Прынцыповы падыход

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 сакавіка правёў нараду аб актуальных пытаннях развіцця краіны.
Перад удзельнікамі нарады Прэзідэнт паставіў наступныя пытанні: як вядзецца работа па абароне ўнутранага рынку, наколькі поўна ён насычаны якаснай прадукцыяй, які эфект ад мер па імпартазамяшчэнні, што робіцца па стварэнні спрыяльных умоў для развіцця айчыннага бізнесу, як выкарыстоўваюцца ўнутраныя рэзервы для вырашэння праблем, што ўзнікаюць.
«Дакладнага аналізу патрабуе і сацыяльна-палітычная абстаноўка ў краіне. Стабільнасць дзяржавы і спакой грамадства – важнейшыя каштоўнасці нашага народа!» – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Адной з цэнтральных тэм на нарадзе стала выкананне Дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Аляксандр Лукашэнка адказаў на ўсе пытанні, што гучаць у грамадстве, і выразна даў зразумець, для чаго прымаўся гэты дэкрэт і які яго далейшы лёс. Дакумент, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, адмяняць не будуць, але падкарэкціруюць, а таксама больш прынцыпова і акуратна падыдуць да фарміравання спіска плацельшчыкаў.
Паводле слоў Прэзідэнта, гэты дэкрэт не з’яўляецца эканамічным і фінансавым. «Гэта ідэалагічны, маральны дэкрэт. Ніякіх там вялікіх грошай дзяржава не атрымае. Мэта гэтага дэкрэта адна – прымусіць працаваць тых, хто павінен і хто можа. Гэта – галоўнае», – адзначыў Прэзідэнт.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы канстатаваў дрэннае і безадказнае выкананне дэкрэта з боку адказных чыноўнікаў. Ён даручыў да 1 красавіка вызначыць спісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе Дэкрэта № 3. «Спісы павінны быць вывераны. Прыцягнуць трэба ўсіх – дэпутатаў мясцовых Саветаў, міліцыю, участковых, спецслужбы – усіх прыцягнуць, але скласці гэтыя спісы. Яны павінны быць у кожнага старшыні гар- і райвыканкама, кіраўнікоў адміністрацый у абласных цэнтрах і горадзе Мінску», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт агучыў наступнае рашэнне: на працягу 2017 года не спаганяць у рамках Дэкрэта № 3 збор з тых, хто будзе ўнесены ў адпаведныя спісы. «Хто аплаціў у 2016 годзе, пой-дзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на работу, мы з бюджэту па яго патрабаванні вернем гэтыя грошы», – распарадзіўся Кіраўнік дзяржавы.
Усе сабраныя па Дэкрэце № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» сродкі павінны накіроўвацца выключна на ўтрыманне дзяцей. «Усе плацяжы, каб нас не папракалі, павінны застацца ў мясцовых бюджэтах. Не ў абласных, а ў раённых. І гэтыя грошы выключна да капейкі павінны быць накіраваны на ўтрыманне дзяцей. Толькі дзецям!» – падкрэсліў Прэзідэнт.
Прэзідэнт даручыў да 1 мая  вырашыць пытанне праца-ўладкавання ўсіх беспрацоўных «Па працаўладкаванні беспрацоўных – я ўжо гаварыў аб тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, яны ў нас ёсць (няхай не крыўдзяцца) – п’яніцы, алкаголікі, тыя сапраўды дармаеды, як іх называлі раней. Да іх – адны метады па прымушэнні да работы. Тых, хто па няшчасці застаўся без работы, мы павінны кожнага прыняць, і не толькі ў службе занятасці, а ў органах улады і аказаць дапамогу», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
«Але людзі павінны разумець, што яны, перш за ўсё, павінны шукаць сабе работу. А мы ім павінны дапамагчы”, – даручыў Прэзідэнт. «Няпраўда, што ў нас няма магчымасцей працаўладкаваць людзей, якія сёння на біржы працы», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра неабходнасць няўхільнага выканання раней дадзеных даручэнняў па давядзенні на працягу года сярэдняй зарплаты да ўзроўню $500 і падтрыманні строгай выканальніцкай дысцыпліны.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *