Амбулаторны прыём

Загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення Сяргей Памазанскі пацвердзіў пастаўлены Андрэем Пуцілавым дыягназ.

Урач заўсёды ўрач: у бальніцы і дома, у рабочы і ў выхадны. Гэта Андрэй Пуцілаў здаўна ведаў не са слоў. Таму што вырас у сям’і медыкаў: бацька Андрэй Пуцілаў-старэйшы – урач-хірург, мама Наталля – рэнтген-лабарант. Такая сямейная дынастыя.

У маладога доктара кожная хвіліна распісана. У сувязі з вытворчай неабходнасцю Андрэй Андрэевіч цяпер часова працуе ў стацыянары тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы:
– Зараз скончу абход хворых, потым запоўню медыцынскія карткі, праверу аналізы, прызначу лячэнне. А яшчэ новы пацыент паступіў, трэба яго    агледзець, – расказвае між справамі.
Затым яго шлях – у Падлескую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі, якую і ўзначальвае. Па пэўных днях выязджае да хворых у замацаваныя за ім вёскі. А гэта 9 населеных пунктаў, дзе пражывае больш за 1700 чалавек, у тым ліку 324 дзіцяці. Сёння прыёму чакаюць жыхары аграгарадка  Жарабковічы.
Пакуль едзем, ёсць час пагаварыць:
– Здаецца, нядаўна студэнтам Віцебскага дзяржаўнага   медыцынскага ўніверсітэта праходзіў у Ляхавіцкай бальніцы спачатку практыку, потым інтэрнатуру. Хацелася даведацца больш, а гэта толькі праз практыку. Цяпер вось самастойная праца. Надзвычай адказная. Калі ўзнікаюць складанасці, заўсёды магу звярнуцца да вопытных калег, – расказвае Андрэй Пуцілаў.
Мы на месцы. Урач апрануў халат, праверыў медыцынскае абсталяванне, настроіўся на прыём.
– Сёння людзей будзе   больш, – папярэджвае загадчыца Жарабковіцкага фельчарска-акушэрскага пункта Святлана Сакалоўская. – Па плане прафілактычны агляд вадзіцеляў і механізатараў ААТ «Жарабковічы».
Але першая пацыентка – маленькая дзяўчынка, якая трымаецца за маміну руку. Доктар супакоіў малышку, паслухаў, паглядзеў горла. Карціна ясная, лячэнне прызначана, рэцэпты выпісаны, рэкамендацыі дадзены.
– Папраўляйся хутчэй! –жадае доктар на развітанне.
Потым зайшоў на прыём мужчына са скаргай на галаўны боль. Аказалася, у яго павышаны артэрыяльны ціск. Андрэй Андрэевіч аказаў першую медыцынскую дапамогу, даў парады наконт здаровага ладу жыцця і парэкамендаваў рэгулярна сачыць за паказаннямі танометра. Калі акажацца, што павышэнне не разавае і ціск будзе перавышаць нармальныя паказчыкі пастаянна, неабходна прызначыць лячэнне.
За лекамі мясцовым жыхарам ехаць у райцэнтр не абавязкова. Шмат чаго можна набыць у тутэйшым аптэчным кіёску. Зрабіць кардыяграму ці здаць аналізы таксама можна на месцы. З Падлескай амбулаторыі на Жарабковіцкі ФАП прыязджаюць медыцынская сястра фізіятэрапеўтычнага кабінета Ала Пранчак і лабарант   Таццяна Новік.
Людзям з аддаленых вёсак дабрацца ў райбальніцу часам складана. Тут жа, на месцы, урач агульнай практыкі можа аказаць прафесійную меддапамогу сваім шматлікім пацыентам. У сярэднім за дзень звяртаюцца за дапамогай каля 30 чалавек, а ў час пад’ёму вірусных захворванняў – больш. Кожнаму максімум увагі: прызначыць лячэнне, зафіксаваць зварот у медыцынскай     картцы.
Пасля прыёму – час візітаў па выкліках. Урач агульнай практыкі разам з фельчарам наведвае тых, каму складана прыйсці на прыём самастойна. Часцей за ўсё выклікі звязаны з высокай тэмпературай у дзяцей, дарослых хвалююць сардэчна-сасудзістыя праблемы. Пад асаблівай увагай і клопатам амбулаторыі – пажылыя і адзінокія людзі. Медработнікі часта заглядваюць да іх, цікавяцца станам здароўя. Калі ёсць неабходнасць, прапануюць легчы на планавае лячэнне ў райбальніцу, у многіх выпадках выручае дзённы стацыянар Падлескай амбулаторыі. Там ёсць свой фізіяпрацэдурны кабінет, магчыма прайсці ультрагукавое лячэнне, магніта- і УВЧ-тэрапію. Пакуль урач працуе ў іншых населеных пунктах, непасрэдна ў амбулаторыі застаецца фельчар Вераніка Коктыш.
Непакоіць медыкаў не заўсёды сур’ёзнае стаўленне некаторых землякоў да здароўя, якія часам шкодныя звычкі ставяць вышэй за яго. Людзі ў белых халатах з дня ў дзень паўтараюць сваім пацыентам, што ад правільнага ладу жыцця залежыць многае і што калі захварэў, лячыцца трэба ў медустанове.
Насычаны, на мой погляд, рабочы дзень урача агульнай практыкі Андрэя Пуцілава яму здаецца самым звычайным. І пра выбар прафесіі малады спецыяліст гаворыць адназначна:
– Не памыліўся. Ніколі не ведаеш, што будзе сёння і дзе буду праз пару гадзін. Але ў адным перакананы: медыцына патрэбна людзям заўсёды. І яшчэ, прыемна бачыць, што пацыент ідзе на папраўку, што я змог яму дапамагчы.
Андрэй Пуцілаў-малодшы сярод тых, хто у мінулым годзе па размеркаванні атрымаў сваё першае працоўнае месца ў Ляхавіцкай райбальніцы. Ён толькі пачынае прафесійны шлях. Справу выбраў па душы. Цяжкасці яго не палохаюць (дарэчы, характар загартоўваўся ў   тым ліку і пры занятках альпінізмам – такое хобі ў нашага героя).
Намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Міхаіл Куляшоў задаволены:
– Уважлівы, зацікаўлены, здольны, а самае галоўнае –  кампетэнтны. Наогул, радуе адказнае стаўленне да працы нашых маладых медыкаў.
Маргарыта КУХТА,
студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.

Фельчар Вераніка Коктыш.

На прыёме ў Андрэя Пуцілава.

Лабарант Таццяна Новік за работай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *