Вас чакаюць у падатковай

Галоўная мэта прыняцця Дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” зразумела ўжо з назвы дакумента. Ён закліканы стымуляваць працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці, забяспечыць выкананне канстытуцыйных абавязкаў па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў.

База даных плацельшчыкаў збору фарміруецца цэнтралізавана на ўзроўні Міністэрства па падатках і зборах.   На пачатак лютага жыхарам Ляхавіцкага раёна накіравана 1077 паведамленняў на выплату збору на фінансаванне дзяржрасходаў. Тэрмін выплаты збору за 2015 год – 20 лютага 2017 года. На сённяшні дзень 71 наш зямляк гэты свой абавязак ужо выканаў, у бюджэт пералічана 21300 рублёў.

Падатковая служба актыўна праводзіць растлумачальную работу па рэалізацыі палажэнняў Дэкрэта № 3. Інспекцыя МПЗ па Ляхавіцкім раёне разгледзела больш за 100 пісьмовых зваротаў, праводзяцца прамыя лініі, асабісты прыём грамадзян.

Дэкрэт № 3 прадугледжвае права грамадзяніна, які атрымаў паведамленне аб неабходнасці выплаты збору, на працягу 30 каляндарных дзён з моманту атрымання паведамлення прадставіць у падатковы орган дакументы ці тлумачэнні, што сведчаць пра адсутнасць у яго абавязку па выплаце збору на фінансаванне дзяржрасходаў за адпаведны падатковы перыяд. На працягу ўстаноўленага заканадаўствам месячнага тэрміну падатковая служба прымае рашэнне аб пацвярджэнні раней уручанага паведамлення, унясенні змяненняў у яго ці ануляванні паведамлення. Так, па стане на 1 лютага ў дачыненні 4 жыхароў раёна прынята рашэнне аб змяненні сумы выплат, анулявана 83 паведамленні на выплату збору (у асноўным, у адносінах грамадзян, якія ў 2015 годзе знаходзіліся за межамі краіны больш за 183 дні). Трэба адзначыць, што ануляваныя паведамленні не з’яўляюцца накіраванымі беспадстаўна, бо ў адносінах некаторых катэгорый грамадзян (у тым ліку асоб, якія ў справаздачным годзе знаходзіліся за межамі краіны) звесткі аб адсутнасці абавязку па выплаце збору могуць быць прадстаўлены толькі імі самімі.

ІМПЗ па Ляхавіцкім раёне нагадвае, што мясцовым органам улады Дэкрэтам № 3 дадзена права вызваляць грамадзян ад выплаты збору ў сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Пад цяжкай жыццёвай сітуацыяй маюцца на ўвазе аб’ектыўныя абставіны, што не залежаць ад грамадзяніна і якія ён не можа пераадолець самастойна. У райвыканкам паступіла 17 такіх заяў. 8 грамадзян вызвалены ад выплаты збору, яшчэ адна заява разглядаецца зараз.

Варта нагадаць, што нявыплата або няпоўная выплата сумы збору на фінансаванне дзяржрасходаў цягне накладанне на грамадзяніна штрафу ад 2 да 4 базавых велічынь ці адміністрацыйнага арышту.

Кансультацыю па пытаннях практыкі прымянення нормаў Дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” можна штодзень атрымаць у ІМПЗ па Ляхавіцкім раёне па тэлефонах 2-34-86, 2-41-47, 2-05-55 або ў інспекцыі МПЗ па Брэсцкай вобласці (80162) 27-87-30, 27-87-33, 27-87-34.

Анатолій ЖАБІК, начальнік ІМПЗ па Ляхавіцкім раёне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *