Выратавалі пажарныя і суседзі

Спалучэнне сонца і шкла прывяло да ўзгарання

10 сакавіка познім вечарам жыхар Зубелевічаў  прыбег да аднавяскоўцаў з просьбай вызваць пажарных. Калі выратавальнікі  прыбылі на месца здарэння, гарэлі веранда, кухня і  спальня ў ягоным доме. Агнём пашкоджаны дах, пакоі і маёмасць. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў бяспекі пры эксплуатацыі печы. Высветлілася, што вечарам мужчына павесіў    ля яе сушыцца  адзенне. Затушыць агонь самастойна не атрымалася. З тэрмічнымі  апёкамі  вясковец  быў шпіталізаваны ў райбальніцу.

Праз 4 дні Зубелевічы зноў трапілі ў зводкі надзвычайных сітуацый. Напачатку шостай  гадзіны раніцы пільныя суседзі патэлефанавалі на нумар 101: гарыць піларама, якая  належыць прыватнаму гандлёва-вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству.  Агнём   пашкоджаны дах на плошчы 130 квадратных метраў, дрэваапрацоўчы станок. Прычына пажару ўстанаўліваецца.
У гэты ж дзень каля 14 гадзін пажарныя машыны імчалі па цэнтральнай вуліцы Ляхавічаў. Як паведамілі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, здарэнне адбылося ў доме 46а, у кватэры на другім паверсе. На падаконніку балкона стала тлець ануча, якая ляжала каля слоіка з вадой. У сонечны дзень шкло  спрацавала як лінза – тканіна пачала дымець. Суседзі з сумежнага балкона разбілі шкляную    перагародку і затушылі крыніцу небяспекі. Прыбыўшыя выратавальнікі пераканаліся ў адсутнасці ўзгарання і дачакаліся гаспадара кватэры, з якім правялі гутарку  па  бяспецы  жыццядзейнасці.
Са зводкамі РАНС знаёмілася Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *