Вокны росту

Дэлегацыя СВК “Ляхавіцкі” была адной з самых прадстаўнічых на пасяджэнні гаспадарчага актыву раёна.

У пятніцу прайшло пасяджэнне гаспадарчага актыву Ляхавіцкага раёна. На яго былі запрошаны каля трох соцень прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў. Раённы Дом культуры сустракаў гасцей атмасферай стрыманай святочнасці і дзелавой урачыстасці. Гукі музыкі, выставачныя міні-стэнды шэрага прадпрыемстваў і майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці Ляхавіччыны. Такі фон, сутнасць жа мерапрыемства – у падвядзенні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за мінулы год, абмеркаванні задач на год 2017-ты і шляхоў іх вырашэння.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч адзначыў усё тое добрае, перадавое, высокае, што дасягнута раёнам у 2016 годзе, падкрэсліў, што гэта – вынік сумесных намаганняў жыхароў Ляхавіччыны.   Рытмічна працавала і працуе сацыяльная інфраструктура: раённыя сістэмы медыцыны, адукацыі, культуры. Працягвалася аптымізацыя іх сеткі. Аднак змяншэнне колькасці зусім не азначае пагаршэнне якасці тых жа медыцынскіх ці адукацыйных паслуг.
2016-ты быў аб’яўлены Годам культуры. За гэты час у раёне праведзена каля трох тысяч культурных мерапрыемстваў. Вельмі розных, большасць з якіх вызначаў высокі культарганізацыйны ўзровень. У 2016-ым дэбютавалі “Флер’яноўскія чытанні”, новы працяг, некалькі больш высокае гучанне меў традыцыйны этнафэст “З крыніц спрадвечных”, іншае. Вось ужо пара сезонаў, як апошні фестываль перастаў быць вандроўнікам – атрымаў аседлую грушаўскую прапіску. Былы палацава-паркавы ансамбль – асобая раённага і пазараённага значэння тэма. Бліжэйшая задача – добраўпарадкаванне тэрыторыі, рэстаўрацыйнае аднаўленне адной, на першым часе, з пабудоў. Ёсць надзея на фінансавую падтрымку Еўрасаюза ў рамках праекта трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна”. Канчатковая мэта – арганізацыя на плошчах былой рэзідэнцыі Рэйтанаў этнакультурнага цэнтра ў складзе музея, рознага кшталту тэматычных пляцовак, зон адпачынку.
Але і медыцыну  з адукацыяй, і спорт з фізкультурай і культурай, і грамадскую   бяспеку можна і трэба разглядаць у тандэме з эканомікай. Яны яркае адлюстраванне спраў у рэальным сектары народнай гаспадаркі, эфектыўнасці эканомікі.
Гаворачы пра рэнтабельнасць эканомікі раёна, на першае месца выходзіць выніковасць работы аграпрамысловага комплексу. Мінулы год быў для вяскоўцаў няпростым. І не такім выніковым, як спадзяваліся і на які абгрунтавана разлічвалі. Надвор’е ў вельмі значнай ступені засушыла вынікі работы раслінаводаў раёна. У самым прамым сэнсе. Менш, у параўнанні з базавым 2015-ым, сабрана зерневых, бульбы. “Згарэлі” рапс і лён. Нягледзячы на атрыманую прыбаўку ў жывёлагадоўлі, выйсці на прагнозныя валавыя лічбы не атрымалася.
У сувязі з гэтым задачы перад аграпрамыслоўцамі раёна на гэты год стаяць яшчэ больш высокія. З кампенсацыйнай папраўкай за сёлетні недабор. Добрым вынікам, па словах старшыні райвыканкама, будзе лічыцца 8-працэнтны рост валавой прадукцыйнасці. Канешне, складана, аднак не немагчыма. Шляхі росту, па меркаванні Вячаслава Сельмановіча, у дакладнасці тэхналогіі, дысцыпліне, прафесіяналізме, арганізацыі, матываванасці, уліку і кантролі. У якасці прыкладу прагучала ЗАТ “Белпрампрыбор”, дзе без крутых навацый і фінансавых уліванняў за апошнія 3 гады паднялі сярэднюю ўдойнасць каровы да высокіх 7700 кілаграмаў малака пры сярэднераённым некалькі большым за 5100. Практычна на гэтай жа   базе – дысцыпліна і парадак ва ўсім – станоўчай дынамікай характарызуюцца і вынікі работы востраўскіх і ліпскіх жывёлаводаў.
Сярод задач бягучага года – зніжэнне сабекошту выпускаемай прадукцыі. І ў сельскай   гаспадарцы, і ў прамысловасці, і ў сферы аказання жыллёва-камунальных паслуг. Апошняе, у тым ліку, і за кошт яшчэ большага выкарыстання ў вытворчасці цеплавой энергіі мясцовых відаў паліва. Дровы свае, тарфяныя брыкеты таксама. А сваё заўсёды таннейшае за пакупное – прыродны газ, калі працягваць тэму цеплавытворчасці і цепласпажывання.
Экспарт, інвестыцыі, рабочыя месцы, вытворчасць прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, рознічны тавараабарот. Усё са знакам “плюс” у параўнанні з  2016-ым, знаходзіцца ў авангардзе працоўных задач раёна на 2017 год.
Толькі ад усіх нас залежыць раённы дабрабыт, адзначыў старшыня райвыканкама.
У пасяджэнні гаспадарчага актыву прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Цупрык і першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Буткевіч.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч, дэпутат парламента Леанід Цупрык, першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Буткевіч, дырэктары малочнага завода Вячаслаў Жукоўскі і торфабрыкетнага Уладзімір Гунько (справа налева) перад пасяджэннем абмяняліся меркаваннямі па надзённых пытаннях.

Начальнік комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы ААТ “Жарабковічы” Алена Навалочка, аператары машыннага даення гаспадаркі Людміла Кудзіна і Лідзія Чаркас.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *