Транзітны пункт

У шэрагу іншых сезонных сельскагаспадарчых клопатаў уборка цукровых буракоў займае найбольш важнае месца. З дня старту кампаніі мінуў месяц, прой- дзена прыкладна трэцяя частка дыстанцыі. Ужо ці яшчэ? Катэгарычныя акцэнты расстаўляць не варта, ды і вызначыцца не прос-та. Тым больш, што сярэднераённыя 30 працэнтаў убраных плошчаў ніякім чынам не характарызуюць сітуацыю па кожнай з 4 сёлетніх нашых гаспадарках-буракаводах: ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” і СВК “Шлях новы” з задачай справіліся напалавіну, “Жарабковічы” – працэнтаў на 20, а СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” меў намер у другой частцы гэтага тыдня толькі стартаваць. Уласным буракаўборачным камбайнам конькаўскія аграрыі пакуль не разжыліся, каб арандаваць, даводзіцца падстройвацца пад графікі іншых.
Аднак уборка – толькі адзін з этапаў. У працэсе трансфармацыі ў канчатковы прадукт салодкі караняплод праходзіць дастаткова доўгі, тэхналагічна няпросты шлях, на якім знахо-дзіцца таксама месца і для транзітнага прыпынку. У якасці апошняга можна згадаць буракапрыёмныя пункты, арганізаваныя заводамі-перапрацоўшчыкамі ў раёнах ці рэгіёнах вырошчвання цукровага караняплода.
Ляхавіцкі буракапрыёмны пункт ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” пачаў сезон 1 верасня – адначасова з уборкай караняплодаў у гаспадарках раёна. І хоць, у адрозненне ад апошніх, працуе ў адну змену, паспеў “пераварыць” каля 15 тысяч тон салодкіх караняплодаў. Што азначае — прыняць і перагрузіць з аўтамабільнага транспарту ў чыгуначныя вагоны. Пры гэтым адбываецца даачыстка: у працэсе праходжання па сістэме канвеераў буртаўкладчыка бурак аўтаматычна “скідвае” з сябе наліпанні грунту, адбываецца сепарацыя раслінных і іншых уключэнняў. Дарэчы сказаць, аддзелены такім чынам грунт, паколькі ўяўляе сабой урадлівы слой глебы, даволі каштоўны. Назапашваецца і вяртаецца назад, на сельскагаспадарчы палетак.
Штодзённая прадукцыйнасць буракапрыёмнага пункта “вагаецца” ў межах 420–450 тон і мае дакладную прывязку да графіка работы непасрэдна завода-перапрацоўшчыка. У адпаведнасці з магчымасцямі ці ўласнымі планамі, ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” кожнаму са сваіх прыёмных пунктаў даводзіць канкрэтнае адносна аб’ёмаў паставак заданне. Пад яго выдаткоўваецца і пэўная колькасць чыгуначных вагонаў. У нашым выпадку іх прыходзіць 8 штодня. Для раёна гэтага недастаткова, аднак жа, графік ёсць графік.
Як зазначыў начальнік буракапрыёмнага пункта Віталій Траццяк, у выпадку, калі машыны прыбываюць адна за адной, для поўнай загрузкі вагона хапае 30–35 хвілін. Буртаўкладчык – агрэгат дастаткова высокапрадукцыйны. Яго прывад, дарэчы сказаць, ажыццяўляецца ад вала адбору магутнасці ДТ-75. Цікавы момант: падобны гусенічны агрэгат даўно не даводзілася бачыць у рабоце, магчыма, гэта апошні падобны агрэгат у раёне.
Нельга не сказаць пра якасныя характарыстыкі сёлетняга ўраджаю цукровых буракоў. Па меркаванні Віталія Траццяка, яна выгадна адрозніваецца ад мінулагодняй. І што тычыцца засмечанасці буракоў, і ў дачыненні паказчыка іх цукрыстасці. Зараз цукрыстасць “сярэдняга” раённага бурака даволі заметна перавышае базавыя 16 працэнтаў. Гэта азначае, у тым ліку, і што заліковая маса набывае некалькі іншую – большую – важкасць у параўнанні з фізічнай. Для гаспадарак – дадатковы плюс.
Сезон салодкіх нарыхтовак працягваецца. Працягваецца ён і для работнікаў буракапрыёмнага пункта. Іх, дарэчы, разам з начальнікам усяго 4.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *