Вясна: мячы паляцелі

Пачнём з кароткага паса назад – у мінулую восень, калі і пачынаўся чарговы сезон першынства Рэспублікі Беларусь па футболе сярод дзяўчат. Турнір трохузроставы: спаборнічаюць зборныя абласцей і дзве мінскія каманды ў складзе футбалістак 2003-2004, 2005-2006, 2007-2008 гадоў нараджэння. На асеннім адрэзку першынства каманды правялі па 4 гульні, прыглядзеліся адна да адной, вызначылі прамежкавых лідараў гонкі. Прыемна, што ў спаборніцтве самых “узроставых” права быць сярод такіх атрымала і зборная Брэстчыны. З аднолькавым багажом заліковых балаў нашы дзялілі першае-другое месцы з камандай Мінск-1.
Нядаўна турнір прадоўжыўся. Гульні адбываліся ў сталічным футбольным манежы. “Мінск-1 –  Брэсцкая вобласць” – афіша гэтага матча выклікала найбольшую цікавасць. Дзяўчаты змагаліся, каманды стараліся зацвердзіцца ў статусе адзінага турнірнага лідара. “Сталічніцы” аказаліся мацнейшымі ў тым паядынку, які завяршыўся з лікам 8:3 на іх карысць.
У другім выхадзе на манеж брастчанкам супрацьстаялі футбалісткі Віцебскай вобласці. Лік 6:4 на карысць першых склаўся толькі незадоўга да фінальнага свістка. Да гэтага было два практычна роўныя таймы, калі вагі футбольнага шчасця маглі рушыць як у адзін, так і ў другі бок.
З завяршэннем гэтых гульняў на самым верхнім радку турнірнай табліцы замацаваліся мінчанкі з першай каманды. Далей размясціліся дружыны Брэсцкай вобласці і “Мінск-2”.
Наперадзе ў дзяўчат яшчэ адзін гульнявы тур. Далей – прызавыя разборкі: дзве лепшыя па выніках “рэгуляркі” зборныя разыграюць у асабістым паядынку першыство, трэцяя і чацвёртая каманды – бронзу і гэтак далей.
І галоўнае. У складзе брастаўчанак выступаюць вучаніцы Начаўскай школы Дар’я Дараневіч, СШ №  2 –
Юлія Костач і нядаўняя гімназістка, а зараз навучэнка Брэсцкага цэнтра алімпійскага рэзерву па футболе Анастасія Пабягайла. А адным з “рулявых” каманды з’яўляецца трэнер-выкладчык ДЮСШ Ляхавіцкага раёна Васілій Бут-Гусаім. Васілій Міхайлавіч і падзяліўся інфармацыяй, якую мы з задавальненнем прэзентуем вам, паважаныя чытачы.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *