Гісторыя далёкая і блізкая. Кропка на карце: Грушаўка Ляхавіцкага раёна

Якія тут прыгожыя і памятныя мясціны!  Ступаеш на шырокую алею, абапал якой аж да неба векавыя ліпы, ухутаныя марознай шэранню, і адчуваеш, што недзе зусім блізка таямніца. Дык вось яна, праз некалькі дзясяткаў крокаў – стары Грушаўскі парк, авеяны легендамі і паданнямі. Яшчэ адна стромкая алея вядзе да былога маёнтка Рэйтанаў. Сівыя замшэлыя сцены, наглуха забітыя  вокны і дзверы – будынак закансерваваны. Непадалёку –  пабудовы гаспадарчага прызначэння, дапаўняюць пейзаж прыгожае азярцо з ніцым вербалозам, стары сад, мноства дрэў, сярод якіх і лістоўніца. Панскі садоўнік некалі падабраў розныя яе сарты і пасадзіў алею, дзе кожная наступная пара саджанцаў была большай за папярэднюю.  Гэтую алею і па сёння называюць «лесвіцай у неба». Грушаўскі палацава-паркавы ансамбль уключаны  ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Беларусі.
…Невялічкая хатка Антаніны Суднік прымасцілася якраз на краі парку, нібы вартуе тутэйшыя таямніцы. Гаспадыня, якой, відаць, пад 90 гадоў, шчыра абрадавалася нечаканым гасцям, запрасіла ў хату – цёпла напаленую, прыбраную. Расказала, што жыве адна, але сын з Баранавіч прыязджае кожныя выхадныя. Дачка ў Расіі, таксама наведваецца да матулі, зяць ваду падвёў, пакоі паклеілі новымі шпалерамі. Дзеці да сябе клічуць, але ёй тут добра, бо кожная сцежачка, кожнае дрэўца нагадваюць пра той час, калі яна была маладой. Сям’ю  Антаніны Сямёнаўны з-пад Віцебска прывяла сюды вайна. І сёння ўспамінаецца перажытае: канцлагер у Слуцку, галодныя браты і сёстры, хворая маці, а на разведзеным цяпельцы ў бляшанцы варыцца зерне. Усе ў чаканні жменькі ежы, але вялізарны бот фашыста-наглядчыка разбурае агонь, каштоўнае варыва выліваецца на зямлю… З канцлагера трапіла ў Зубелевічы. Бывала, наробіцца, рукі-ногі гудуць, а на вячоркі, дзе збіралася моладзь з акругі, так і цягне. Там сустрэла хлопца, які жыў пры маёнтку ў Грушаўцы, а маці яго гатавала стравы для тамтэйшай пані Аліны Гарцінг.
– Вунь той белы домік, якраз мне відзён праз акно. Там кіпела жыццё, там быў мой любы.   47 гадоў пражылі разам,  –расказвае Антаніна Суднік. Успомніла і пані Гарцінг, прыгожую, вельмі добрую, якая дапамагала сіротам. Гаворыць, што ў маёнтку было  безліч карцін, печы і камін з кафлі, дываны ды габелены, падлога паркетная…
– Чула, што ўсё гэта аднавіць хочуць, – гаворыць Антаніна Сямёнаўна, і ёй даспадобы такі падыход.
Прыгадвае, што летам прыязджаюць у Грушаўку маладыя людзі, ставяць палаткі, малююць, спяваюць. Пазнаёміліся, нават пасябравалі, з задавальненнем слухаюць яе расказы, занатоўваюць. А падчас  фэстаў у яе сапраўднае свята. Слухае песні, абыдзе ўсе выставы, падзівіцца на вышыванкі і малюнкі, а то і ўнукаў з горада кліча паглядзець. Хоць і паважанага ўзросту Антаніна Сямёнаўна, але цікавіцца навінамі, выпісвае перыёдыку. На століку, засланым старэнькім абрусам, некалькі свежых нумароў “Ляхавіцкага весніка” і вялікае павелічальнае шкло.
– Люблю чытаць, асабліва сваю раёнку. Хоць дрэнна бачу, але прыстасавалася – чароўнае шкло знайшла, – жартуе Антаніна Сямёнаўна.
На развітанне сказала, што збіраецца ісці да аўталаўкі па хлеб. А гэта, напэўна, каля кіламетра будзе. Хоць і рухавая, і бадзёрая, але цяжкавата па снезе вяртацца з пакупкамі. Дадатковы прыпынак аўталаўкі быў бы дарэчы.
А мы ўжо на парозе хаты Дануты Казакевіч, якраз паспелі на снеданне. На патэльні сквірчаць шкваркі, гаспадыня завіхаецца ля пліты, аж расчырванелася. Гасцей не чакала, але сустрэла ветліва і, здалося, была рада пагаварыць, успомніць былое.
– Я сама жыла ў тым маёнтку, хоць і не пані, а давялося! – прыгадвае Данута Канстанцінаўна. – Былы панскі дом быў раздзелены на 4 кватэры, адну займала наша сям’я. Пакой з высокай, аж пад 4 метры столлю, вялікія вокны, падлога дубовая, светлая, як вымыю, здаецца, свеціцца. Печкі былі з кафлі з рознымі ўзорамі, вельмі прыгожыя шпалеры на сценах. А весела як было: у парку збіраліся на танцы. Працавала ў калгасе, пасля – на кансервавым заводзе, муж шафёрыў. Трое дзяцей нарадзілі, тады нам далі гэты дом…
Данута Канстанцінаўна шмат працавала. У гаспадарцы каровы, свінні, розная птушка. Дзецям дапамагала, цяпер вось – унукам, якіх у яе 8, а яшчэ 7 праўнукаў. Прызнаецца, што і пад старасць нядрэнна жывецца, толькі крыху сумна. Але ў клопатах бягуць дні: то аўталаўку пільнуе, каб сёе-тое прыкупіць, то медыкі з Начаўскай урачэбнай амбулаторыі завітаюць, то паштальён парог пераступіць. А з вясны вёска ажывае. Дзеці едуць у бацькоўскія дамы, турысты прыязджаюць-прыходзяць у былую сядзібу Рэйтанаў.
У хаце Валянціны Сайко мы нібы трапілі ў казку. Россып яркіх кветак на падушках, пакрывалах, занавесках, сурвэтках, абрусе, ручніках. Валянціна Рыгораўна з шафы дастала цэлую гару вышыванак. У Грушаўку, яна пераехала з Ганцавіцкага раёна. Вось адкуль, з Палесся, гэты непаўторны каларыт. Узоры майстрыха бярэ ў прыроды, якая надзяліла яе талентам бачыць і адчуваць прыгожае.
– Колькі памятаю сябе – вышываю,  – расказвае Валянціна Рыгораўна. – І дзецям, і ўнукам пасагі падрыхтавала. А колькі сваіх работ падарыла на памяць знаёмым людзям…
Сярод  пажылых кабет (а яны і складаюць большую частку з 48 жыхароў Грушаўкі) Валянціна Сайко, як тут лічаць, яшчэ маладая: ёй крыху за 70. Трымае гаспадарку, дом у яе дагледжаны, парадак навокал. Дапамагае і сын Раман.
– Некалі дачка прадала кватэру ў Ляхавічах, каб купіць гэты дом у Грушаўцы, –  расказвае Валянціна Рыгораўна. – Прыгожа тут, ціха, раздолле для дзяцей і ўнукаў. А калі не гультай, то работа знойдзецца ўсюды.
Відаць, так некалі думаў і Аляксей Смаршчок, які з Падлесся перавёз у Грушаўку бацькоўскі дом. Сюды атрымаў размеркаванне пасля вучобы, быў аграномам у дзяржплемстанцыі, якую пазней далучылі да СВК ”Ляхавіцкі”. Працаваў брыгадзірам. Успамінае, як нялёгка даводзілася вяскоўцам – не хапала тэхнікі, палолі пасевы, кароў даілі ўручную. Таму і не было такіх намалотаў, як цяпер: самыя важкія – 20-25 цэнтнераў з гектара. А вось з надоямі і тады было нядрэнна. У сярэднім ад каровы  ў Грушаўцы надойвалі па 5500 тысячы кілаграмаў малака.
У Аляксея Смаршчка іншы раз не хапала часу, каб паабедаць, а цяпер яго – хоць адбаўляй. Адзін застаўся, у дочак свае сем’і, унукі раз’ехаліся. Радуецца, што ўжо праўнучка мае. Не сядзіць без справы: парадак у двары, дагледжаны дом, курэй трымае і мае невялічкі пчальнік: усе любяць паласавацца дзядулевым мёдам.
Што ні чалавек, то гісторыя. Але ёсць у вёсцы і гісторыя адна на ўсіх, дарагая і памятная.
9 мая, у Дзень Перамогі, ўсе ідуць да святога месца за вёскай – да брацкай магілы савецкіх воінаў, загінуўшых  пры вызваленні гэтых мясцін ад фашысцкіх захопнікаў. Для таго, каб пастаяць хвіліну ў журбе і нашчадкам нагадаць пра яшчэ не вельмі даўнія гераічныя і трагічныя ваенныя старонкі, пра мужнасць нашых дзядоў і прадзедаў.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Антаніна Суднік.

Данута Казакевіч.

Валянціна Сайко.

Аляксей Смаршчок.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *