Валянцінка для …»ЛВ»

Абаяльная і жыццярадасная, яркая і таленавітая, вучыцца на дзявяткі-дзясяткі і марыць стаць урачом. Знаёмцеся – старшакласніца Востраўскай СШ Аляксандра Горбік.  Як высветлілася, да ўсяго іншага Саша яшчэ і шчырая прыхільніца раёнкі. Калі БРСМ аб’явіў акцыю “За любімую Беларусь!”,  сваімі рукамі зрабіла арыгінальную валянцінку для … ”Ляхавіцкага весніка”.  Дарэчы, яе падарунак быў прызнаны адным з лепшых у раённым этапе ўсебеларускай акцыі.
– Хтосьці прызнаецца ў пачуццях спартсменам, спевакам, а я прысвяціла іх раёнцы. Калі не ўмела чытаць,   проста праглядала газетныя фотаздымкі, а зараз не прапускаю ні адзін нумар, ні адну публікацыю. Маё жаданне павіншаваць рэдакцыю падтрымалі не толькі родныя, але і аднакласнікі, і настаўнікі, – дзеліцца дзяўчына.
Дапамагаў, падказваў, як увасобіць мару ў рэальнасць, педагог-арганізатар, настаўнік рускай мовы і літаратуры  Юрый  Дзямід. Летась яны разам спаборнічалі ў абласным конкурсе “Лідар года”, сталі лепшымі ў намінацыі “дуэт-лідар”.
Натхняе на крэатыў і мама Раіса. Дзякуючы ёй Саша вучыцца ствараць прыгажосць сваімі рукамі: вышывае, вяжа, малюе. А яшчэ вельмі захапляецца мілагучнасцю і прывабнасцю  роднага слова.
– Наша мова, як песня, – сцвярджае Аляксандра Горбік, якая нядаўна стала прызёрам абласной алімпіяды па беларускай мове.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Настаўнік і вучаніца

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *