Песенная абарона

Напрыканцы лютага ў гарадскім Доме культуры было па-асабліваму святочна і весела, а для ўдзельнікаў абласнога занальнага агляду аматарскіх калектываў мастацкай творчасці – хвалююча і адказна. Іх выступленні ацэньвалі не толькі гледачы, але і прафесійнае журы ў складзе спецыялістаў Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Хутка яны назавуць тых, хто прадставіць Ляхавіччыну на абласных фестывалях.
Але нават далёкі ад мастацтва чалавек пацвердзіў бы, што зрабіць гэта будзе нялёгка. Кожны творчы калектыў – свая непаўторная, самабытная гісторыя, у якую хочацца паглыбіцца і даведацца больш. Інструментальная музыка, песні на розны густ – ад акадэмічнага да эстраднага выканання, танцы, тэатральныя пастаноўкі, выстава работ майстроў народнай творчасці радавалі ляхавічан на працягу ўсяго  дня.
Адкрылі конкурсную праграму ўдзельнікі фестывалю нацыянальных культур. Прэзентавалі польскую і рускую культуру вакальныя групы “Ляхавіцкі строй” дзяржаўнага аграрнага каледжа і “Жытніца” Ураджайнінскага СДК, а таксама вакальны дуэт у складзе Яніны Гацура і Хелены Вярбенка (ГДК).
З народным клубам ветэранаў вайны і працы “Сівізна” прысутныя адправіліся ў рэтра-экскурсію “Назад у будучыню”. На ўяўным самалёце наведалі прыпынкі “Юнацтва” і “Мудрасць”, успомнілі савецкія кінафільмы і песні, якія публіка пазнавала з першых нот.
Ведае шлях да сэрцаў гледачоў народны клуб аматараў песні, гумару і гульні ”Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК. Умелае спалучэнне гумару і музыкі падмацоўваюцца харызматычнасцю і шчырасцю яго ўдзельнікаў.
Для дзесяці калектываў раёна  гэты дзень адзначаны важнай падзеяй. Яны пацвярджалі званні “народны” і ”ўзорны”. Дарэчы, прысуджэнне або пацвярджэнне ганаровых званняў праходзяць кожныя тры гады. Сваімі выступленнямі калектывы павінны паказаць, чаго дасягнулі за гэты час, даказаць, што вартыя гэтага звання. І хоць канчатковыя вынікі будуць вядомы пазней, можна з упэўненасцю сказаць, што нашы аматарскія калектывы выступілі годна. Гэта адзначылі ўсе члены журы, калі абмяркоўвалі творчыя нумары і давалі парады выканаўцам.
Народны духавы аркестр ГДК адзін з першых у раёне, хто атрымаў гэта ганаровае званне і сёння працягвае радаваць разнапланавым рэпертуарам. Яго  яркія і гучныя, арыгінальна апрацаваныя кампазіцыі ўплятаюцца ў шматгалоссе любога гарадскога свята. Прыемна, што калектыў папаўняецца маладымі аркестрантамі, гэта сведчыць пра папулярнасць жанру.
Новыя галасы і ў народным ансамблі народнай песні і музыкі “Крыніца”. Калектыў чакае праца над рэпертуарам і выканальніцкім майстэрствам. Тое ж і ў дачыненні  народнай эстраднай групы «Пачатак», дзе таксама “кадравыя” перамены.
Журы адзначыла відавочны прафесійны рост народнай эстраднай студыі “Экспрэс”: зладжанае гучанне і шматгалоссе, выдатна выкананы акапэльны твор, доб-ра прадумана музычная праграма. Важна не спыняцца працаваць над сцэнічным майстэрствам.
Па-сапраўднаму запамінальнымі, пранікнёнымі былі выступленні народнага акадэмічнага хору настаўнікаў ГДК, народных Падлескага і Ліпскага хораў. Падаў заяўку на прысваенне звання народнага інструментальны ансамбль “Дыксіленд”  настаўнікаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Праграму працягвалі ўдзельнікі песеннага форуму “З любоўю да песні”. А кульмінацыяй гэтага насычанага дня стаў  фэст “Тэатральнае Палессе”.  Дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрый Грынь адзначыў яркія, запамінальныя выступленні аматарскіх творчых калектываў  і вялікі творчы патэнцыял удзельнікаў мастацкай самадзейнасці.
Чакаем рашэння калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.
Маргарыта КУХТА, студэнтка інстытута  журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *