Ініцыятывы для ўсіх

У кастрычніку мінулага года райвыканкам запрасіў усіх жадаючых прыняць    удзел у конкурсе мясцовых ініцыятыў, што праводзіўся ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Гэты праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі краіны. Пераможцы конкурсу маглі прэтэндаваць на фінансавую падтрымку на рэалізацыю сваёй ініцыятывы.
Як расказалі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, для ўдзелу ў конкурсе пададзена 9 заявак. Прадстаўленыя ініцыятывы былі накіраваны на сацыяльнае развіццё раёна – далучэнне насельніцтва да здаровага ладу жыцця, развіццё турыстычнага патэнцыялу рэгіёна, паляпшэнне ўмоў пражывання на яго тэрыторыі, развіццё сацыяльных паслуг і сацыяльнай інтэграцыі.
Пераможцамі асноўнага конкурсу названы 4 праекты, якія плануецца рэалізаваць сёлета.
Напрыклад, міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Экапраект” пры падтрымцы мясцовай спартшколы ініцыявала ўладкаванне воркаўт-пляцоўкі на гарадскім стадыёне “Колас”. Акрамя турнікоў, брусоў, шведскай сценкі і іншых спартыўных прылад, тут будзе размешчаны спецыяльны комплекс, на якім змогуць займацца людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Гэтая ініцыятыва акрэслена як “Даступны спорт для кожнага”.
За кошт міжнароднай тэхнічнай дапамогі будзе набыта неабходная аргтэхніка для рэалізацыі ініцыятывы цэнтральнай раённай бальніцы “Камп’ютарызацыя і інфарматызацыя аховы здароўя Ляхавіцкага раёна”.  У перспектыве гэта дазволіць укараніць электронныя медкарты і рэцэпты, аплачваць медыцынскія паслугі праз інтэрнэт.
Адабрэнне каардынацыйнага савета праекта ЕС-ПРААН атрымала “Падтрымка дзелавой ініцыятывы насельніцтва на аснове развіцця народнай творчасці і адраджэння рамёстваў” міжнароднага дома мастацтваў з вёскі Куршынавічы. Яна прадугледжвае арганізацыю майстэрняў, у якіх запрошаныя майстры будуць навучаць наведвальнікаў сваім рамёствам.
Фінансавую падтрымку атрымае сумесны праект Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза і фермерскай гаспадаркі “ЛагуЦін” з неардынарнай назвай “Доўгая карова”. У планах аграрыяў – набыццё статка племянных малочных кароў. Цялят, якія народзяцца ад іх, мяркуецца бясплатна перадаваць у асабістае карыстанне жыхарам раёна.
Дарэчы, дзве апошнія ініцыятывы, акрамя іншага, прадугледжваюць і стварэнне новых працоўных     месцаў.
У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама нагадалі, што на рэалізацыю ініцыятыў па праекце ЕС-ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” плануецца накіраваць 97765 долараў.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

One thought on “Ініцыятывы для ўсіх

  • 07/03/2017 в 09:51
    Permalink

    Инициативы, вроде, все стоящие, нужные. Осталось претворить в жизнь на пользу людям. Особенно подкупила компьютеризация и информатизация здравоохранения района. Пользуясь случаем, хочу сказать о действующей интернет-записи на приём к врачу. Не все наши земляки внесены в эту базу и не могут полноценно пользоваться сервисом.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *