Вылечыць нельга. Можна папярэдзіць

Шаленства –  гэта смяротнае захворванне, якое можна папярэ-дзіць. У арсенале медыцынскіх работнікаў ёсць дастаткова эфектыўныя лекавыя сродкі, аднак яны гарантуюць абарону ад захворвання шаленствам пры своечасовым (лік ідзе на гадзіны) звароце пацярпелых да ўрача (хірурга, траўматолага). Антырабічная дапамога аказваецца кругласутачна, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні.

Сёлета за антырабічнай дапамогай звярнулася 1368 пацярпелых ад жывёл, у тым ліку 381 дзіця. Ад шалёных жывёл (шаленства ў якіх пацверджана лабараторна) пацярпеў 41 чалавек. Усяго ў вобласці курс прафілактычных прышчэпак назначаны ў 957 выпадках.

Шаленства можна папярэдзіць. Для гэтага важна ведаць і выконваць наступныя правілы паводзін.

Неабходна захоўваць устаноўленыя правілы ўтрымання хатняй жывёлы (сабак, кошак) і штогод у абавязковым парадку дастаўляць іх у ветэрынарную станцыю па месцы жыхарства для правядзення прафілактычных прышчэпак супраць шаленства.

У выпадках змяненняў у паво-дзінах хатняй жывёлы, атрымання ёю пашкоджанняў ад іншай жывёлы, смерці без бачных на тое прычын абавязкова звярнуцца да ветэрынарнага спецыяліста для ўстанаўлення назірання або высвятлення прычыны яе смерці.

Пазбягаць усякіх кантактаў з дзікімі жывёламі, безнагляднымі сабакамі і кошкамі, трупамі жывёл і навучыць гэтаму сваіх дзяцей.

Небяспечныя для чалавека не толькі ўкусы і драпіны, але і аб-сліненне пашкоджаных скурных покрываў і слізістых абалонак, нанесеных хворай шаленствам жывёлай.

Як правіла, здаровыя дзікія жывёлы пазбягаюць сустрэчы з людзьмі. І калі яны не рэагуюць на з’яўленне чалавека ў прыродных умовах, а тым больш, захо-дзяць у населеныя пункты, можна не сумнявацца, што гэта хворыя шаленствам жывёлы, і трэба прыняць усе меры асабістага папярэджання і забеспячэння бяспекі блізкіх.

Калі кантакту пазбегнуць не ўдалося (пасля ўкусу, драпін, абслінення пашкоджаных скурных покрываў і слізістых абалонак, нанесеных любой, нават здаровай на знешні выгляд жывёлай), неабходна правесці пярвічную апрацоўку раны: дасканала прамыць яе паверхню  на працягу не менш як 15 мінут струменем вады з мылам, апрацаваць краі  5-працэнтнай настойкай ёду, накласці стэрыльную павязку і неадкладна звярнуцца ў медыцынскую ўстанову. Толькі ўрач можа ацаніць рызыку магчымага заражэння вірусам шаленства і назначыць пры неабходнасці прышчэпачны курс.

Ні ў якім выпадку нельга адмаўляцца або перарываць назначаны курс лячэння, гэта можа прывесці да трагічных вынікаў.

Зараз поўны прышчэпачны курс складаецца  з 6 ін’екцый вакцыны, а з улікам вынікаў назірання за дамашняй жывёлай (сабакам або кошкай), можа быць па рашэнні ўрача скарочаны.

М. ШЫЛОВІЧ,
загадчык аддзела
эпідэміялогіі Брэсцкага
абласнога ЦГЭіГЗ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *