Эфект Вітко

І зноў, каторы год запар, пра СВК “Ляхавіцкі” – выключна са станоўчымі эмоцыямі: і не надта ўрадлівая глеба тут шчодрая на ўраджайнасць, і кароўкі ці не самыя ўдойныя ў раёне, і людзі прывычныя да сялянскіх клопатаў і працавітыя ў такой ступені, што клопаты гэтыя ўвасабляюцца ў справы, якія робяць гонар не толькі гаспадарцы, але раёну, Брэстчыне. Ды і ў рэспубліцы сельгаскааператыў – цёзка нашага раёна – даўно і добра вядомы як адрас паспяховасці. Ніколькі не прымяншаючы заслуг калектыву, усё ж яшчэ раз нагадаем пра ролю асобы ў гісторыі. У даным выпадку размова пра старшыню, які ўзначальваў гаспадарку на працягу 40 гадоў, – Аляксандра Вітко. Чалавек спагадлівы і разважлівы, спецыяліст адукаваны і высокапрафесіянальны, кіраўнік мудры і граматны, ён, у значнай ступені менавіта ён, “вінаваты” ва ўсіх поспехах, здабытках, дасягненнях “Ляхавіцкага”. Па сутнасці, Аляксандр Іванавіч зрабіў гэту гаспадарку, якая ва ўсе часы пад ягоным кіраўніцтвам была і застаецца на плыву – у добрым сэнсе хранічным рэкардсменам на вытворча-эканамічнай марафонскай дыстанцыі.
Тут у пашане наватарства, новыя тэхналогіі апрабоўваюцца ў мясцовых умовах і працуюць, у канчатковым выніку, на дабрабыт сельгаскааператыва і кожнага яго работніка.
СВК “Ляхавіцкі” – з’ява ў рашаючай ступені таму, што з’ява – Аляксандр Вітко. Яго славутае “жывём, працуем” у адказ на пытанне ў разгар пасяўной, касавіцы, жніва, як спраўляюцца ў гарачы час, бы лакмусавая паперка для пацвярджэння вартасці прадуманага, спланаванага, дасканала адкарэкціраванага раскладу дня. Раскладу, якім гарантуецца вынік.
Надзвычай сціплы чалавек, ён ніколі не казырае сваімі шматлікімі тытуламі і званнямі, а галоўным з іх лічыць лёсавызначальны арыенцір – быць чалавекам, гаспадаром зямлі. Сапраўдны гаспадар у адказе за тое, што яна аддае чалавеку сёння і што будзе аддаваць заўтра. У клопатах пра сёння і заўтра зямлі, пра людзей, з кім поплеч працуе на ёй, Аляксандр Іванавіч стаў і Заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, і шаноўным, аўтарытэтным старшынёй, які ў адданасці сваёй справе дасягнуў найвышэйшага пілатажу – стварыў цэлую віткоўскую дынастыю. І гэта адзін (але не адзіны)  з магутных аргументаў на карысць   ягонай прафесійнай і бацькоўскай правільнасці.
Эфект Вітко не мае патрэбы ў рэкламе – настолькі ён выразны і глыбока змястоўны. Калі вопыт у аснове, калі новае, перадавое сустракаецца гасцінна і апрабоўваецца зацікаўлена, а ўкараняецца ахвотна, таму што патрэбен рух наперад, – усё атрымліваецца. Прыклад “Ляхавіцкага”, прыклад яго старшыні гэта даказвае пераканаўча.
Мяркую, што “Ляхавіцкі” яшчэ не раз прымусіць гаварыць пра свае справы з захапленнем. Новы кіраўнік гаспадаркі – чалавек у ёй зусім не новы, правераны не адным жнівом-пасяўной, не адным годам плённай працы на зямлі. Іван Вітко ведае не па чутках, як і што рабіць, і другія “ўніверсітэты” – практычныя, ужо з інстытуцкім дыпломам спецыяліста-аграрыя прайшоў у строгага куратара, які палёгкі не абяцаў і не   даваў. Ён – з той самай славутай    дынастыі.
…Сельская гаспадарка – справа спрадвечная, але спрадвеку яна – і з зоны рызыкі. Рызыка, у першую чаргу, – ад прыроды, ад надвор’я: то сушыць, калі патрэбныя дажджы, то залівае, калі зямля пераўвільготнена; то нянасныя вятры разгуляюцца не на жарт; то мала снегу на палях, а мароз траскучы…
Па эфекце Вітко для максімальнага змяншэння магчымых страт вельмі  ўплывовы суб’ектыўны фактар: працуюць усе сумленна, адказна, высокатэхналагічна. Вельмі дзейсны сродак.
Вольга БАРАДЗІНА.

One thought on “Эфект Вітко

  • 22/02/2017 в 22:56
    Permalink

    Согласен, передовое сегодня СВК строил, укреплял, развивал и вёл вперёд грамотный и дальновидный руководитель, отличный стратег и хозяин с большой буквы Александр Иванович Витко. Мало того, это ж надо быть таким мастером, чтобы и родных приобщить к сельскому хозяйству.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *