Не дзеля лічбаў

На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, што прайшло ў мінулую пятніцу, разгледжаны  вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця  раёна і выкананне бюджэту за 2016 год,  пастаўлены задачы на 2017-ты.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч адзначыў у цэлым станоўчую дынаміку развіцця рэгіёна. Разам з тым кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу на  нявыкарыстаных рэзервах, існуючым патэнцыяле росту.

Эканамічныя   нарматывы

Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня падкрэсліла, што  большасць паказчыкаў, якія характарызуюць развіццё эканомікі раёна за мінулы год, сведчаць пра мэтанакіраваную работу па яе ўмацаванні. На 21 працэнт у фактычных цэнах і на 7,7 працэнта ў натуральным выражэнні вырасла  вытворчасць прамысловай прадукцыі. Не перавышаны нарматыў узроўню запасаў  гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. Сальда знешняга гандлю станоўчае (10,2 мільёна долараў) і ў 2,2 раза перавышае ўзровень мінулага года. Выкананы 5 ключавых прагнозных паказчыкаў, даведзеных раёну. У тым ліку па экспарце  тавараў (без уліку рэспубліканскіх арганізацый тэмп росту склаў 108,2 працэнта пры прагнозе 105,4)  і паслуг (176,8 працэнта пры прагнозе 100,3), колькасці  працаўладкаваных на новыя працоўныя месцы. Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове склалі 2 мільёны долараў пры прагнозе  1,8.

Перавыканана гадавое заданне  па стварэнні працоўных месцаў у малым прадпрымальніцтве раёна (пры 120 планавых створана 200). Выкананы паказчыкі  па энергазберажэнні і ўводзе жылля. Разам з тым не дасягнуты зададзеныя тэмпы росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічнага тавараабароту і падрадных работ. Называліся аб’ектыўныя  і суб’ектыўныя прычыны такой сітуацыі. Напрыклад, на думку Людмілы Матчэня, у гандлі на адмоўную статыстыку паўплывала змяншэнне тавараабароту райпо і шэрага іншых суб’ектаў гаспадарання. Што датычыць райспажыўсаюза, то не апошнюю ролю ў “мінусе” адыгралі часовае закрыццё гандлёвых аб’ектаў у вёсках, звязанае з кадравымі праблемамі, а таксама перабоі з пастаўкай тавараў з-за нізкай плацежаздольнасці райспажыўсаюза. Неабходна працаваць над папаўненнем асартыменту.

Фінансавыя паказчыкі 2016 года сведчаць: чысты прыбытак у эканоміцы раёна павялічыўся на 21,1 працэнта ў  параўнанні з 2015-м,  а тэмп росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі апярэджвае тэмп росту сабекошту – 111,1 працэнта супраць 109 (што не назіралася на працягу   8 месяцаў). Адзначаецца і павелічэнне рэнтабельнасці продажу ва ўсіх галінах эканомікі.

Нягледзячы на агульныя дасягненні, фінансавае становішча некаторых арганізацый раёна сёння яшчэ застаецца дастаткова складаным. Са стратамі  працуюць ЗАТ “Белпрампрыбор” (у 2015 страт не было)  і ПМК-17, 7 прадпрыемстваў не выканалі паказчыкі бізнес-планаў развіцця па аб’ёме атрыманага чыстага прыбытку.

Раённы кашалёк

Даходы бюджэту раёна, па інфармацыі начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Андрэя Наваграна, за 2016 год  склалі 33038,4 тысячы рублёў – 100,3 працэнта да ўдакладненага гадавога плана. Асноўныя крыніцы папаўнення раённага бюджэту – падаходны падатак з фізічных асоб, падатак на прыбытак, на ўласнасць, нерухомасць, падатак на дабаўленую вартасць і іншыя. Аб’ём першачарговых расходаў бюджэту на заработную плату, лекавыя сродкі, прадукты харчавання, камунальныя паслугі і  іншае склаў без малога 28000 тысяч  рублёў –   85 працэнтаў агульнага аб’ёму  бюджэтных расходаў. На бягучы і капітальны рамонт, рэканструкцыю  будынкаў і памяшканняў, набыццё асноўных сродкаў летась было накіравана 1243,18 тысячы  рублёў –  3,8 працэнта ўсіх бюджэтных расходаў.

Расходы на сацыяльную сферу склалі 23989,36 тысячы  рублёў.  У  сярэднім на кожнага  навучэнца (без уліку капітальных расходаў) у нашым раёне выдаткавана  – 2,8 тысячы  рублёў (пры сярэднеабласным паказчыку  2,2 тысячы  рублёў).

На пасяджэнні райвыканкама ўвага кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый акцэнтавана на мэтавым і эканомным расходаванні бюджэтных сродкаў, павышэнні пазабюджэтных даходаў.

На 2017 год кансалідаваны бюджэт Ляхавіцкага раёна па даходах і расходах зацверджаны ў суме 34452,1 тысячы  рублёў, прычым  уласныя даходы складуць толькі палову, астатняе – датацыі з рэспубліканскага бюджэту. На сацыяльную сферу  пойдзе    больш за 75 працэнтаў ад агульнага аб’ёму раённага  бюджэту.

Намеснікі старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень і Сяргей Юшкевіч прааналізавалі дзейнасць  сацыяльнай сферы і  будаўнічай галіны раёна за 2016 год. Увагу ўлады да гэтых важных сфер  жыцця людзі  адчуваюць  не толькі тады, калі звяртаюцца ў медыцынскія і іншыя ўстановы сацыяльнага прызначэння.  Станоўчыя змяненні, якія адбываюцца на Ляхавіччыне, відавочныя: узводзяцца і рэканструююцца дамы, добраўпарадкуюцца вуліцы і дарогі. Магчыма, не так хутка, як хацелася б.

Аб’ём работ  напрамую залежыць ад  вынікаў работы эканомікі. Усе  праблемы мясцовая ўлада ведае і імкнецца іх па магчымасці вырашыць.

Справы аграрныя

Стан спраў у аграпрамысловым комплексе раёна  ахарактарызаваў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу   Аляксандр Вашчук.  У мінулым годзе на развіццё гэтай галіны з раённага бюджэту было выдзелена крыху больш за 409,6 тысячы  рублёў.  Прагнозны ўзровень тэмпу росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі дасягнуты ў ДП “Ліпнянка” і “Востраў-Агра”, на  ўзровень 2015 года выйшлі  ДП “Нача” і ЗТАА “БелДан”.

Аляксандр Вашчук прааналізаваў узровень  прываг, надояў, гаварыў пра нявыкарыстаны вяскоўцамі патэнцыял росту вытворчасці і іншыя ключавыя пытанні дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў. Кіраўнік райсельгасхарчу агучыў задачы па падрыхтоўцы да вясенне-палявых работ, нарыхтоўкі кармоў, уборкі  ўраджаю.

На пасяджэнні заслуханы планы кіраўнікоў  па паляпшэнні сітуацыі на  прадпрыемствах і ў арганізацыях. Па пытаннях парадку дня прыняты адпаведныя рашэнні, абазначаны арыенціры, пастаўлены дакладныя задачы і мэты.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *