Купалаўка. Гаворыць час

Ёсць у людзей добрая традыцыя спраўляць імяніны. Свае і не толькі. Вось і ў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі юбілей. Менавіта 17 лютага 1947 года ёй было прысвоена імя народнага паэта Янкі Купалы. І вось ужо 70 гадоў землякі цёпла, нейк па-роднаму называюць яе купалаўкай.
Сюды спяшаюцца, каб дакрануцца да асаблівага, таямнічага, у цішыні забыцца пра мітусню, памарыць, разам з героямі любімага твора акунуцца ў прыгодніцкі свет, падарожнічаць, перажываць. Для школьнікаў і студэнтаў  гэта месца, дзе можна знайсці дапамогу ў вучобе. Заглядаюць, калі трэба напісаць курсавую работу, падрыхтаваць рэферат ці знайсці патрэбны мастацкі твор. А ёсць тыя, для каго кніга становіцца прафесіяй. Гэта пра бібліятэкараў. Сёння пра сваю купалаўку ўспамінаюць яе ветэраны.
Ірына Лагун, дырэктар ЦБС з 1982 па 2012 год:
– ”Купалаўцы” заўсёды былі ў ліку лепшых у вобласці, імкнуліся нешта змяніць, прыдумаць новае, шукалі шляхі да сэрцаў чытачоў. Дарэчы, і чытацкая цікавасць была зайздросна высокай. Калектыў дружны, з’яднаны. Ганаруся, што мне давялося працаваць з такімі таленавітымі, творчымі людзьмі як Ніна Юруць, Тамара Мітрафанава, Фаіна Папко, Галіна Навагран, Тамара Бурак, Марыя Саракавік, Валянціна Пілінога, Аляксандра Юруць, Алена Казушчык, Таццяна Бурак і іншыя.
Бібліятэка ніколі не абмяжоўвалася толькі выдачай кніг. Тыя, хто лічыць жыццё гэтай культустановы сумным, напэўна, не ведае пра вясёлыя, душэўныя сустрэчы членаў клубаў па інтарэсах. Як жа чакалі зямлячкі чарговых пасядзелак у жаночым клубе “Лада”. Абмяркоўвалі самыя розныя тэмы за кубачкам гарачай гарбаты, дзяліліся кулінарнымі рэцэптамі, ладзілі смачныя вечары, калі самі гатавалі і частавалі.
У свой час папулярнымі былі перасоўныя бібліятэкі. У раёне іх налічвалася больш за паўтара дзясятка. Былі свае і ў гасцініцы, і ў бальніцы, нават на заводзе “Металапластмас” і  лясгасе.
Галіна Івашкевіч, працавала загадчыцай аддзела абслугоўвання:
– Памятаю творчыя вечары ў Сваятыцкай хаце-чытальні. Мне было дзесяць гадоў. Але ўжо тады разумела, што біблія-тэка – цэнтр, дзе заўсёды кіпіць жыццё. Тут збіраліся ўсе: мужчыны-шахматысты, жанчын жа часта можна было ўбачыць за вязаннем. Перад вачыма карціна, як ставілі сцэнку з п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”.
Магчыма, гэтыя выразныя і незабыўныя моманты з дзяцінства падказалі мне ў выбары прафесіі. Заўсёды буду ўдзячна тым, хто дапамагаў рабіць першыя крокі ў бібліятэчную справу, – Вользе Сакаловай і Ніне Цупрык. Давялося працаваць у чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі, стала загадчыцай аддзела абслугоўвання. Дзякуй, побач былі мае настаўнікі Антаніна Свістуновіч і Альбіна Лойка, заўсёды падказвалі, вучылі.
Як мы радаваліся бібліятэчнаму наваселлю, будавалі планы, увасаблялі іх у жыццё. А вырашыць праблему з дастаўкай кніг у маланаселеныя вёскі дапамаглі бібліобусы. Многія вяскоўцы на пэўны час дазвалялі    “разгарнуць” бібліятэку ў іх дома.
Тыя, хто сёння працуе ў купалаўцы, прымнажаюць створанае намі. Заўсёды захапляюся іх творчымі задумамі. Вядома, у сучасных умовах, калі кожны можа спакойна скачаць кнігу з інтэрнэту, працаваць няпроста. Але як ні зайду сюды, заўсёды чарга. А гэта і ёсць вынік.
Тамара Мітрафанава, працавала загадчыцай метадычнага аддзела:
– Пасля цэнтралізацыі ўсё змянілася. Купалаўка стала арганізацыйна-метадычным цэнтрам для бібліятэк раёна. А ў 1984 годзе мы атрымалі новы будынак па вуліцы Гагарына, ён і сёння гасцінна запрашае на сустрэчу з кнігай. Дарэчы, для таго, каб гэта наваселле адбылося, вельмі старалася першы дырэктар ЦБС Марыя Пінчук. Заўсёды ўсё трымала пад кантролем, нават ездзіла сама ў Маскву за праектам купалаўкі. Здаецца, да кожнай кнігі ў яе былі асаблівыя адносіны, сама адпраўлялася за чарговым паступленнем. Цудоўны чалавек, нераўнадушны.
Мы прыдумвалі, як размясціць стэлажы, дзе будзе перыёдыка, а дзе лепш арганізаваць выставу, выкарыстоўвалі любыя магчымасці, каб кніга знайшла свайго чытача. На той момант у рэспубліцы такіх тыпавых бібліятэчных будынкаў функцыянавала мала. Таму ляхавіцкая бібліятэка стала месцам, дзе часта праводзіліся розныя семінары – і раённыя, і абласныя. А ў 1989 годзе наша купалаўка вітала бібліятэчных работнікаў на рэспубліканскім семінары.
Запомнілася, як рыхтаваліся да абласнога конкурсу “Бібліятэка будучыні”, дзе спрабавалі ўявіць, як можа выглядаць купалаўка праз дзясяткі гадоў…
Маргарыта КУХТА,
студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.

One thought on “Купалаўка. Гаворыць час

  • 23/02/2017 в 11:14
    Permalink

    Шчыра люблю купалаўку і яе супрацоўнікаў. Сюды прыемна зайсці не толькі за кнігамі, але і проста так: пагаварыць за жыццё і адпачыць душой.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *