“Ліпнянка” ўсур’ёз настроена на пазітыў

Апошнім часам сённяшняе КСУП “Ліпнянка” мяняла не толькі назву, але і кіраўнікоў. Што на працягу некалькіх гадоў заставалася пастаянным,  дык гэта  сумнае  лідарства са знакам мінус: і ў раслінаводчых, і ў жывёлаводчых  раённых зводках сельгаспрадпрыемства  было на апошніх месцах у “турнірных” табліцах аграрнай вытворчасці.  Дысцыпліна на працоўных месцах кульгала, грошай часцяком не хапала на выплату зарплаты, кадры разбягаліся, вытворчыя паказчыкі падалі.
Раённая ўлада не пакідала  “Ліпнянку” сам-насам з праблемамі: гаспадарцы аказвалася дзяржаўная падтрымка, яна мела датацыі, магчымасць набываць тэхніку ў лізінг.
З  сакавіка мінулага года ў “Ліпнянцы” новы кіраўнік:  Станіслаў Берташ вырашыў зрабіць стаўку на ўзмацненне дысцыпліны і на тэхналагічнасць  вытворчасці. Канешне, ніхто  не  чакаў, што справы адразу пойдуць угору і праблемы вырашацца самі сабою. Але ўсё ж  станоўчыя  перамены ўжо  відавочныя.  Гэта адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч на справаздачным сходзе ў КСУП “Ліпнянка”, які  адбыўся напрыканцы мінулага тыдня.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса падкрэсліў, што летась у сельгаспрадпрыемстве  рост валавой прадукцыі  склаў 110,8 працэнта (у параўнанні з  2015 годам). Валавы надой малака (7 працэнтаў росту да пазалеташняга) –  істотнае дасягненне  для гаспадаркі.  Важка выглядае і  гадавая прыбаўка ў надоях ад кожнай каровы – плюс 743 кілаграмы  (другі вынік у раёне).  Фермы, як і людзі, што  тут працуюць,  засталіся ранейшымі. А станоўчыя змяненні сталі магчымымі менавіта дзякуючы  ўзмацненню дысцыпліны. Павысілася  персанальная адказнасць за справу – ад аператараў  машыннага даення,  даглядчыкаў  да кіраўніцтва.
Менш аптымістычная карціна з выручкай, яна на 20 працэнтаў меншая. Паўплывала недастаткова высокая якасць малака і кармоў.  Яўгеній Юрлевіч  падкрэсліў: дабрабыт, зарплата кожнага працаўніка “Ліпнянкі” залежыць ад эканамічнага становішча сельгаспрадпрыемства. Таму трэба развіваць вытворчасць, клапаціцца пра якасць прадукцыі, рэнтабельнасць, працягваць пачатае ўдасканаленне.
На тым, якім быў год папярэдні і якія задачы ставяцца сёлета, акцэнтаваў увагу кіраўнік КСУП Станіслаў Берташ. Разам з  відавочным салідным  плюсам ў надоях  якасць малака пакідае жадаць лепшага: 95 працэнтаў сыравіны рэалізавана  на малочны завод першым гатункам. А гэта недаатрыманыя  100 тысяч рублёў.  Нескладана падлічыць, наколькі б вырасла зарплата тутэйшых работнікаў, калі б замест першага   гатунка быў вышэйшы  ці экстра – больш за 30 працэнтаў. Але бясспрэчны плюс у тым, што ў “Ліпнянцы” працягваюць  работу над памылкамі. Сітуацыя не пушчана на самацёк, тут актыўна спрабуюць змяніць яе ў лепшы бок. Не хапае сваіх спецыялістаў –  звярнуліся за дапамогай у раённую ветэрынарную службу, якая паспрыяла  з навядзеннем парадку ў ветэрынарным абслугоўванні статка. І, напрыклад, летась  у чэрвені сельгаспрадпрыемства адправіла на перапрацоўку 30 працэнтаў малака вышэйшым гатункам.
Пакрысе пайшлі ў рост і сярэднесутачныя прывагі БРЖ – на 80 грамаў  яны летась большыя, чым у 2015 годзе. Павялічылася і колькасць выхаду цялят на 100 кароў, але змінусавалі  па штучным асемяненні цёлак.
– Нарыхтавалі кармоў, накармілі, падлячылі жывёлу. Але яшчэ многія  праблемныя пытанні  не вырашылі.  І калі не будзе зацікаўленасці  кожнага ў выніку працы на сваім, канкрэтным участку, захавання тэхналогіі  вытворчасці, выканання ўсіх санітарных нормаў і правілаў, як  дабіцца павышэння якасці малака?—задаў рытарычнае пытанне  кіраўнік “Ліпнянкі”. Названая ўмова аднолькава адносіцца і да развіцця  раслінаводства.  Ураджайнасць зерневых у мінулым годзе склала 24,8 цэнтнера з гектара – 103 працэнты да жніва-2015. Стараліся механізатары (створаны мехатрад) і на нарыхтоўцы кармоў (назапашана 5900 тон сенажу, каля 4000 тон сіласу, 430 тон  сена): і для свайго статка, і іншым гаспадаркам дапамаглі. На 20 працэнтаў былі павялічаны плошчы для   вырошчвання  шматгадовых траў.
Камбайнер  Аляксандр Дыдышка па выніках касавіцы заняў трэцяе месца ў раённым спаборніцтве на нарыхтоўцы травяністых кармоў.  Справіліся з пастаўленай задачай механізатары  Васілій Гачко, Іван Буйкевіч, Аляксей Занько, Канстанцін Малевіч, вадзіцель на адвозцы зялёнай масы Валянцін Гатоўчыц. Сянажныя траншэі трамбаваў на  “Амкадоры” Віктар Гачко. Вынік: 27 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
Паспрыяла і дзяржаўная  падтрымка. Забяспечанасць мінеральнымі ўдабрэннямі, гаруча-змазачнымі матэрыяламі, запчасткамі, выдзяленне сродкаў на тэхабслугоўванне машынна-трактарнага парку – няпоўны пералік уліванняў у “Ліпнянку” з  бюджэту.
Станіслаў Берташ  паставіў перад работнікамі  сельгаспрадпрыемства канкрэтныя задачы. Што датычыцца канкрэтыкі, то гэта – 4000 кілаграмаў  малака  ад каровы, не менш за 550 грамаў прываг  маладняку БРЖ,   выхад 90 цялят на 100 кароў, павелічэнне пагалоўя  БРЖ з 1376 да 1550 галоў, стварыць паўтарагадовы запас якасных кармоў, для чаго работа механізатараў будзе арганізавана ў 2 змены. Ну, і якасць прадукцыі – на парадку дня.
Пра надзённае  гаварылі на сходзе спецыялісты гаспадаркі, жывёлаводы, механізатары. Відавочна: “Ліпнянка” настроена на пазітыў.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *