Званы болю. ПАМЯЦЬ, ЯКАЯ ЗАГАРТОЎВАЕ СЭРЦЫ

Якое жудаснае, бязлітаснае слова вайна. Яе падзеі –  гэта бясконцы балючы напамін пра тое, што, здаецца, і не хочацца памятаць, што хочацца забыць назаўсёды. Але так уладкавана чалавечая памяць: часам раны, якія даўно зажылі, балець не перастаюць.
Для многіх нашых землякоў 15 лютага не толькі памятная дата з гісторыі мінулага – дзень, калі апошняя калона савецкіх войскаў перасякла афгана-савецкую мяжу, але і тысячы асабістых, прасякнутых вайной старонак жыцця. Вытрымаць выпрабаванні лёсу, выканаць свой інтэрнацыянальны абавязак было наканавана 76 ляхавічанам. Трое з іх назаўсёды застануцца ў нашай памяці юнымі: Уладзімір Малахвей, Святаслаў Мядзведскі, Генрых Цыкман жывымі дамоў  не вярнуліся…
Ну, а тыя афганцы, якім пашанцавала, у страі і сёння, няхай і не ў баявым. Працуюць, стварылі сем’і, дапамагаюць дзецям, у многіх ужо ёсць унукі.  Тыя ж даўнія ваенныя вёрсты іншы раз сняцца, і тады стогне душа…

Сяргей Тарлюк (злева) з аднапалчанінам.

«У маім лёсе  быў Афганістан»

Ёсць афганская старонка ў жыцці Сяргея Тарлюка. У 1984 годзе яго прызвалі на тэрміновую службу. Адправіўся ў ваенкамат у Брэст, потым у Мінск, а адтуль цягніком у гарачы Батумі. Успамінае, што многія хлопцы былі з Беларусі, у асноўным з Гродзенскай вобласці, а двое з Ляхавіч. Пашчасціла: побач быў зямляк Уладзімір Прыступа. Сяргей не ведаў, што на Каўказ прыбыў усяго  на тры месяцы –  для акліматызацыі і ваеннай падрыхтоўкі  для службы ў Афганістане.
Што адчувае чалавек, калі разумее, што хутка трапіць на вайну?
– На той момант я не ведаў, што мяне чакае. Здаецца, усведамляў, што накіроўваюся ў гарачую кропку. Быў загад. Я нават не задаваў сабе пытанняў –  значыць так павінна было быць.  Служыць давялося ў 66 асобнай стралковай брыгадзе ў горадзе Джалалабадзе.  Быў вадзіцелем БТР, затым кулямётчыкам, – сціпла распавядае пра сябе Сяргей Сямёнавіч.
Яго БТР ішоў першым, калі суправаджалі калоны з боепрыпасамі, прадуктамі харчавання.  Пасля першага баявога задання ён усвядоміў, што такое вайна і што такое  страх:
– Мы суправаджалі чарговую калону, якая рухалася за паўкіламетра ад нас. Рабілі сваю справу сапёры, дапамагалі знаходзіць схаваныя міны спецыяльна навучаныя сабакі. Усё здавалася звычайным. Я выглядаў з машыны, сачыў за становішчам вакол. І тут аднекуль чую свіст, быццам кадр з фільма  «Белае сонца пустыні» –  мы трапілі пад абстрэл. Баявы таварыш крычыць: – Прыгніся, хавайся, каб не пацэлілі! – А я нават зварухнуцца не мог, толькі потым зразумеў, што здарылася. Вось такое баявое хрышчэнне…
Літаральна на кожным заданні на дарогах прыходзілася здымаць міны, добра калі адна, у асноўным тры-пяць. Але сапёры і экіпаж БТР сваю работу ведалі добра (памылкі каштуюць жыцця
свайго і нават усёй калоны). Не раз даводзілася працаваць пад абстрэлам, траплялі ў сітуацыі, калі магчымасці адступіць не было.
Назаўжды застаўся ў памяці дзень 21 жніўня 1986 года – калі вярнуўся дамоў.
Сёння Сяргей Сямёнавіч шчаслівы сем’янін, добрасумленны і паважаны працаўнік ДРБУ-200. З жонкай выхавалі сына Аляксея і дачку Юлію, цяпер цешацца ўнукамі, якіх ужо двое.  Для ўсіх іх ён – герой. І гэта сапраўды так.

Падчас адкрыцця дзіцячага садка ў Кабуле (злева Людміла Буханава).

З любімай унучкай.

“І сёння бачу  адзін і той жа сон”

Людміла Буханава добра памятае той дзень. Ёй было дваццаць восем, калі  трапіла ў Кабул. Марыла паглядзець свет, завесці новых сяброў. Прапанавалі   паехаць у Афганістан, туды набіралі брыгаду будаўнікоў. Гэта ж як раз па яе спецыяльнасці: раней працавала ў праектнай арганізацыі.
Што кіравала ёю – рашучы, смелы характар ці дапытлівасць і цікаўнасць? І не скажаш жа, што не ведала, куды ехала.
– Напэўна, калі чуеш пра вайну, не так усё ўспрымаецца, бо гэта такі погляд з боку, таму і не ра-зумееш. А калі апынаешся там, ілюзій не застаецца. Першае, што  ўбачыла, а дакладней пачула, калі выйшла з самалёта, –   аглушальна стралялі танкі, якія абаранялі аэрапорт ад душманаў. Гэта можна параўнаць толькі з громам неверагоднай сілы.  І толькі тады ўсвядоміла, што знаходжуся на сапраўднай вайне. Упершыню мне стала страшна, – расказвае Людміла Вікенцьеўна.
І хоць зброі ў руках не трымала, але ўсё ж была побач з тымі, хто змагаўся супраць душманскіх атрадаў. Узводзілі  розныя ваенныя будынкі: казармы для салдатаў, клубы, дзе вайскоўцы маглі праводзіць вольны час, склады для боепрыпасаў. Але асабліва запомнілася,  як будавалі дзіцячы садок для афганскіх дзетак. На ўрачыстае адкрыццё сабраліся кабульцы, вельмі дзякавалі за дапамогу, нават узнагародзілі медалём «Ад удзячнага афганскага народа».
Ваенныя ўспаміны неваеннай Людмілы Буханавай напоўнены болем.  Было, напрыклад, такое: адправіліся калегі за гравіем, а праз пару хвілін стала вядома, што яны трапілі пад абстрэл і назад ужо не вернуцца…
Зусім юныя, жыццярадасныя хлопчыкі ў армейскім, на вачах станавіліся дарослымі. Вестку з дому яны лічылі вялікай радасцю. Аднойчы дваццацігадовы салдат, які пасля перастрэлкі быў дастаўлены ў шпіталь, пазнаць сябе ў люстэрцы не змог – яго галава стала сівой.
Памятае Людміла Вікенцьеўна і напружанне, страшэнную трывогу, калі вярталася дамоў. Пасажыры ўздыхнулі з палёгкай толькі пасля таго, як пілот паведаміў, што перасеклі мяжу, што пад крыламі самалёта –  Радзіма.
У шчырых прыгожых жаночых вачах не павінна быць столькі болю, колькі бывае ў яе, калі ўспамінае Афган.  Гаворыць,  мне трэба было гэта прайсці. І яна прайшла.  Мужная жанчына са светлым тварам, сустрэнеш у горадзе – і не падумаеш, што паспытала.
Яна вагалася, ці трэба гэта размова. Дзякуй, што вырашыла расказаць.
Сёння Людміла Буханава – начальнік штаба грамадзянскай абароны райбальніцы. І ў мірны час жыць без адказнасці і клопату не можа. Дапамагае сыну і не ўяўляе жыцця без сваёй маленькай унучкі.
Маргарыта КУХТА,
студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара  і з сямейнага архіва  герояў публікацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *