацца  дахаты праз Шчару. І правалілася ў палонку.  А ўжо хадзіла цяжарнай.

— Выходзіць, што быў я ахрышчаны Шчарай яшчэ да свайго нараджэння, — часта жартаваў Віталь Уладзіміравіч.

Там, у старажытным Слоніме, шырокая, імклівая рака бярэ разбег, каб неўзабаве сустрэцца і абняцца з Нёманам. Каля Ляхавічаў яна ціхаплынная, толькі набірае сваю сілу і прыгажосць, аздабляючы сокамі казачныя лясы і лугі. Зямлю, у якую быў улюбёны Віталь Уладзіміравіч Скалабан. Тут яму было заўсёды добра, светла, утульна.

P.S. Яго публікацыя “Любіла вёску, бацькоўскі дом” выйшла ў “ЛіМе” сёлета, 29 красавіка. Прысвечана руплівай беларускай даследчыцы-архівісту Аляксандры Гесь — былой дырэктарцы          Мядзведзіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.

Помніцца, напярэдадні Віталь зайшоў у наш кабінет, зняў паліто, сеў за мой стол і доўга расказваў пра гэтую цудоўную жанчыну і навукоўца. Як заўсёды жартаваў, смяяўся, дзяліўся планамі. Праўда, вочы былі сумныя-сумныя.

Нават у страшным сне не магло  прысніцца, што гэта была наша апошняя  сустрэча.

Уладзімір БАЦКАЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *