Падарунак незнаёмаму сэрцу

Беларускія медыкі актыўна падтрымалі ініцыятыву Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па адраджэнні традыцый бязвыплатнага донарства і заклікалі ўсіх далучыцца да рэспубліканскай акцыі “Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне”.
У мінулую пятніцу спецыялісты Баранавіцкай міжраённай станцыі пералівання крыві праводзілі ў Ляхавіцкай ЦРБ чарговы прыём жадаючых бязвыплатна здаць кроў. Са снежня мінулага года да акцыі далучыліся ўжо каля паўсотні нашых землякоў – тыя, для каго падзяліцца з незнаёмым чалавекам часцінкай сябе, – свядомы крок. Безумоўна, такая гуманная справа не магла абысціся без самага непасрэднага ўдзелу медыкаў. На гэты раз сярод донараў былі прадстаўнікі аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі – яны, як ніхто іншы, разумеюць жыццёвую важнасць такой працэдуры. Урач рэаніматолаг-анестэзіёлаг Ігар Васілевіч (фота ўверсе) здаваў кроў ужо 26-ты раз, малодшая медыцынская сястра аддзялення Вольга Гіль – 18-ты. Толькі ўявіце, колькі людзей удзячны ім за выратаванае жыццё!
Як расказала намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Ірына Волкава, такія акцыі будуць праходзіць штомесяц і далучыцца да іх змогуць усе жадаючыя, хто па стане здароўя здольны стаць донарам.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *