Па характары сацыяльныя

На прамую лінію “ЛВ” з удзелам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леаніда Калбасы нашы землякі тэлефанавалі з рознымі пытаннямі сацыяльнага        характару.

– Леанід Іосіфавіч, раскажыце, як назначаецца дапамога па доглядзе за састарэлым чалавекам? Хто можа на яе прэтэндаваць?

Аляксандр Уладзіміравіч,  г. Ляхавічы.

– Права на дапамогу ўзнікае ў выпадку догляду за інвалідам I групы або асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, калі яна мае патрэбу ў пастаянным доглядзе. Адпаведнае заключэнне дае ўрачэбна-кансультацыйная камісія.

Пад пастаянным доглядам маецца на ўвазе дапамога іншых асоб для ажыццяўлення на- дзённых патрэб (асабістая гігіена, апрананне, прыём ежы і г.д.).

Прэтэндэнту на дапамогу неабходна з адпаведнай заявай і патрэбнымі дакументамі звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства непрацаздольнага грамадзяніна.

Трэба мець на ўвазе, што догляд прадугледжвае сумеснае пражыванне ці пражыванне ў адным населеным пункце непрацаздольнага грамадзяніна і асобы, якая яго даглядае. У выпадку іх пражывання ў розных населеных пунктах пытанне аб назначэнні дапамогі разглядае камісія па назначэнні пенсій райвыканкама з улікам канкрэтных абставін.

– З якой даты назначаецца дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці да 3 гадоў: з дня нара- джэння малодшага дзіцяці ці з першага дня, які ідзе за днём заканчэння бальнічнага лістка?  Алена, г. Ляхавічы.

– Заява аб назначэнні такога віду дапамогі можа быць пададзена не раней дня падачы заявы аб назначэнні дапамогі па доглядзе за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў. Пры гэтым дапамога назначаецца і выплачваецца з даты нараджэння малодшага дзіцяці.

– Чаму пенсія па ўзросце мне выплачваецца, зыходзячы з індывідуаль- нага каэфіцыента заробку, разлічанага пры назначэнні пенсіі па ўзросце ва ўпраўленні, а не з індывідуальнага каэфіцыента заробку, з якога работадавец кампенсаваў мне суму страт?

Валянціна Вацлаваўна,  в. Тальмінавічы.

– Па рашэнні суда Ляха-віцкага раёна работадавец кампенсаваў вам страту, нанесеную няпоўным афармленнем дакументаў, неабходных для назначэння пенсіі, да дасягнення вамі 55 гадоў. Для разліку сумы страты індывідуальны каэфіцыент заробку і стаж працы разлічваліся на дату атрымання права на датэрміновую пенсію па ўзросце як даярцы (на 23 лютага 2010 года). Індывідуальны каэфіцыент заробку для кампенсацыі страты склаў 0,92256.

Пенсія па ўзросце разлічваецца на падставе стажу работы і індывідуальнага каэфіцыента заробку, разлічаных на дату звароту ва ўпраўленне з заявай аб назначэнні пенсіі. З 23 лютага 2015 года вам назначана пенсія па ўзросце на агульных падставах, а індывідуальны каэфіцыент склаў 0,73689. Адпаведна і пенсія выплачваецца зыходзячы з яго.

– У які тэрмін наймальнік павінен паведаміць у службу занятасці пра наяўнасць вакансіі?

– Наймальнікі абавязаны пісьмова паведамляць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пра наяўнасць свабодных працоўных месцаў (вакансій) на працягу 5 дзён са дня іх утварэння. Парушэнне гэтага патрабавання цягне накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 20 базавых велічынь.

Пытанне ад ”ЛВ”:

– Якія істотныя змяненні адбыліся апошнім часам у пенсійным заканадаўстве?

– Адно з асноўных змяненняў – паэтапнае павышэнне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту для назначэння працоўнай пенсіі на агульных падставах, суразмернае павышэнне ўзросту, што дае права на пенсію па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы, датэрміновыя пенсіі па ўзросце сацыяльна слабаабароненым катэгорыям грамадзян (інвалідам з дзяцінства, бацькам дзяцей-інвалідаў, маці загінуўшых ваеннаслужачых, мнагадзетным маці, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей і інш.), па выслузе гадоў.

Увагу неабходна звярнуць на тое, што з пачатку гэтага года ўзнікла розніца ў пенсійным узросце ў Беларусі і Расійскай Федэрацыі. Грамадзяне, якія прэтэндуюць на назначэнне пенсіі па дагаворы паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння, маюць права звярнуцца за назначэннем пенсіі ў Расіі.

Заканадаўствам прадугледжваецца павелічэнне з 1 студзеня 2017 года штогод на 6 месяцаў да 20 гадоў патрэбнага для назначэння працоўных пенсій па ўзросце і па выслузе гадоў мінімальнага стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў (страхавы стаж у 2017 годзе будзе складаць 16 гадоў). Павелічэнне страхавога стажу не закранае сацыяльна слабаабароненыя катэгорыі асоб, для якіх фарміраванне працяглага працоўнага стажу аб’ектыўна складана. Гэта бацькі дзяцей-інвалідаў, мнагадзетныя маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей, інваліды з дзяцінства і іншыя. Для назначэння ім датэрміновай працоўнай пенсіі па ўзросце захаваны ранейшыя ўмовы па мінімальным 5-гадовым страхавым стажы. Таксама захаваны ранейшыя патрабаванні па страхавым стажы для назначэння працоўных пенсій па інваліднасці і з выпадку страты карміцеля. Для гэтых пенсій дастаткова факта выплаты страхавых узносаў.

Змяненнямі ў пенсійным заканадаўстве прадугледжваецца павелічэнне штогод на адзін год перыяду заробку, за які вылічваецца пенсія, да таго стажу, што фактычна ёсць у чалавека, які звярнуўся за пенсіяй. У 2016 годзе гэты перыяд складаў 22 гады, у 2017 – 23 гады і г.д.

Акрамя гэтага, змяняюцца ўмовы прымянення нормы аб павелічэнні памеру пенсіі па ўзросце з улікам перыядаў работы без яе атрымання, прадугледжанай законам “Аб пенсійным забеспячэнні”. Так, за перыяды работы пасля 1 студзеня 2017 года павелічэнне ажыццяўляецца пры ўмове назначэння пенсіі па ўзросце на агульных падставах і адмовы ад яе атрымання.

Сярод навацый – уключэнне перыядаў альтэрнатыўнай службы ў стаж. Трэба мець на ўвазе, што ў сувязі з павышэннем з 1 студзеня 2017 года агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, адпаведныя карэкціроўкі ўнесены ў законы «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грама-дзян», «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый» і ў іншыя.

На прамой лініі працавала Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *