Пазіцыя – актыўная. Раённай ветэранскай арганізацыі – 30 гадоў

Сёння немагчыма ўявіць грамадскае жыццё Ляхавіччыны без раённай арганізацыі ветэранаў. Яны заўсёды ў страі. Іх нераўнадушнасць, актыўная грамадзянская пазіцыя, жыццёвы вопыт патрэбны дзяржаве і грамадству. Асаблівая роля  ветэранскай арганізацыі, што гэтымі днямі адзначае сваё 30-годдзе, – у выхаванні падрастаючага пакалення.

Ля вытокаў ветэранскага руху ў раёне былі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх Мікалай Стасевіч, які два дзесяцігоддзі ўзначальваў раённы савет ветэранаў. Неацэнны ўклад у станаўленне і развіццё раённай ветэранскай арганізацыі ўнеслі ў той час першы сакратар Ляхавіцкага райкама КПБ Аляксандр Цупрык, работнікі многіх галін народнай гаспадаркі, ветэраны вайны і працы, у тым ліку Аляксандр Маслоўскі, Кацярына Інтарынава, Іван Вялічка, Мікалай Жукаў, Сцяпан Бусел, Васілій Падзіна, Антаніна Эмінава,  Барыс Чубрык, Вікенцій Шталь і іншыя нашы нераўнадушныя землякі. Многіх, на жаль, ужо няма сярод жывых. Шмат гадоў кіраваў раённай ветэранскай арганізацыяй Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк.
І сёння ветэранская арганізацыя аб’ядноўвае людзей, якім не ўсё роўна, што адбываецца навокал. Яны здольны захапіць уласнымі ідэямі моладзь і з цікавасцю далучаюцца да стваральных ініцыятыў. Шмат агульных інтарэсаў і задач у ветэранаў і членаў раённых арганізацый Беларускага саюза афіцэраў, ветэранаў вайны ў Афганістане.
Раённы савет ветэранаў цесна ўзаемадзейнічае з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, БРСМ, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі. Гэта дазваляе  ў тым ліку вырашаць розныя праблемы, з якімі звяртаюцца пажылыя грама-дзяне. Клапоцяцца пра ветэранаў у арганізацыях, на прадпрыемствах, дзе яны раней працавалі.
Сёння ў раённай арганізацыі налічваецца 7705 ветэранаў і 35 пярвічак. Пад пільнай увагай раённага савета, пярвічных ветэранскіх арганізацый – сацыяльная абарона ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваных да іх асоб, сацыяльна-бытавыя ўмовы ветэранаў вайны і працы, арганізацыя вольнага часу пажылых людзей, стварэнне ўмоў для рэалізацыі іх творчых здольнасцяў. Для развіцця ініцыятывы пярвічак праводзяцца агляды-конкурсы на лепшую пярвічную ветэранскую арганізацыю, ветэранскі актыў абменьваецца вопытам работы.
Раённы савет ветэранаў працягвае старыя і стварае новыя традыцыі. Культурна-масавыя, ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы не абыходзяцца без удзелу нашых ветэранаў. Яны – ганаровыя госці на ўроках мужнасці ў школах, прымаюць удзел у сустрэчах пакаленняў, працоўных дэсантах, патрыятычных аўта- велапрабегах і паходах па месцах баявой славы.
Цяжка пераацаніць ролю і значнасць у патрыятычным выхаванні, умацаванні сувязі паміж пакаленнямі народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна”, справы і творчасць якога добра вядомы землякам.
Безумоўна, вялікае значэнне для дзейнасці арганізацыі мае пастаянная ўвага мясцовых органаў улады, сяброўскае плячо ўстаноў, арганізацый, прадпрыемстваў. Мы  знаходзім разуменне і падтрымку ў раённым выканаўчым камітэце, раённым Савеце дэпутатаў. Цеснае ўзаемадзеянне наладжана з аддзеламі адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, іншымі службамі.
Вельмі прыемна, што многія прадпрыемствы знаходзяць магчымасць падтрымліваць ветэранаў матэрыяльна. Сярод найбольш актыўных спонсараў ветэранскай арганізацыі – малочны  і кансервавы заводы, завод “Металапластмас”, “Ляхавічыдрэў”, “Трансэлектракамплект”, “Інтэрлак”, ільнозавод, аўтацэнтр “Вікторыя”, “Шлях новы”, прыватныя прадпрыемствы “ЛП Лотас”, “Белгранітсэрвіс”, прадпрымальнік Віктар Яраш. Дзякуючы ім, становяцца  рэальнымі розныя праекты, аказваецца канкрэтная дапамога землякам, якія маюць у гэтым патрэбу.
Мікалай ЮРУЦЬ,
старшыня раённага
савета ветэранаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *