Мыслабажскія майстрыхі

На прапанову «ЛВ» сустрэцца напярэдадні Дня работнікаў культуры і пагаварыць пра справы надзённыя і пра тое, што прапануюць вяскоўцам мясцовыя культработнікі, дырэктар Мыслабажскага дома народнай творчасці Людміла Арлоўская адказала просьбай:
— А можна я сваіх жанчын-памочніц збяру? Чаго я без іх вартая?..
Гэта ўстанова культуры даўно ўжо славіцца як скарбніца талентаў. Тут трапятліва захоўваюць старадаўнія беларускія промыслы, па куплеце збіраюць, развучваюць песні сваіх продкаў, уключаюць іх у свой рэпертуар і беражліва захоўваюць багатую песенную калекцыю для нашчадкаў.

З першых крокаў па двары гэтага невялікага астраўка культуры ў вёсцы Мыслабаж (сам будынак “з’явіўся на свет” у 30-я гады мінулага стагоддзя) нібы трапляеш на скрыжаванні часу, дзе сучаснасць гарманічна пераплятаецца з мінуўшчынай. На падворку гасцінна сустракаюць лялькі ў рост чалавека – дзед з бабай, акружаныя прадметамі даўніны. Прылады гэтыя сёння ў рабочым стане. Сярод іх сапраўдны шэдэўр – конная малацілка, зробленая ў першай палове ХІХ стагоддзя (яго перадала сюды жыхарка Русінавічаў Сцефаніда Калбаса). А лялечныя – дзед з бабай настолькі даспадобы прыйшліся вяскоўцам (у Мыслабажы цяпер жыве 120 чалавек), дачнікам і гасцям, што многія лічаць добрай прыкметай зайсці і павітацца з гэтымі персанажамі. У планах творчага калектыву – і калодзеж з жураўлём, і дарожка, выкладзеная чурбачкамі, і шмат чаго іншага.
А далей – яшчэ цікавей. Пераступаеш парог дома рамёстваў і трапляеш… у незвычайную сялянскую хату, у якой прадметы побыту, мэбля, адзенне, абутак — з мінулых стагоддзяў. Гэтыя рэчы звезены і прынесены сюды не толькі мясцовымі жыхарамі, але, напрыклад, і з Русінавіч, Шчэрбава, Каўпакоў, Ляхавіч і г.д.
— Людзі прыносяць іх сюды, не шкадуючы, наадварот, лічаць, што такім чынам яны абавязкова будуць захаваны для наступных пакаленняў, – з энтузіязмам расказвае Людміла Арлоўская і тут жа дадае: – Бачыце, колькі мы ўжо сабралі каштоўнасцей для будучага этнагра-фічнага музея. І вельмі спадзяёмся, што ён у нас абавязкова з’явіцца – гэта ж такая спадчына для нашчадкаў!

Слухаю гэту цікавую, неабыякавую, апантаную любімай работай жанчыну і нават не ўзнікае сумненняў, што так яно будзе. Людміла Лявонаўна – чалавек слова, і яна бязмежна любіць справу, якой займаецца. Экспанатаў тут вялікае мноства. Не расказаць пра іх нельга. Позірк міжволі спыняецца на мужчынскім касцюме і жаночай сукенцы ручной работы. Нават не верыцца, што ім амаль цэлае стагоддзе, зусім побач і самы сапраўдны плашч-бурка гэтага ж “узросту”. У драўляных басаножках гандзях дзяўчаты ў пачатку дваццатага стагоддзя бегалі на танцы, а ў самаходах (абутак зроблены з гумы ад колаў) трохі пазней хадзілі і мужчыны і жанчыны. Знайшлося месца на паліцах і сталах для самаробнай меднай конаўкі, сярпоў, маслабоек, розных прыстасаванняў для апрацоўкі льну, прасаў і іншай бытавой тэхнікі даўно мінуўшых часоў, вышыванак, ручнікоў, пос-цілак і г.д. Ураж-вае і цуда-прыстасаванне – саломарэзка – ”лепшае дасягненне брытанскай інжынерыі з 1750 па 1960 гады”, як пазначана ў спецыяльным пасведчанні да прылады. Хутка кожны жадаючы зможа паспрабаваць свае сілы і ўменні за ткацкім станком.

Хто хоць аднойчы пабываў тут, захоча вярнуцца зноў і зноў і абавязкова раскажа пра ўбачанае іншым. Пра свае ўражанні наведвальнікі пакідаюць узрушаныя і шчырыя водгукі ў “гасцёўнай кнізе”. Шчырую ўдзячнасць за захаванне народнай культуры і самабытнага беларускага краю выказваюць Людміле Арлоўскай госці з блізкага і далёкага замежжа. Мыслабажцы лічаць сваім абавязкам і гонарам прывесці сюды на экскурсію гасцей. Без сумненняў, гэты эксклюзіўны матэрыял мог бы ўпрыгожыць і ўзбагаціць экспазіцыю любога музея, і чарговы раз праславіў бы нашу Ляхавіччыну.
— Акрамя збору прадметаў даўніны, з цікавасцю і захапленнем пяты год вяду і фальклорную экспедыцыю – запісваю на аўдыё- і відэаапаратуру разна-стайныя народныя творы і беларускія абрады, каб перадаць нашым дзецям, унукам і праўнукам, – расказвае Людміла Арлоўская.

Вядомая сваімі керамічнымі вырабамі яшчэ адна супрацоўніца вясковага дома народнай творчасці – Алена Базылева. Вось і нядаўна ў Ганцавічах на святкаванні Дня беларускага пісьменства паказвала майстар-клас.
Апроч усяго іншага ёсць у Мыслабажскага дома народнай творчасці і яшчэ адна адметная асаблівасць – фальклорны калектыў “Спадчына” – самародак народнай творчасці. Ён быў створаны ў другой палове саракавых гадоў мінулага стагоддзя. Яго склад мяняўся ў розныя гады, але галоўная ідэя творчага калектыву – захаванне беларускай народнай творчасці, папулярызацыя яе сярод маладога пакалення – па-ранейшаму застаюцца важнымі і актуальнымі. Цяпер аснова калектыву – шасцёра таленавітых, шчырых, прыгожых душой жанчын, якія вельмі любяць спяваць і дарыць цяпло і радасць творчасці іншым. Немагчыма падлічыць, на колькіх канцэртах яны здзіўлялі шматлікіх гледачоў багатым песенным рэпертуарам. “Спадчына” – жаданы госць на дажынках, фестывалях, конкурсах і аглядах. З абрадавай кампазіцыяй выступалі нават на тэлебачанні.
Удзельніцы калектыву такія падобныя адна на адну і ў той жа час вельмі розныя. Так склаўся лёс, што па жыццёвых абставінах цяпер не спяваюць у “Спадчыне” яе старэйшыя артысткі – Алена Цімашок, Марыя Козел, Алена Арлоўская, Аліна Рахманец. Але па-ранейшаму яны тут жаданыя госці.

Здаецца, любая справа ладзіцца ў руках Алены Атлыгінай, ёсць у кожным яе руху свая іскрынка. А як песню завядзе – заслухаешся, настолькі моцны і запамінальны ў яе голас.
– Я спяваю ў калектыве з 1975 года. Сама з сям’і, дзе любілі і паважалі музыку. Бацька мой граў на гармоніку і скрыпцы, ён і мама вельмі добра спявалі. Мусіць, і я ў іх удалася. Люблю выступаць на канцэртах, люблю і іншых выканаўцаў слухаць. Муж заўсёды адпускаў выступаць, а як жа інакш, – дзеліцца сваім захапленнем Алена Іванаўна.
Соф’я Дуброўская без песні не ўяўляе свайго жыцця:
– Спяваю не надта доўга – гадоў 25. І заўсёды атрымліваю ад гэтага толькі асалоду. Нават стымул быў хутчэй перарабіць усе хатнія справы, каб пабегчы на рэпетыцыю. Разам мы тут адпачываем душой, падтрымліваем і дапамагаем адзін аднаму, разам – лягчэй і весялей.
Ніводную рэпетыцыю не прапускае і былая работніца лясніцтва Зінаіда Аўдзеня:
– Я па жыцці заўжды ішла з песняй і ў “Спадчыне” спяваю некалькі дзесяцігоддзяў. Лічу, што нашай вёсцы вельмі пашанцавала з культработнікамі. Адразу пасля вайны фальклорную групу арганізавала Ніна Кірылава, пазней яе пачынанне падхапіла Марыя Шчаўроўская. Выступалі за гэты час шмат дзе: у Пінску, Ганцавічах, Баранавічах, Бярозе і іншых гарадах. Нягледзячы на ўзрост, заўсёды з задавальненнем спяшаюся на рэпетыцыі і канцэрты, – расказвае Зінаіда Мікалаеўна.
– А я нядаўна ў калектыве – усяго 5 гадоў. Але так прыкіпела душой, што не ўяўляю сваё жыццё без песні і нашых дзяўчат. Мы як адна сям’я, – падхоплівае размову Галіна Расоха.
Ёсць у “Спадчыне” і свая паэтка – Зінаіда Ланкуць:
– Люблю і спяваць, і танчыць, і вершы складаю. Асабліва падабаецца прыдумваць пра сваю вёску і землякоў.
Вось паслухайце:

У вёску нашу
прыязджайце,
Будзем разам
крочыць па жыцці,
Радасна на сэрцы
робіцца –
Лепей за Мыслабаж
не знайсці…

Амаль дзясятак вялікіх самаробных лялек, якія аб’ездзілі паўкраіны, – справа залатых рук яшчэ адной удзельніцы калектыву – 75-гадовай Соф’і Парус.
– Спяваю ў ”Спадчыне” з дзяцінства, прыйшла сюды ў першыя пасляваенныя гады. Некалі кароў пасвіла – спявала, у хаце прыбірала таксама з песнямі. Песню ж нельга не любіць. У дзяцінстве сама сабе шыла лялькі, праўда, маленькія, а цяпер вось і вялікія атрымліваюцца. Жыву адна. Панашывала лялек, дала кожнай імя, пасадзіла на канапу, а тут Людміла Арлоўская зайшла і прапанавала памяняць “месца жыхарства” лялек на дом народнай творчасці – так яны тут і пасяліліся, – расказвае майстрыха.
Вось такія яны – удзельніцы “Спадчыны”: энергічныя, ветлівыя, гасцінныя, якія весяляць, радуюць землякоў, клапоцяцца пра іх вольны час і адпачынак.

– Мы не толькі выступаем з канцэртамі, але ладзім для аднавяскоўцаў розныя святы. У тым ліку і провады ў армію, Дзень маці, зажынкі і дажынкі і г.д. Імкнёмся захапіць гэтым і маладых. І вельмі прыемна, што цяперашнім школьнікам гэта цікава, – расказвае Людміла Арлоўская.
Будні майстроў свята з вёскі Мыслабаж, як і многіх іх калег з іншых устаноў культуры раёна, – цікавыя і непаўторныя. Стварэнне радасці і творчасць спадарожнічаюць таленавітым.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *