Дыялог бізнесу і дзяржавы

XVIII Асамблея дзелавых колаў «Ад узаемаразумення да ўзаемадзеяння» прайшла 1 сакавіка ў Мінску. Удзельнікам асамблеі быў прадстаўлены праект Нацыянальнай платформы бізнесу-2017. Канчатковы тэкст, падрыхтаваны з улікам прапаноў удзельнікаў мерапрыемства, будзе адпраўлены Кіраўніку дзяржавы, кіраўніцтву Савета Міністраў і Адміністрацыі Прэзідэнта, службовым асобам усіх міністэрстваў і ведамстваў. На мерапрыемстве абмеркаваны прыярытэтныя напрамкі ўдасканалення дзелавога клімату Беларусі, паляпшэнне пазіцыі краіны ў міжнародных рэйтынгах, асноўныя выклікі для эканомікі і прадпрымальніцтва ў 2017 годзе, павышэнне эфектыўнасці дыялогу бізнесу і ўлады, дынаміка лічбавай трансфармацыі эканомікі і іншыя актуальныя пытанні.

«Усе ідэі, выкладзеныя ў Нацыянальнай платформе бізнесу-2017, знойдуць свайго гаспадара ў асобе рэгулятара, галіновага дзяржаўнага органа – мы выбудоўваем матрыцу, у якой прапісаны і адказныя, і тэрміны. Прыкладзём усе намаганні, каб у гэтым годзе без увагі не засталася ніводная прапанова бізнесу, што змешчана ў платформе», – сказаў міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі.
Многія прапановы Нацыянальнай платформы бізнесу супалі з мерамі, якія запланавалі рэалізаваць урад і Нацыянальны банк. «Гэта сведчыць аб тым, што мы – Мінэканомікі, органы-рэгулятары ва ўсіх значных для бізнесу пытаннях – з аднаго боку, і сам бізнес – з іншага, у цэлым глядзім у адным напрамку», – канстатаваў міністр.
Уладзімір Зіноўскі падкрэсліў, што Нацыянальная платформа бізнесу-2017 – асаблівая, паколькі кожная прапанова была абмеркавана на грамадска-кансультатыўных саветах дзяржаўных органаў, адказных за рэалізацыю рэгулярнай палітыкі ў адпаведнай сферы дзейнасці.
«Зусім нядаўна Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур для бізнесу. Створана рабочая група, якую ўзначальвае кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Ідзе інтэнсіўная работа. Да канца сакавіка рабочая група павінна прадставіць на разгляд Кіраўніка дзяржавы нарматыўны акт, дзе будзе адлюстравана, як, якім чынам і што мы будзем змяняць», – адзначыў Уладзімір Зіноўскі.
Міністр назваў тры асноўныя задачы, якія стаяць перад рабочай групай. Гэта скарачэнне адміністрацыйнай нагрузкі на бізнес, прымяненне заканадаўства па дэкрыміналізацыі эканамічных рызык, адэкватнасць пакарання неправамерным дзеянням, якія робіць бізнес.
«Празмерныя праверкі, якія прыводзяць да дрэнных наступстваў, не даюць нармальна працаваць бізнесу, павінны быць выключаны. Любая праверка, на наш погляд, павінна папярэджваць парушэнні, а не біць, як гаворыцца ў народзе, па хвастах, калі ўжо адміністрацыйнае парушэнне ўчынена», – сказаў міністр эканомікі.
Ён вітаў адмену праверачнай дзейнасці бізнесу Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Міністэрства аховы здароўя таксама ідзе насустрач, ужо скарочаны патрабаванні да прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўвяло мараторый на праверкі гандлёвай інспекцыяй.
Задача бягучага года і наступных гадоў – забеспячэнне прыросту эканомікі за кошт новых высокатэхналагічных і эфектыўных вытворчасцей, адзначыла намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч. Яна падкрэсліла, што робіцца стаўка на развіццё сектара малых інавацыйных прадпрыемстваў, ёсць даручэнне ўрада па стварэнні прававых умоў для аблягчэння доступу прыватнага бізнесу да створаных за бюджэтныя сродкі навукова-тэхнічных распрацовак.
«Сёння Мінэканомікі сур’ёзна працуе з бізнесам над распрацоўкай Стратэгіі развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2030 года. Менавіта Нацыянальная платформа бізнесу-2017 – тое ядро, якое ляжа ў аснову стратэгіі», – адзначыла Ірына Касцевіч.
Таксама, паводле яе слоў, у наступным годзе будзе створаны інфармацыйны партал для прадпрымальнікаў. «Гэта будзе партал для вас, каб вы ў любы час сутак на працягу 24 гадзін маглі зайсці і атрымаць тую інфармацыю, якая вам неабходна для стварэння і вядзення бізнесу», – сказала намеснік міністра, звяртаючыся да прадпрымальнікаў.
Ірына Касцевіч адзначыла, што ў Беларусі выпрацаваны новыя інструменты і механізмы рэалізацыі эканамічнай палітыкі на пяцігодку.
«У першую чаргу размова ідзе аб павышэнні эфектыўнасці кіравання эканомікай – аптымізацыі колькасці і функцый дзяржаўнага апарату, стварэнні «кампактнага» ўрада, удасканаленні адносін улас-            насці», – растлумачыла яна.
Другім напрамкам стане разняволенне дзелавой ініцыятывы, удасканаленне кантрольнай дзейнасці і стварэнне рэальных умоў па паляпшэнні вядзення бізнесу.
Трэці напрамак – зніжэнне ставак па крэдытах банкаў ва ўвязцы са зніжэннем інфляцыі ў эканоміцы да канца 2020 года да 5 працэнтаў. Чацвёртым напрамкам Ірына Касцевіч назвала стварэнне паўнацэннага фінансавага рынку з новымі магчымасцямі для фінансаван-                       ня – карпаратыўныя аблігацыі, праектнае крэдытаванне, размяшчэнне акцый на міжнародных фондавых біржах пры дапамозе замежных дэпазітарных распісак.
Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч расказаў, што МАРГ падрыхтаваны праект указа, які датычыцца спрашчэння работы бізнесу ў малых гарадах у сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавых паслуг.
С 2017 годзе ў Беларусі будзе распрацавана Праграма развіцця канкурэнцыі на пяць гадоў. Сутнасць праграмы будзе заключацца ў тым, каб актыўнае садзейнічанне развіццю канкурэнцыі ў краіне стала прыярытэтным напрамкам дзейнасці ўрада, органаў улады і мясцовага самакіравання. «Гэты дакумент павінен замацаваць два асноўныя правілы дзейнасці ўлады і бізнесу. Першае – гэта забарона на ўвядзенне або захаванне абмежаванняў, якія ствараюць дыскрымінацыйныя ўмовы па ўсіх відах эканамічнай дзейнасці. Другое – забарона на неабгрунтаванае ўмяшанне ў свабоднае функцыянаванне таварных рынкаў, выданне нарматыўных актаў або рашэнняў, якія могуць прывесці да абмежавання або ўстаранення канкурэнцыі», – растлумачыў Уладзімір Калтовіч.
Стан спраў у рэальным сектары Беларусі і прагназуемыя тэндэнцыі ў сусветнай эканоміцы не пакідаюць іншага шляху акрамя як стварэнне канкурэнтных рынкаў ва ўсіх асноўных сегментах эканомікі.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *