“Сівізна” як прыкмета маладосці. Гэтымі днямі адзначае 30-годдзе ветэранская арганізацыя Ляхавіцкага раёна

Баян задае тон, узлятае, звініць песня.   На сцэне –  хор народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна” раённага метадычнага  цэнтра. Кожнае выступленне калектыву напоўнена асаблівай цеплынёй і адухоўленасцю. Не артысты, але вельмі артыстычныя, не спевакі, але пявучыя: 28   актыўных, творчых, маладых душой і неспакойных сэрцам. Раней яны працавалі ў сельскай гаспадарцы, адукацыі і іншых сферах. А сёння  клуб для іх сапраўдная  аддушына. З радасцю сустракаюцца, адпачываюць, адзначаюць святы, абмяркоўваюць падзеі і навіны, падтрымліваюць адзін аднаго. Двойчы на тыдзень – у панядзелак і чацвер – “Сівізна” рэпеціруе. Многія з яе ўдзельнікаў менавіта тут раскрылі здольнасці, пра якія нават не падазравалі.  Кожная рэпетыцыя – свята душы, а выступленне – феерверк эмоцый, якія яны шчодра дораць гледачам.
Шлях “Сівізны” пачаўся ў  1993 годзе. Яго першымі кіраўнікамі сталі Сяргей Сазановіч і Надзея Папко, а ўдзельнікамі – у асноўным педагогі горада. Сяргей Георгіевіч узгадвае, як стваралі  хор, складалі рэпертуар, імкнуліся заслужыць  прызнанне землякоў.
Усё атрымалася! Праз 6 гадоў  клубу было прысвоена званне народнага.

З дня заснавання ў клубе Алена Анушкевіч. З “Сівізной” у яе звязаны самыя цёплыя асацыяцыі:

– Больш як за 2 дзесяцігоддзі з гастролямі накруцілі сотні кіламетраў, праспявалі незлічоную колькасць песень. Аб’ездзілі ўздоўж і ўпоперак свой раён і суседнія. Усюды нас горача віталі, шчыра запрашалі. Кожная сустрэча – памятная. Ездзілі на экскурсіі ў Нясвіж, Мір, Навагрудак і іншыя мясціны, адпачывалі на прыродзе, радаваліся новым канцэртным касцюмам. Мы ж іх спачатку пазычалі ў Начы, потым нам пашылі блузкі са спадніцамі. Пасля ўбраліся ў чырвоныя сукенкі з белымі шалікамі – і нібы мінус гадоў дзесяць. За кулісамі хвалюемся, а калі выходзім на сцэну – куды толькі што дзяецца. Мы падтрымліваем людзей, і яны нас падтрымліваюць. Хор для мяне – своеасаблівы эліксір здароўя, душэўны бальзам.

Са старажылаў у клубе і Соф’я Кісель, не прапускае рэпетыцый, канцэртаў.

За гады зрадніліся з калектывам сённяшні кіраўнік клуба Жанна Абрамовіч, якая з ім каля двух дзесяцігоддзяў, акампаніятары Аляксандр Гуліцкі і Іван Пішч.

Спявае “Сівізна” пра жыццё, родны край, пра ручай, лугавы рамонак… – вельмі блізкае, сваё. Праграма ветэранскіх выступленняў заўсёды цікавая і насычаная. Песні чаргуюцца з вершамі, самадзейныя артысты могуць паказаць і танцавальны майстар-клас. Асобнае месца ў рэпертуары займаюць беларускія песні і песні Вялікай Перамогі. Патрыятычнае выхаванне для ветэранаў – святая і дарагая тэма.

Жанна Абрамовіч расказвае:

– Да 9 Мая штогод рыхтуемся з асаблівым настроем. У кожнага з нас свой боль, звязаны з вайной. Песняй расказваем школьнікам, моладзі, усім землякам пра тыя падзеі, пра памяць, якая аб’ядноўвае пакаленні.

Да нядаўняга часу ў калектыве спявалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Лойка, работніца тылу Лізавета Судэнка. На жаль, гады і здароўе ўжо не дазваляюць хадзіць на рэпетыцыі і ездзіць з канцэртамі. Але яны і сёння не забываюць сваіх сяброў, цікавяцца справамі, як і Клаўдзія Здановіч, Валянціна Смаль, Міхаіл Русакевіч, Вольга Гаўрыленка і іншыя, хто думкамі заўсёды з хорам. Ганна Вайшэвіч пераехала ў сталіцу, але не парывае сувязі з клубам, выпісвае “Ляхавіцкі веснік”, каб быць у курсе навін пра раён і пра любімы калектыў.

Сустрэчы са школьнікамі, землякамі, фестывалі, конкурсы – жыццё “Сівізны” ў пастаянным руху і справах. Без яе не абыходзяцца калядныя і велікодныя дні, свята беларускай мовы. Ветэраны – актыўныя ўдзельнікі не толькі канцэртаў, але і разнастайных спаборніцтваў. А сяброўства са школамі, аграрным каледжам, раённым саветам ветэранаў, таварыствам інвалідаў, Чырвоным Крыжам, бібліятэкай і іншымі грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі напаўняе іх жыццё і творчасць асаблівым сэнсам, надае пазітыўны імпульс.

клубе ветэранаў вайны і працы рады ўсім, хто вырашыў да іх далучыцца. І не абавязкова ўмець спяваць, можна праявіць сябе, напрыклад, у дэкламацыі вершаў. Удзельнікі “Сівізны” – актыўныя члены клуба “Залаты ўзрост” пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Старшыня “Сівізны” Уладзімір Якавец дзеліцца:

– Я родам, як кажуць, з Савецкага Саюза. Шмат дзе быў, многае пабачыў і ніколі не развітваўся з песняй. Усё жыццё будаваў дарогі, а калі выйшаў на пенсію – асеў з сям’ёй у Ляхавічах. Многа чуў пра “Сівізну”. Аднойчы пайшоў на канцэрт у ГДК, дзе і пазнаёміўся з творчасцю ветэранаў. З таго часу з імі. Да кожнага выступлення рыхтуемся як да самага важнага, галоўнага. Калі ў зале нам падпяваюць, калі бачым слёзы ў гледачоў – гэта самая высокая адзнака нашай творчасці. Падабаецца спяваць разам з дзецьмі і для іх. У такія імгненні не адчуваеш узросту. З хваляваннем наведваем землякоў у доме сумеснага пражывання ў Ганчарах, ва ўчастковай бальніцы ў Крывошыне. Такія гасцяванні патрэбны і нам, і ім.

Для Марыі Біза “Сівізна” за дзесяцігоддзе стала сапраўднай сям’ёй:

– На сустрэчу з сябрамі ў клуб прыходзім і ў дождж, і ў снег, і ў спякоту. Захоўваю разам з сямейнымі фотаздымкамі “гастрольныя”. Збіраю, і не толькі я, усе публікацыі пра нас. Амаль 7 гадоў мінула, як былі ўдзельнікамі абласнога фестывалю творчасці ветэранаў вайны і працы “Неспакойныя сэрцы” ў Брэсце, а і сёння ў дэталях памятаю тую паездку. Прыехалі калектывы з усіх раёнаў. Было ўрачыста і вельмі святочна.

Алена Анушкевіч, Людміла Гніцецкая, Фёдар Траццяк аформілі своеасаблівы летапіс клуба ветэранаў вайны і працы – фотаальбом, дзе акрамя памятных здымкаў на старонках прозвішчы былых удзельнікаў “Сівізны”, многія шчымлівыя моманты.

Амаль чвэрць стагоддзя народны клуб ветэранаў вайны і працы “Сівізна” аб’ядноўвае людзей шаноўнага ўзросту, не стамляецца дарыць цяпло іншым. Не важна, колькі табе гадоў, гавораць яны, важна на колькі ты сябе адчуваеш. Гледзячы на іх актыўнасць, бляск у вачах, нават не верыцца, што гэта ветэраны. Планаў і задумак у гэтых творчых людзей шмат. Дарэчы, нядаўна калектыў паспяхова пацвердзіў званне народнага. Жанна Абрамовіч прыгадвае, што зараз рыхтуюцца да велікоднай сустрэчы, конкурсу “Памяць мацней за час” і, канешне, Дня Перамогі. А яшчэ хочуць арганізаваць свята, на якім кожны раскажа пра сваю малую радзіму, успомніць народныя традыцыі і звычаі. Запланаваны таксама вечар духоўнай песні і рускага раманса. Ды ці мала яшчэ спраў у нераўнадушных і зацікаўленых!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Кіраўнік і душа калектыву Жанна Абрамовіч.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *